Аляксандр Гелагаеў «Парадны канфлікт»: паміж вонкавым пацыфізмам і дзікім прапарам

гісторык, вайсковы аглядальнік

Некалькі апошніх дзён у беларускім інтэрнэце працягваецца дыскусія пра ваенны парад на 3 ліпеня, якая асабліва актывізавалася пасля інцыдэнту з танкам Т-72, што збіў слуп на праспекце Незалежнасці.

Людзі задаюцца пытаннямі: ці варта ўвогуле праводзіць парады ў адносна небагатай Беларусі, якім чынам і ў якім месцы іх праводзіць.

Сюжэт «Белсата» пра здарэнне

Не алею, а сапраўднага авіяцыйнага керасіну падліў у спрэчку сумнавядомы палкоўнік Уладзімер Макараў – афіцыйны прадстаўнік Мінабароны, які назваў тых, хто выступае супраць параду «ідэйнымі нашчадкамі Вільгэльма фон Кубэ», кіраўніка Генеральнага камісарыята «Беларусь» падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 гадоў.

Згодна з савецкай версіяй гісторыі вайны, Кубэ зʼяўляецца «катам беларускага народу», якога савецкія падпольшчыкі забілі за ягоныя злачынствы ў 1943 годзе. Такім чынам, Макараў прыраўняў крытыкаў параду да нацыстскіх забойцаў мірнага насельніцтва. Зараз Макараву пагражаюць судом за падобныя выказванні.

Паспрабуем разабрацца, чаму ж вялікая частка грамадства гэтак рэзка адмоўна выказваецца пра вайсковы парад у Менску?

Савецкі дыназаўр заблукаў паміж «фонам» і «не-фонам»

Сапраўдную прафесійную непрыдатнасць прадэманстраваў Уладзімер Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны.

Палітрук яшчэ з савецкіх часоў, Макараў у мінулым ужо дэманстраваў, што не ведае беларускай, у тым ліку вайсковай, гісторыі, жыве не ў беларускай, а ў нейкай чужой і міфічнай інфармацыйнай прасторы. Але гэтым разам гадаванец Галоўнага палітычнага ўпраўлення Савецкай Арміі паказаў, што не ведае і гісторыі Другой сусветнай вайны ў Беларусі, якая ў прынцыпе зʼяўляецца грунтам сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі.


Уладзімір Макараў

Па-першае, Вільгэльм Кубэ не быў «фон», бо не належаў да нямецкай шляхты. Каб пра гэта даведацца, можна адкрыць беларускі падручнік сярэдняй школы, калі таварыш палкоўнік не чытаў спецыялізаваных выданняў па гісторыі вайны ў Беларусі, хаця б і савецкага часу. Відаць, гэты афіцэр ніколі гісторыяй Беларусі не цікавіўся.

Па-другое, мы не ведаем меркавання Кубэ наконт парадаў – ён не праводзіў іх, бо проста не кіраваў ніякімі вайсковымі часткамі на тэрыторыі Беларусі. Аднак падчас нямецкай акупацыі Беларусі парады праводзіліся неаднаразова – у тым ліку ў той час, калі Кубэ быў жывы.

Фота з нямецкага параду 23 красавіка 1943 году ў Менску. Фон Готберг стаіць злева.

Але нам дакладна вядома, што адзін сапраўдны ваенны злачынец, які кіраваў і знішчэннем жыдоў, і карнымі аперацыямі, быў зусім не супраць парадаў. Гэта быў генерал СС Курт фон (у дадзеным выпадку сапраўдны «фон») Готберг, камандуючы сіламі войск СС і паліцыі ў Беларусі.

Дарэчы, менавіта фон Готберг быў ідэйным праціўнікам Кубэ – Кубэ самі эсэсаўцы ва ўнутраным ліставанні лічылі «абаронцам жыдоў» і неабачлівым прыхільнікам беларускіх нацыяналістаў. На якім баку гэтага супрацьстаяння Макараў, чый ён спадкаемца, ці ведае палкоўнік-ідэолаг увогуле пра гэтыя гістарычныя факты – таямніца.

У выніку сваёй рэплікай афіцыйны прадстаўнік Мінабароны паказаў, што праз свой агрэсіўны антыінтэлектуалізм і стыль прапаршчыка з фільма «ДМБ» ён не можа выбудаваць адэкватны дыялог з грамадствам. Замест таго, каб шукаць кропкі згоды, тлумачыць сваю пазіцыю, палкоўнік толькі павялічвае антаганізм, абʼяўляе крытыкаў злачынцамі і ворагамі, у цэлым псуе вобраз беларускай арміі і афіцэрства.

Няшчасная выТАНКовасць

Выпадак з танкам у Менску хоць і выклікаў жарты і занепакоенасць, аднак у цэлым мае толькі ўскоснае дачыненне да пытання, ці варта праводзіць маштабныя і гучныя ўрачыстыя маршы войскаў і тэхнікі па вуліцах гарадоў.

Наколькі вядома, танкі, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, бронетранспарцёры і баявыя машыны пяхоты ездзяць па Менску шмат гадоў, і пакуль аніводны чалавек ад іх не пацярпеў, а вось ад цывільнага аўтамабільнага руху – тысячы. Аднак ніхто па гэтай прычыне не забараняе аўтамабілі.

Што ж такое вайсковы парад? Гэта ўрачысты праход войскаў, часта разам з баявой тэхнікай і авіяцыяй, які звычайна прымеркаваны да нейкай важнай гістарычнай даты ці падзеі, часам да завяршэння вялікіх вайсковых вучэнняў і нават рэальных баявых дзеянняў.

Танкі на парадзе ў Менску

Парад выконвае адразу некалькі карысных функцый – ён дэманструе сілу і дысцыплінаванасць арміі магчымым праціўнікам, падвышае ўпэўненасць нацыі ў сваіх сілах, служыць для таго, каб зацікавіць дзяцей і моладзь службай у арміі.

Усё гэта вельмі патрэбна ў Беларусі, якая апынулася паміж НАТО і Расеяй у сітуацыі, калі адносіны паміж Масквой і Бруселем значна пагоршыліся. Таксама беларускія генералы адзначаюць нізкую папулярнасць вайсковай службы сярод моладзі.

Аднак чаму грамадства, у тым ліку шмат прыхільнікаў зацятай абароны беларускай незалежнасці, выступаюць супраць параду на 3 ліпеня?

Армія з хворым сэрцам

Як на мой погляд, справа ў тым, што сама дата 3 ліпеня, а таксама і беларуская армія зараз практычна не дэманструюць сваёй сувязі з ідэяй беларускай незалежнай дзяржаўнасці. Афіцыйнай армейская прэса праслаўляе амаль толькі подзвігі савецкай арміі, практычна не выкарыстоўвае беларускую мову. Дзяржава ў цэлым не дэманструе прыхільнасці да абароны нацыянальнай культуры.

Сучаснае беларускае войска фактычна недалёка адышло па сімволіцы і ідэям ад сярэдняга постсавецкага стандарту – тыя ж зоркі, амаль тая ж форма, тыя ж пагоны, амаль тыя ж сцягі.

Каб разумець сэнс абароны сваёй незалежнасці, трэба адчуваць індывідуальнасць сваёй краіны – на гэтым павінна быць узгадаваная армія.

Грамадству ж, каб верыць у тое, што армія будзе бараніць сваю краіну, трэба візуальна, у тым ліку на парадзе, бачыць нацыянальную індывідуальнасць сваёй арміі – у сімволіцы, мове, сцягах.

Калі грамадства гэтага не бачыць, яно і задаецца горкімі пытаннямі. Спачатку: «А навошта нам гэтыя парады?» Потым гэта можа пераўтварыцца ў самазабойчае: «А навошта нам гэтая армія?»

Тое, што звонку выглядае як недарэчны пацыфізм і сквапнасць («Асфальт псуюць!») – на самой справе прыхаваны недавер грамадства да сваёй арміі, няўпэўненасць у тым, што гэтая армія без нацыянальнага твару будзе бараніць сваю нацыю.

Кветка для жаўнера

Аднак, якім бы прыкрым зараз не быў вобраз беларускай арміі, грамадства павінна разумець, што без яе Беларусь не можа існаваць. Так, афіцыйныя армейскія ідэалагічныя структуры няздольныя выконваць свае задачы, але гэта не значыць, што СМІ, блогеры, проста беларускія патрыёты павінны махнуць на сваю армію рукой.

Ідзіце на парад, ідзіце глядзець на рэпетыцыі параду і падтрымайце маральна сваіх абаронцаў, пакажыце, што не чыноўнікаў, а менавіта вас яны павінны бараніць, і вы ўдзячныя сваім жаўнерам і афіцэрам за гэта.

Перамажыце мерцвякоў савецкай антынацыянальнай прапаганды сваёй жывой асабістай павагай і прыхільнасцю да беларускага вайскоўца. Вітайце і дзякуйце вайскоўцам за службу Беларусі не толькі ў свята, але і кожны дзень – на вуліцы, у метро, у аўтобусе.

Пакажыце ваярам, што народ любіць, цэніць і хоча бачыць іх на сваіх вуліцах – і людзі са зброяй адкажуць гатовасцю паміраць за сваю краіну.

Скажыце «Дзякуй!» і падарыце жаўнеру кветку з вышыванай стужкай.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары