Александр Федута Непазнаныя супрацоўнікі невядомых спецслужбаў

паліткансультант

У 2011 годзе, на пасяджэнні суда, дзе ў якасці падсуднага выступаў кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, адбылася падзея надзвычайнай важнасці.

Давалі паказанні міліцыянты, якія перагароджвалі шлях калоне на чале з чалавекам, за якога яшчэ каля гадзіны ішло галасаванне па ўсёй краіне і які меў намер ісці на Кастрычніцкую плошчу. Міліцыянты патрабавалі, каб ім паказалі для дагляду машыну з гукаўзмацняльнай тэхнікай.

Някляеў паказаць машыну для дагляду адмовіўся. Калона рушыла. І тады невядома адкуль зʼявіліся людзі ў чорным, якія зладзілі пабоішча. У іх міліцыя не прасіла паказаць дакументы, не была перашкодай на іхным шляху, не замінала ім ужываць сілу да мірных дэманстрантаў – у тым ліку, да кандыдата ў прэзідэнты. І на пытанне, чаму ўсяго гэтага не было, адзін з дапытаных сведак адказаў (не паручаюся за даслоўнасць, але сэнс перадаю дакладна):

– Мы вырашылі, што яны прадстаўлялі спецслужбы.

Гэта значыць, гэтыя асобы, што невядома адкуль узяліся, якія не мелі пры сабе ні пасведчанняў, ні форменнай вопраткі, бог ведае чаму былі, тым не менш, ідэнтыфікаваныя кадравымі супрацоўнікамі беларускай міліцыі ў якасці супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў.

Можа быць, таму, што гэта – практыка такая: людзі без форменнай вопраткі, без пасведчанняў маюць права (невядома, чаму і кім прадастаўленае) збіваць мірных грамадзянаў, а міліцыя, закліканая спакой гэтых грамадзянаў ахоўваць, сваю функцыю ў дадзеным выпадку не выконвае.

Чаму я пра гэта ўзгадаў. У ноч на 23 лютага група невядомых у масках і з бітамі нападае на абаронцаў Курапатаў. Аднаго з іх, Алеся Кіркевіча, наколькі можна меркаваць па фатаграфіях, збіваюць досыць моцна. Калі збітыя звяртаюцца ў міліцыю, пратакол складаецца на іх, а не на тых, хто іх біў. Тых, хто збіваў, зразумела, не знайшлі, а збітыя – вось яны, пад рукамі.

24 лютага на будоўлю, супраць вядзення якой на тэрыторыі Курапатаў як раз і выступаюць пратэстоўцы, прыбываюць невядомыя людзі ў чорнай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пачынаецца бойка з супернікамі будаўніцтва.

Міліцыя ніякіх мераў не прымае, хоць прысутныя «спецыялісты ў цывільным» вядуць запіс адразу на дзве камеры. Значыцца, ёсць магчымасць апазнаць тых, хто нападаў?

Думаю, іх ніхто не апазнае. Але калі дапытаць у судзе міліцыянтаў, хутчэй за ўсё – гэта толькі мая здагадка! – Мы пачуем тыя ж самыя словы:

– Мы вырашылі, што яны прадстаўлялі спецслужбы.

Якія? Невядома. Яны паказвалі пасведчанні? Не. У іх было прадпісанне начальства? Не. Тады чаму вы не ўмешваліся, каб абараніць абаронцаў Курапатаў?

Мне здаецца, людзі, якія збівалі Кіркевіча і яго таварышаў, на самой справе зʼяўляюцца супрацоўнікамі спецслужбаў. Не міліцыі. Але той спецслужбы, мундзір якой з гонарам апрануў на сябе міністр унутраных справаў суверэннай Рэспублікі Беларусь Ігар Шуневіч 9 траўня 2015 года.

Мундзір Лаўрэнція Берыя, Лаўрэнція Цанавы і мноства іншых катаў, пераемнасцю ў адносінах да якіх, мяркуючы па абсалютна абыякавых паводзінах міліцыянтаў і на вул. Калектарнай у Менску вечарам 19 снежня 2010 года, і цяпер у Курапатах, яго ведамства да гэтага часу ганарыцца.

Гэта, зразумела, – маё субʼектыўнае меркаванне. Можа быць, я памыляюся. Але ў такім выпадку хацелася б ведаць, каго і ад каго ахоўваюць супрацоўнікі ведамства генерал-лейтэнанта міліцыі Шуневіча ў Курапатах.

Чытайце таксама:

іншыя запісы
Каментары