Аляксандр Тамковіч Незалежнасць – гэта…

публіцыст, пісьменнік

Адмыслова для дадзенага артыкула размаўляў са славутым пісьменнікам Уладзімірам Арловым і атрымаў дазвол на «лёгкі плагіят». Шчыра кажучы, іншага адказу я і не чакаў. І не толькі таму, што мы добра знаёмыя. Проста эсэ, якое дало назву гэтым нататкам, мог напісаць толькі высакародны чалавек.

А стварыць небяспечны для самага пачатку «ліхіх дзевяностых» тэкст было па сілах толькі вельмі смеламу чалавеку. Асабліва калі ўлічыць, што эсэ паявілася на свет за паўгода да знакамітага парламенцкага рашэння 27 ліпеня 1990, і напісаць падобнае маглі выключна тыя, хто ва ўсё гэта ШЧЫРА верыў.

Як казаў адзін «зніклы» палітык – ганаруся быць сучаснікам!

А зараз «плагіят», які настолькі «лёгкі», што ўмяшчаецца ў адну-адзіную фразу. Для мяне Незалежнасць – гэта, калі яе не святкуюць 3 ліпеня.

На мой погляд, выбар дня вызвалення сталіцы ў якасці нацыянальнага свята – не самы лепшы варыянт яшчэ і таму, што любое вызваленне заўсёды асацыюецца з захопам. Для Менску апошніх стагоддзяў падобных трагічных датаў было тры.

8 ліпеня 1812 года яго захапілі французы Напалеона, 16 лютага 1918 года – немцы Першай сусветнай вайны, а 28 чэрвеня 1941 года – немцы Другой сусветнай.

На апошнюю дату прапаную звярнуць асобую ўвагу. Перш за ўсё на тое, што Менск быў захоплены ворагам ужо на шосты дзень вайны, і святкаваць яго вызваленне, не ўспамінаючы пра гэтую чорную дату, мякка кажучы, нелагічна. Асабліва, калі ўлічыць, што сярод тых, хто вырашыў гуляць, нямала нашчадкаў персанальна вінаватых у жахах трохгадовай акупацыі.

Магчыма, прагучыць банальна, аднак у чалавечай гісторыі даволі часта гучным перамогам папярэднічалі не менш гучныя ганьбы…

Так чаму мы тады цешымся?..

Нагадаю таксама, што да сумнавядомага рэферэндума-1996, незалежнасць Беларусі шэсць з паловай гадоў афіцыйна святкавалі 27 ліпеня. У тым ліку і той, каго Нельга Не Называць.

Добра памятаю, як 27 ліпеня 1994 года ў Вялікай залі Дзяржфілармоніі на цудоўнай беларускай мове ён агучваў цудоўны тэкст. І наўрад ці тады нехта мог нават уявіць, што ў 2017 годзе ўсё ператварыцца ў парад керамінаўскіх унітазаў.

Ва ўсялякім выпадку ў падобнае не хацелася верыць, і ніхто тады не задумваўся, што прэзідэнтам краіны стаў чалавек, які ўзгаданы ў знакамітым эсэ толькі з нагоды адсутнасці ведання хоць якой-небудзь мовы…

Ніхто акрамя прыхільнікаў пазнякоўскіх ідэяў і… былой партыйнай наменклатуры. Першыя білі ў трывожныя званы, другія радасна чакалі.

Нагадаю, што інаўгурацыя «усенароднаабранага» адбылася 20 ліпеня 1994 года і з гэтай нагоды ў «Драздах» быў невялікі прыём для «сваёй каманды» і «усіх астатніх». Дзякуючы добрым адносінам з чальцом «сваёй каманды» сярод «усіх астатніх» выпала (у першы і апошні раз) быць і аўтару гэтых радкоў.

Згадалася, як тагачасны выканаўчы сакратар СНД Іван Каратчэня, чалавек добра ведаючы пра сутнасць наменклатурных інтрыгаў, наконт «сваёй каманды» тады задумліва агучыў: «Паглядзім, колькі вас застанецца праз пару гадоў».

Пра добравядомыя кадравыя пературбацыі ўспамінаць зараз няма сэнсу, бо «каков поп, такой и приход». Адзначу толькі, што з тых, хто прывёў да ўлады Самі–Ведаеце-Каго, сёння «наверсе»застаўся толькі Віктар Шэйман, а святкаванне незалежнасці яны перанеслі ў тым ліку і дзеля таго, каб яшчэ тады не пачалі святкаваць незалежнасць ад іх саміх…

А яшчэ таму, што Незалежнасць успрымалася імі як нешта чужое і выпадковае, зусім не тое, пра што напісана ў эсэ, якое сёння актуальна не менш, чым 27 год таму…

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары