Аляксандр Гелагаеў «Патрыёт горш за ісламскіх тэрарыстаў»? Як не стаць ахвярай махляроў у інфармацыйнай прасторы

гісторык, вайсковы аглядальнік

Аляксандр Гелагаеў – пра тое, як гэта важна – не давяраць кожнай інфармацыі ў сеціве і думаць сваёй галавой.

Сёння зайшоў у Facebook пачытаць, пра што размаўляюць сябры і знаёмыя, ды са здзіўленнем убачыў паведамленне аднаго з іх:

«Тэрарызм ісламскага толку складае толькі 9 % тэрарыстычных актаў (у тым ліку незавершаных і папярэджаных), якія адбыліся ў Еўропе ў 2016 годзе, паведамляе Newsweek. Большасць актаў тэрору былі здзейсненыя прыхільнікамі этнанацыяналістычных і сепаратысцкіх ідэй у Францыі, Паўночнай Ірландыі і Іспаніі».

Як цікава, падумаў я – а я ж і не чуў пра гэткае развіццё еўрапейскага сепаратысцкага тэрарызму! І гэта пры тым, што большасць заходніх мэйнстрымных медыяў дакладна нельга лічыць абаронцамі нацыяналізму ў Старым Свеце.

Каб нацыяналісты ў Еўропе так заткнулі джыхадыстаў* за пас, будзьце ўпэўненыя, толькі пра гэты тэрарызм мы б толькі і чулі. Але чамусьці не чуем. Добра, вырашыў я, пайду пашукаю гэты самы Newsweek і пагляджу, адкуль жа ён гэтую дзіўную статыстыку ўзяў.

*Джыхад – панятак з ісламу, які азначае рэлігійную вайну супраць іншаверцаў.

У пошуках першакрыніцы

Мой інтэрнет-знаёмы – чалавек шчыры, калі ў яго спыталі, адкуль такія навіны, ён паставіў спасылку. Гэта аказалася публікацыя на сайце польскага выдання Newsweek, і там сапраўды было напісана, што «ледзьве 9 % усіх тэрарыстычных актаў складаюць атакі джыхадысцкага падполля».

Спасылка з польскага Newsweek вяла на партал Uchodźcy.info.pl, які, як піша выданне «паўстаў у траўні 2016 году як самая вялікая польскамоўная крыніца інфармацыі на тэму ўцекачоў і міграцыйнага крызісу».

Ідзем на Uchodźcy.info.pl, дакладней на ягоную Facebook-старонку, дзе апублікаваны допіс «Тэрарызм і кіраванне жахам». Бачым там своеасаблівы катэхізіс – пытанні быццам бы ад імя чытача, на якія даюцца адказы: «Колькі было тэрарыстычных актаў у Еўразвязе ў 2016 годзе? Колькі асобаў загінула ў выніку тэрарыстычных актаў?» І гэтак далей.

«Хто арганізоўваў тэракты?», – пытаецца партал. І сам адказвае: у 70 % выпадкаў – нацыяналісты і сепаратысты, у 19 % – ультралевыя (камуністы і анархісты), у 9 % – ісламісты, у 1 % – ультраправыя.

Пры гэтым Uchodźcy.info.pl спасылаецца на дадзеныя дакладу Еўраполу – Бюро Еўразвязу па супрацы праваахоўных органаў, які кожны год збірае статыстыку па крымінальнай злачыннасці і тэрарызму ў краінах-сябрах Звязу.

Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса

Чамусьці канкрэтнай спасылкі на афіцыйны дакумент там не было, але мы знойдзем і самі. Вось ён – даклад «Сітуацыя і тэндэнцыі ў тэрарызме ў Еўрапейскім звязе 2017» (EUROPEAN UNION TERRORISM SITUATION AND TREND REPORT 2017) Адзначым, што даклад ад гэтага году, але прыводзіць ён статыстыку за год 2016.

Што ж мы там бачым? У Еўропе ў 2016-м адбыліся 142 паспяховыя ці беспаспяховыя спробы тэрактаў. З іх 99 – гэта сапраўды сепаратысты з Паўночнай Ірландыі, Францыі і Іспаніі (то бок ірландцы, баскі і карсіканцы). І ісламісты сапраўды здзейснілі «усяго» 13 спробаў тэрарыстычных атак.

Аднак, з гэтых 13 спробаў тэрактаў 10 былі паспяховымі. І калі ўсяго ад актаў тэрору ў Еўропе загінулі 142 чалавекі, то менавіта гэтыя 10 ісламісцкіх атак забілі 135 чалавек – то бок менавіта ісламісты нясуць адказнасць за 95 % усіх забітых тэрарыстамі ў Еўразвязе.

Пры гэтым, калі тыя ж паўночнаірландскія сепаратысты маюць за мэту «паліцыю, турэмную ахову і вайскоўцаў» ці сваіх ворагаў з такіх жа праангельскіх груповак у Ольстэры, як гаворыцца ў дакладзе Еўраполу, то ісламісты мэтанакіравана забіваюць у тэрактах звычайных мірных людзей. Такім чынам нельга параўноўваць джыхадысцкі тэрор з еўрапейскім сепаратысцкім, які ўсё ж прытрымліваецца пэўных маральных межаў.

Дадамо, што хоць агульная колькасць арыштаў за тэрарыстычную дзейнасць трохі скарацілася, то арышты за ісламісцкі тэрарызм павялічваюцца кожны год – 395 у 2014 годзе, 687 у 2015 годзе, 718 у 2016 годзе. Ісламісты ў выніку складаюць больш за 70 % усіх арыштаваных за тэрарызм.

Практычна ўсе гэтыя лічбы дзіўным чынам засталіся без увагі журналістаў Newsweek і актывістаў Uchodźcy.info.pl. Паводле іх, тое, што мы жывем у часе дамінавання ісламскага тэрарызму ў Еўропе – няўпраўда.

Ну дакладна як у показцы, калі муж бачыць жонку ў ложку з каханкам: «Каму мне верыць – сваім бессаромным вачам ці сумленнай жонцы?».

Сем раз правер

Найбольш яскрава сістэматычная і свядомая вайна супраць праўды прыйшла ў Беларусь пасля 2014 году, праз экраны тэлебачання, якое дагэтуль транслюе расейскія каналы, праз забіты фейкамі інтэрнэт. З 2014 году ніхто так і не выбачыўся за распальванне нянавісці. Гэтая вайна працягваецца.

Аднак ідзе і іншая, менш заўважная і больш прыймальная для часткі «прагрэсіўнай» левай інтэлігенцыі ці ўладаў інфармацыйная вайна – вайна супраць хрысціянскіх каштоўнасцяў, супраць еўрапейскага патрыятызму, супраць жадання захаваць аблічча і традыцыі свайго народу.

Мы бачылі такое нядаўна і ў Беларусі, і падчас апошняй кампаніі па выбарах прэзідэнта ЗША.

Нездарма, тое ж самае польскае выданне Newsweek, якое без ваганняў перапосціла хлусню з мэтай ачарнення еўрапейскіх нацыяналістаў і зніжэння ўвагі да ісламскага тэрарызму, раней агітавала і за шлюбы гомасексуалістаў, і за права на аборт.

Думаць сваёй галавой, ставіцца крытычна да любой інфармацыі ў сеціве, правяраць крыніцы і факты двойчы і тройчы – вось адзіны рэцэпт таго, як не стаць інвалідам інфармацыйнай вайны. Калі бачыце, што блізкі чалавек стаў такой ахвярай, то дапамагайце яму вярнуцца да праўды.

Трымайцеся праўды, бо толькі праўда зробіць вас вольным.

Аляксандр Гелагаеў

іншыя запісы
Каментары