Максім Чыгунка Памятай, турыст: падарожжы па Еўразіі пагражаюць здароўю

публіцыст

Столькі было энтузіязму пасля адмены візаў для тых, хто едзе ў Горадню або ў Менск. Здавалася, нарэшце ўсё ідзе ў правільным кірунку, і фактычна ўлады Беларусі зразумелі, што турызм нясе фінансавыя выгады і робіць прамоцыю дзяржаве.

На жаль, толькі да моманту, калі адзін хіпстэр вырашыў перасекчы мяжу, каб прагуляцца па Зыбіцкай і Кастрычніцкай. На жаль, у ягоным заплечніку заваляўся адзін патрон да пісталета, а сам ён – што яшчэ горш – аказаўся ўладальнікам велічнай барады. Мытнікаў да пільнага агляду натхніла, як казалі падчас працэсу «барада гэтага грамадзяніна».

Француз па сваім глупстве паказаў патрон мытнікам, але гэта не выратавала яго ад двухмесячнага арышту. А цяпер можа атрымаць сем гадоў зняволення.У найлепшым выпадку будзе вымушаны заплаціць больш за 3,2 тыс. еўраў штрафу – значная сума таксама і для Францыі. Аднак з палёгкай зробіць гэта і больш ніколі ў жыцці не вернецца ў Беларусь.

Беларусь, як сказаў бы Ленін, зрабіла ў прамоцыі турызму крок наперад – адмяніўшы візы для турыстаў, якія едуць у Горадню ды Менск. Адначасова зрабіла два, а, можа, і сто крокаў назад, так востра абышоўшыся з французам. Бо заходні турыст, які даўно адвык ад памежнага кантролю, часцей за ўсё нават не задумваецца над тым, ці мае пры сабе нешта патэнцыйна нелегальнае ў іншай краіне. А ў гэтым выпадку маштаб кантрабанды – сапраўдная дробязь.

Калі б ён перавозіў скрыню з боепрыпасамі. Калі б гэта адбывалася ў краіне, у якой закон уводзіцца ў жыццё незалежнымі судамі. Але мы кажам пра Беларусь, дзе прысуды выдаюцца пасля тэлефанавання – і хапіла б аднаго тэлефанавання з адміністрацыі кіраўніка краіны, каб чалавек назаўтра выйшаў на волю.

Гэтага не адбылося, і свет са здзіўленнем назірае, як невінаваты чалавек гніе ў камеры. Адбываецца гэта ў краіне, дзе па вуліцах свабодна ходзяць альбо атрымліваюць мінімальныя прысуды ўдзельнікі сепаратысцкіх груповак, што ваююць на ўсходзе Украіны. Да таго ж Беларусь такім чынам канфліктуе з Францыяй, адной з самых уплывовых краінаў ЕЗ. Дзеля якой справядлівасці? Ну, хіба толькі, калі француз будзе выкарыстаны дзеля нейкага гандлю з Захадам.

Беларусь падрыхтавала сюрпрыз і для турыстаў з Украіны. Гучны выпадак 19-гадовага ўкраінца, якога схапіла на тэрыторыі Беларусі расейская ФСБ і якога абвінавацілі ў тэрарызме. Гэта, у сваю чаргу, антыстымул для грамадзянаў паўднёвага суседу, таму што аказваецца, што на тэрыторыі Беларусі кіруе расейскае бязмежжа.

Гэтыя падзеі сігналізуюць, што калі «Беларуси умом не понять», то ты, турыст, трымайся на адлегласці. І так адбываецца, калі хочацца адначасова быць і ў Еўропе, і ў Азіі. На межах Беларусі трэба размясціць папярэджанне: падарожжа на свой страх і рызыку, можа прывесці да незваротнага пашкоджання здароўя і кішэняў.

іншыя запісы
Каментары