Аляксандр Гелагаеў Ніхто не забыты? Беларусы паказвалі мужнасць не толькі ў складзе савецкай арміі

гісторык, вайсковы аглядальнік

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай нашы продкі амаль не мелі магчымасці ваяваць пад уласнымі сцягамі – трагічна знікла тутэйшая вялікалітоўская дзяржаўнасць.

У выніку амаль 200 апошніх год сыны гэтай зямлі служылі ў расейскай, французскай, польскай, латышскай, летувіскай ды іншых арміях, выключэннем былі толькі перыяды паўстанняў, кароткі час аднаўлення Банапартам Вялікага Княства Літоўскага ў 1812 годзе, змагання за Беларускую Народную Рэспубліку, нацыянальнай антыбальшавіцкай партызанкі.


Дамінік Радзівіл у форме ўлана напалеонаўскай арміі.

Ненадзейная глеба

Аднак у сучаснай Беларусі на дзяржаўным узроўні ўшаноўваюцца амаль толькі беларусы, якія служылі ў Чырвонай і Савецкай (з 1946 году) арміях. Дагэтуль галоўныя звязаныя з войскам святы ў нашай краіне – 23 лютага, дзень стварэнне зусім не беларускай, а бальшавіцкай арміі, а таксама 9 траўня, 3 ліпеня – усе гэтыя даты маюць дачыненне толькі да савецкай арміі. Вы амаль не знойдзеце на старонках вайсковай газеты «Во славу Родины» згадак пра несавецкую беларускую ваенную спадчыну.

А гэта безварыянтна прывязвае светапогляд беларускіх вайскоўцаў да перыяду, калі Беларусь не была незалежнай і знаходзілася пад панаваннем Масквы, што падрывае каштоўнасць незалежнасці ў вачах грамадства ў цэлым. Адначасова аўтарытэт самой арміі аслабляецца тым, што яе, гадаваную на савецкай версіі гісторыі, многія не ўспрымаюць як надзейнага абаронцу дзяржаўнай самастойнасці беларускага народа.


Беларускі плакат з вядомым расейскім псеўдаветэранам Другой сусветнай вайны.

Вынік – недахоп матываваных ідэямі абароны беларускай дзяржаўнасці і добра адукаваных кадраў для войска, зніжэнне конкурсу ў вайсковыя ВНУ і вайсковыя факультэты цывільных навучальных устаноў.

Не трэба заплюшчваць вочы на абʼектыўны факт – савецкая гісторыя надзейна прыватызаваная Расеяй, як у вачах беларусаў, гэтак у вачах расейцаў і ўсяго свету. СССР і Савецкая Расея – сінонімы ў гістарычнай літаратуры і публіцыстыцы, і гэта адпавядае гістарычнай праўдзе, бо менавіта Масква цалкам кантралявала фармальна самастойныя «рэспублікі». Нават юрыдычна Расея зʼяўляецца адзінай пераемніцай СССР і займае месца СССР у Радзе бяспекі ААН.

Згадаць усіх

Сітуацыя патрабуе неадкладнага выпраўлення – і гэта зусім не патрабуе абвяшчэння нейкай анафемы беларусам, якія вызначыліся ў шэрагах савецкіх узброеных сіл. Проста варта ў афіцыйнай ідэалогіі арміі ісці за даўно абвешчанай у вонкавай палітыцы шматвектарнасцю.

Добры прыклад у гэтай сферы на мінулым тыдні падала Украіна, якая ўпершыню афіцыйна адзначыла Дзень аўстралійска-навазеландскага армейскага корпусу (ANZAC). Здавалася б, што агульнага ў нашых паўднёвых суседзяў з заморскімі краінамі?

Аднак шматлікія выхадцы з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы служылі ў гэтым фарміраванні, якое адзначылася мужнасцю ў баях Першай сусветнай войны і другіх канфліктаў, у якіх удзельнічала Аўстралія. Сярод анзакаўцаў былі і ўкраінцы, і беларусы, а значыць памяць гэтых людзей і іх мужнасць таксама вартыя шанавання.


Фота невядомага жаўнера АНЗАК.

Да таго ж зараз Дзень АНЗАК – нацыянальнае свята ветэранаў усіх войнаў у Аўстраліі і Новай Зеландыі, а супольнае святкаванне не толькі дапамагае больш поўна паказаць гісторыю нацыянальнай вайсковасці, але і спрыяе паляпшэнню іміджу краіны ў свеце, навязванню больш шчыльных дыпламатычных і культурных кантактаў паміж дзяржавамі і народамі, супрацы з мясцовай дыяспарай.

Адзначым, што ў 2015 годзе беларускае тэлебачанне ўжо зрабіла першы крок у патрэбным накірунку – тэлеканал АНТ паказаў дакументальны фільм «Беларусы ў Аўстраліі. Подвіг анзакаў».

Нарыс «Беларускія анзакі» апублікавала ў 2013 годзе гісторыі Алёна Говар з Канберы, паказаўшы як у лёсах людзей адбіваецца складаная гісторыя станаўлення беларускай ідэнтычнасці ў пачатку 20 стагоддзя.

Карысць і трываласць

Калі беларускія ідэолагі як агню баяцца ўшанавання дзеячаў беларускага нацыянальнага вайсковага руху ХХ стагоддзя ці паўстанцаў XVIII-ХІХ стагоддзяў, то яны маглі б акрамя апоры на спарахнелую савецкую спадчыну вывучаць і спрыяць шанаванню гісторыі беларусаў і ў іншых арміях – ад ЗША і Брытаніі да Ізраіля.


«Зважай» – часопіс беларускіх ветэранаў у Канадзе, які выдаваў ветэран 2-га польскага корпусу ў складзе брытанскай арміі Кастусь Акула.

Варта было б актывізаваць пошук ветэранаў і стварэнне ветэранскіх асацыяцый беларусаў у розных арміях – бо найбольш шанаваныя людзі сваіх краін, якія маюць беларускія карані, маглі б стаць новым тварам Беларусі ў свеце. Таксама іх можна афіцыйна запрашаць у Беларусь, каб яны, маючы досвед апошніх узброеных канфліктаў, выступалі з лекцыямі перад курсантамі беларускіх вайсковых ВНУ.

Вайсковая гісторыя Беларусі настолькі багатая, што не патрабуе небяспечнага балансавання на адной назе.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары