Аляксандр Фядута Няздача мандата

паліткансультант

Усё, хлопцы, назад ходу няма. У дзіцячым садку яшчэ выдатная показка была: «Рыбка плыве – назад не дае!». І колькі б супрацьлеглы бок не настойваў – «Рыбкава маці казала даваці!» – мы ж, дарослыя, ведаем, што ніхто нікому нічога не верне. Ні палітычнае дзявоцтва, ні дэпутацкі мандат.

Чаго вы ўсе, сябры мае і таварышы па няшчасці, якія акапаліся ў АГП, хочаце ад спадарыні Канапацкай? Каб гэтая не вядомая мне, але цалкам сімпатычная лэдзі здала свой мандат? Не здасць. Каб кіраўніцтва АГП, як тая самая «рыбкава маці», загадала ёй гэта зрабіць? Глупства. У дадзенай сітуацыі Канапацкай прасцей выйсці з АГП, чымсьці адмовіцца ад даверу выбарцаў, нават калі ён мае фармальны і сфальсіфікаваны характар. Таму што здасць сёння мандат – наступным разам хрэн яе хто абярэ.

Вось піша чалец АГП: «Канапацкая разваліла менскую гарадскую арганізацыю партыі!». Я не чалец партыі. Але ўпэўнены: развальваць не было чаго. А калі і разваліла, дык якім чынам партыя высунула яе кандыдаткаю на дэпутацтва, ды яшчэ ў акрузе з экс-кандыдаткаю на прэзідэнцтва? Проста – пагуляцца ў рыбку ды яе маці? Ну, пагуляліся. Нечакана для сябе перамаглі. Але высоўвалі ж, пэўна, як вартую даверу? Ці проста таму, што больш не было каго? Ці былі настолькі ўпэўненыя ў тым, што мандат дастанецца Караткевіч, што высунулі паводле прынцыпу «Бяры, Божа, што нам нягожа»? Тады гэта непавага да выбарцаў. І цынічнае выкарыстанне чалавека для вузкапартыйных мэтаў.

У тым, што ўкід (але больш правільна – прыпіскі, укідамі сёння ніхто не пераймаецца) усё ж такі на акрузе быў, у мяне сумневаў няма. Але АГП і без мяне ведала, што будзе менавіта так. Уся партыя. І ўдзельнічала ў цырку – таксама ўся партыя. Дык чаму цяпер – менавіта цяпер, а не да 11 верасня – асобныя яе чальцы абрынуліся з крытыкай на Канапацкую? Таму што ёй далі мандат, а іншым – не?

Ганна, не ўздумайце іх слухаць! Не здавайце мандата! Здасце – дурніцаю неадказнай будзеце!

Лепш падумайце, як яго выкарыстаць.

Па-першае, цяпер Вы можаце ў любы час дня і ночы, абмежаваўшыся паведамленнем, праводзіць на тэрыторыі сваёй акругі сустрэчы з выбарцамі, раздаваць ім легальна надрукаваныя ўлёткі, знаёміць з цікавымі людзьмі, праводзіць бясплатныя кансультацыі юрыстаў і г.д. Гэта – Вашае законнае права як дэпутата. І калі дапамагаць Вам у гэтым будзе недакрымінальнік Лябедзька – дык гэта Вашае права. А Анатоля Уладзіміравіча, прынамсі, не будуць цягаць па зямлі ды саджаць у кутузку за ўдзел у Вашай легальнай палітычнай дзейнасці. І ў гэтай якасці Вы можаце быць карыснай для УСЁЙ апазіцыі, калі ўжо Вы ад яе не адмаўляецеся.

Па-другое, вы маеце законнае права публікаваць справаздачы пра сваю дзейнасць, а аўтарскія артыкулы і г.д. на старонках парламенцкай «Народнай газеты». Які-ніякі, але наклад. Мінімальная, але галоснасць. Усё – не адна «Народная Воля» будзе пад рукою.

Па-трэцяе, Вы можаце абсалютна легальна рабіць запыты ў міністэрствы, ведамствы, выканкамы і нават – страшна падумаць! – грамадскія арганізацыі. І Вам абавязаныя адказаць. Гэта вельмі важна. Вы можаце крытыкаваць законапраекты ў прэсе. Вы можаце рабіць даступнымі для публікі падрыхтаваныя Вамі як юрыстам экспертызы паправак у заканадаўства, якія абмяжоўваюць нашыя канстытуцыйныя правы.

У рэшце рэшт, Вы і насамрэч можаце лабіяваць інтарэсы жыхароў сваёй акругі, так што калі сёння хтосьці і можа сцвярджаць, што выбары на ёй сфальсіфікаваныя, то праз пяць гадоў у іх такая магчымасць знікне – толькі працаваць трэба.

Паверце, гэта шмат.

Уяўляю Вашую ўсмешку: маўляў, Фядута з глузду з’ехаў, я і не збіраюся здаваць мандат!

Вось і слушна, вось і не здавайце! Толькі лухты не кажыце – пра тое, што і на прэзідэнцкіх выбарах Вашая партыя сябе пакажа. Яна сябе ўжо двойчы паказала – у 2010 і 2015 гадах. Дальбог, дастаткова.

іншыя запісы
Каментары