Аляксандр Гелагаеў Непераможная Беларусь: памяць пра ахвяраў XX стагоддзя – і смутак, і гонар, і надзея

гісторык, вайсковы аглядальнік

У гэтыя дні ў канцы кастрычніка і пачатку лістапада беларусы згадваюць няволю і пакуты, у якіх жыў беларускі народ падчас савецкай акупацыі, з якой мы былі збаўленыя толькі ў 1991 годзе.

Два стагоддзі

Усяго 200 год Беларусь знаходзілася пад уладай чужынцаў – тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была захопленая Расейскай імперыяй у канцы XVIII ст. На Беларусь распаўсюдзіўся больш жорсткі расейскі прыгон, які набліжаўся проста да антычнага нявольніцтва, прымусовыя рэкруцкія наборы, падатковы цяжар – у разы больш вялікі, чым у расейскіх губернях.

Як каталікі лацінскага, гэтак і каталікі грэцкага абраду зазналі дыскрымінацыю і прыгнёт. У 1837 годзе была гвалтам знішчаная ў Беларусі Грэка-каталіцкая царква. Дзясяткі тысяч людзей удзельнічалі ў паўстаннях за незалежнасць супраць маскоўскай улады ў 1794, 1830 і 1863 гадах, за што плацілі сваім жыццём і свабодай, былі вымушаныя пакідаць Радзіму.


Ф. Штрайт. Спавяданнік прыгавораных на смерць. Крыніца – rosszuki.blogspot.com.by

У 1918 годзе Акт 25 сакавіка, які абвяшчаў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – першай нашай дзяржавы найноўшага часу, стаў надзеяй на тое, што наш народ зажыве вольна, аднак сілаў абараніцца нашым продкам не хапіла. Беларусь была падзеленая, і яе ўсходняя частка зазнала яшчэ горшую няволю, чым ранейшая.

З канца 1920-х гадоў і ў той частцы Беларусі, якая патрапіла ў склад СССР, пранесліся адна за адной некалькі хваляў масавых рэпрэсіяў. Людзей тысячамі забівалі і рабавалі, адпраўлялі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры і на выгнанне, прымушалі пакідаць Радзіму.

Палітычная правільнасць

Фізічнае знішчэнне людзей было часткай светапогляднай вайны супраць беларускага народу – па меркаванні камуністаў павінен быў паўстаць новы савецкі чалавек, мараль якога абумоўленая выключна матэрыяльнымі меркаваннямі.

Замест Бога гэты новы чалавек павінен быў зрабіць сабе ідала ў выглядзе камуністычнага вучэння, распаліць канфлікты паміж людзьмі і ставіць вышэй за ўсё палітычную правільнасць – «маральна апраўданае тое, што добра для партыі і пабудовы камунізму». Зараз гэты тэрмін вярнуўся да нас праз ангельскую мову ў трохі іншым выглядзе – «палітычная карэктнасць».

Вось што казаў Ленін на ІІІ з’ездзе Расейскага камуністычнага саюзу моладзі (будучага камсамолу) у 1920 годзе:

«Нашая мараль падпарадкаваная цалкам інтарэсам класавай барацьбы пралетарыяту. Нашая мараль выцякае з інтарэсаў класавай барацьбы пралетарыяту. Мы кажам: мараль гэта тое, што служыць разбурэнню старога эксплуататарскага грамадства і абʼяднанню ўсіх працоўных вакол пралетарыяту, які стварае новае грамадства камуністаў».


«Няхай жыве Чырвоны Тэрор» – камуністычны транспарант 1918 года. Крыніца – wikimedia.org

Хлусіць, калі гэта трэба для партыі – «палітычна правільна». Шантажаваць і запужваць дзеля перамогі камунізму – «палітычна правільна». Хаваць праўду, калі гэта трэба для палітычных мэтаў – «палітычна карэктна». У выніку дзеці павінныя былі здраджваць бацькоў, калі тыя выказвалі «палітычна няправільныя» думкі, сваякі – сваякоў, суседзі – суседзяў. Амаль цалкам былі знішчаныя ва ўсходняй Беларусі Каталіцкі касцёл і Праваслаўная царква. Памяць пра вучэнне Хрыста замінала новай маралі.

Толькі 29-30 кастрычніка 1937 году ў менскай турме было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Цудам тады не загінулі ад рук бальшавіцкіх катаў Якуб Колас і Янка Купала. Толькі ў адну ноч 1 лістапада 1937 году і толькі пад Гомелем бы расстраляна больш за 50 святароў і вернікаў.

А такія падзеі адбываліся па ўсёй краіне, які быў у новай, значна больш жорсткай, чым старазапаветная, «няволі егіпецкай». Масава гінулі самыя адукаваныя людзі – інжынеры, дактары, пісьменнікі, святары, перакладчыкі, якія маглі б падараваць нашаму народу нечуваныя дасягненні навукі і культуры.

Блізняты з Райху

У 1939 годзе нечуваны тэрор перакінуўся і на Заходнюю Беларусь, якая хоць стагнала пад польскім прыгнётам, падвяргалася асіміляцыі і дыскрымінацыі, але не зведала масавых забойстваў і катаванняў. Потым была самая жорсткая ў гісторыі вайна, новыя тысячы ахвяр – цяпер ад рук нацыстаў – і новае вяртанне савецкага панавання і рэпрэсіяў.

Мараль нацыстоўскай вярхушкі вельмі нагадвала камуністычную. Толькі замест ідала партыі і класавай вайны, быў ідал расы. У абодвух выпадках дабром было тое, што служыць ідалу.


Спалучэнне фотаздымкаў Леніна і Гітлера. Крыніца – boryanabooks.com

«Цалкам няправільна было б звяртаць да чужых народаў усю сардэчнасць нашай простай душы, наш добры нораў, наш ідэалізм… Для эсэсаўца павінен заўсёды дзейнічаць прынцып: быць сумленным, верным да людзей сваёй крыві, ставіцца па-таварыску да іх, але больш ні да каго… Без неабходнасці мы ніколі не будзем жорсткімі і бязлітаснымі, гэта зразумела. [Але] калі нехта прыйдзе да мяне і скажа: «Я не магу капаць супрацьтанкавы роў з дапамогай жанчын і дзяцей, гэта бязлітасна, бо яны гінуць пры гэтым», тады мне прыйдзецца адказаць: «Ты сам забойца ўласнай крыві, бо калі гэты роў не будзе выкапаны, загінуць нямецкія жаўнеры, а гэта дзеці нямецкіх матак»… Гэта тое, што я хачу прышчапіць СС і – як мне падаецца, ужо прышчапіў як адну са святарных запаведзяў на будучыню: мы маем доўг перад нашым народам і нашай крывёй. Усё астатняе павінна нам быць абыякава». (Прамова Генрыха Гімлера на нарадзе кіраўніцтва СС у Познані 4.10.1943.)

Нацызм праз яго злачынную палітыку прынёс вялізныя пакуты беларускаму народу. І менавіта антычалавечая сутнасць нацызму дапамагла Сталіну зноў апанаваць нашыя землі і іншыя краіны Еўропы.


Ікона з выявамі беларускіх ксяндзоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія адмовіліся пакідаць людзей, якіх спалілі жыўцом нацыстоўскія карнікі ў Росіцы ў 1943 годзе

Пра гэта прароча пісаў нямецкі нацыяналіст і ў будучым благаслаўлены кардынал Клеменс фон Гален ужо ў 1941 годзе: «Як немец, як сумленны грамадзянін, я патрабую справядлівасці! Калі гэты заклік застанецца непачутым і безадказным, калі праўленне справядлівасці не будзе адноўлена, тады наш нямецкі народ і нашая краіна – нягледзячы на гераізм нашых салдатаў і слаўныя перамогі – загінуць з-за ўнутранай гнілі і заняпаду».

Нацыстоўская палітычная карэктнасць, адмаўленне той справядлівасці, якая вышэй за матэрыю і кроў, прывяла нямецкую нацыю да сусветнай ганьбы і краху. На чарзе быў СССР…

Наша возьме!

Наступныя 40 год Беларусь і нармальная, хрысціянская мараль у ёй жылі амаль падпольна – лічаныя цэрквы і касцёлы заставаліся адчыненымі, усё менш людзей размаўлялі на роднай мове. З беларускай мовай чалавек не мог зрабіць ніякай сурʼёзнай карʼеры, толькі хаваючы сваю хрысціянскую веру можна было «выбіцца ў людзі» пад уладай камуністаў.

Аднак дзіўным чынам усё перамянілася ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў. Скрываўленая краіна, у якой заставалася жменька якія, якія марылі пра незалежнасць, выйшла з няволі і стала самастойнай. Трава прабілася праз бетонную падлогу расстрэльных калідораў.

Кліп «Сумнае рэгі» гурта Dzieciuki. TuzinFM

Увесь шматмільённы апарат савецкіх спецслужбаў, арміі, прапаганды аказаўся бездапаможным. Перад кім? Некалькі дзясяткаў, сотняў свядомых беларускіх патрыётаў, некалькі дзясяткаў хрысціянскіх святароў не маглі б супрацьстаяць спрактыкаванай у хлусні і тэроры машыне.


Паспяховая акцыя ў абарону Курапатаў. Вясна 2017 году. Фота Belsat.eu

«Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі», – звяртаецца да юдэяў Бог у Кнізе Зыходу, перад пералічэннем Запаведзяў.

Хто вызваліў знясілены камуністычнай прапагандай і гадамі тэрору беларускі народ? Бог, беларускія патрыёты, збег гістарычных абставінаў, сама машына зла развалілася пад цяжарам сваіх злачынстваў? Няхай на гэта адказвае кожны адпаведна сваім перакананням, для мяне як для хрысціяніна ўсе гэтыя адказы правільныя.

Гэтыя дні нагадваюць нам не толькі пра гора, але і пра тое, што нават пасля такіх нечуваных страт і трагедый Беларусь вярнула сабе свабоду. Зноў залуналі над краінай бел-чырвона-белыя сцягі, зноў бʼюць званы ў цэрквах і касцёлах.

І гэта толькі пачатак.

іншыя запісы
Каментары