Алесь Кіркевіч Некалькі заўвагаў па слядах нашумелага дакладу пра «пагрозу з Усходу»

журналіст, літаратар

Алесь Кіркевіч дзеліцца ўражаннямі пасля прачытання дакладу Арсенія Сівіцкага і Юрася Царыка «Аднабаковыя дзеянні Расейскай Федэрацыі ў дачыненні Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе».

Збольшага, для незалежніцкай публікі, якая разагрэтая пастаяннымі навінамі аб «расейскай пагрозе», там нічога новага няма. Разлік быў, імаверна, акурат на тое, што тэкст будзе прачытаны ў высокіх кабінетах ды прымусіць кагосьці сурʼёзна задумацца.

Агулам, справа шляхетная – у чарговы раз папярэдзіць улады аб тым, што на ўсходнім фронце не ўсё спакойна. Пададзеная інфармацыя – пра эканамічныя, палітычныя і сілавыя рычагі Расеі, якія тая ў хуткім часе можа выкарыстаць для «канчатковага вырашэння беларускага пытання» – карысная і своечасовая.

Пры гэтым, звярнуў на сябе ўвагу пункт пад назвай «Ультраправыя элементы».

Пасля прачытання напрошваецца некалькі высноваў:

  1. Беларускія фанаты шчыльна кантактуюць з расейскімі «калегамі», таму могуць быць выкарыстаныя для разгойдвання сітуацыі.
  2. Украінскі вопыт паказаў, што нацыяналісты (партыі, арганізацыі) супрацоўнічаюць са спецслужбамі, таму іх выкарысталі падчас Майдану для эскалацыі канфлікту.
  3. Любыя нацыяналісты – як прарасейскія, так і прабеларускія – гэта патэнцыйныя пачынальнікі беспарадкаў і вайны.

Дэманізацыя фанацкага руху ўслед за дзяржпрапагандай

Давайце па парадку. Адносна футбольных фанатаў, у сітуацыі з імі аўтары дакладу дапускаюць першую грубую памылку. У адрозненні ад мінулых гадоў, калі на сектарах «Дынама» можна было бачыць расейскія імперскія сцягі, зараз сітуацыя кардынальна змянілася. Прыхільнікі як «Дынама», так і «Тарпеда» (абодва клубы згадваюцца ў дакладзе) у абсалютнай большасці трымаюцца адназначнай прабеларускай незалежніцкай пазіцыі.

Гэтаму, між іншым, шмат у чым паспрыяў той жа Майдан, у якім футбольныя фанаты сыгралі далёка не апошнюю ролю. Нас жа аўтары дакладу хочуць пераканаць у тым, што беларускія фанаты – патэнцыйныя агенты Расеі ды носьбіты небяспечнай ультраправай ідэалогіі. У гэтым пытанні Царык і Сівіцкі цалкам ідуць на паваду дзяржпрапаганды і спецслужбаў, якія акурат пасля Майдану пачалі кампанію дэманізацыі фанацкага руху паралельна з рэгулярнымі вобшукамі, пасадкамі ды вярбоўкай яго актывістаў.

«Правы Сектар» пад кантролем СБУ?..

Праз аналіз украінскага досведу, аўтары пішуць пра СБУ ды Адміністрацыю Прэзідэнта, якія «курыравалі нацыяналістычныя арганізацыі, якія сталі галоўным інструментам уплыву на канфліктную дынаміку ўкраінскага крызісу з боку Расеі (найперш «Правы Сектар» і партыя «Свабода»)». Нічога ж сабе курыравалі, што Януковічу прыйшлося ў рэшце пакінуць і Адміністрацыю, і СБУ ды ўцякаць у Растоў!

Тут відавочнае перабольшванне і ўхіл у бок крайняй канспіралогіі. За такой логікай, ланцужок можна працягваць далей, маўляў, і Майдан Расея замовіла, і Жызнеўскага з Нігаянам самі майданаўцы забілі, а можа і нацыяналізм украінскі Масква прыдумала, каб была нагода страну-суседку захапіць… Думаю, што ані Царык, ані Сівіцкі са свечкай не стаялі, як кажуць, і сведчанняў пра падобны «кантроль» ды «куратараў» не маюць. Але, чамусьці, пішуць пра гэта як пра агульнавядомы факт – без аніякіх доказаў.

Не варта забывацца пры гэтым, што кантакт са спецслужбамі і кантроль спецслужбаў – розныя рэчы.

Ніхто не выключае, што нехта з нацыяналістаў меў падобныя кантакты, але не будзем забывацца, што Украіна – не Беларусь. Там нацыяналісты былі і дэпутатамі, і чыноўнікамі, і супрацоўнікамі спецслужбаў. Таму паралель недарэчная.

Калі не нацыяналісты, то хто?

Апошняя выснова пра нацыяналіста як ворага «апрыёры» – наагул трагікамічная. Атрымліваецца, што любая праява беларускага нацыяналізму – гэта патэнцыйная правакацыя, якая будзе выкарыстаная Масквой?

Дык можа нам і мовы выракчыся, і нацыянальнай сімволікі, і гісторыі – каб не раздражняць нікога?..

Калі аўтары дакладу так любяць спасылацца на ўкраінскі досвед, то зараз і сляпому відавочна, што ў самы цяжкі пераломны момант у першай палове 2014-га, калі расейская агрэсія на Усходзе і Поўдні Украіны толькі пачыналася, менавіта нацыяналісты стрымалі націск ворага: не войска, не СБУ, не вертыкальшчыкі.

Нацыяналісты першымі ехалі на фронт (часам, не залячыўшы раны, атрыманыя на Майдане), першымі разганялі маршы сепаратыстаў у Адэсе ды Харкаве, якія маглі паўтарыць лёс Данецку і Луганску, першымі арганізоўвалі валанцёрскі рух для падтрымкі дзяржаўнага войска, якое апынулася ў жалосным стане.

І што, хочаце сказаць, гэта ўсё агенты Крамля або «радыкальныя элементы, якія працуюць пад легендай як «антырасейскія», «празаходнія» і «нацыяналістычныя»?.. Даражэнькія, я разумею, што ва ўніверсітэтах цяпер не вучаць, што нацыяналізм – гэта здаровы інстынкт самазахавання нацыі, а значыць і дзяржавы, але глядзіце час-почас на факты з розных бакоў. У тым ліку – з правага!

Тлеючы канфлікт і нявырашаныя пытанні ў тылах

Цікава, што майго старэйшага калегу Аляксандра Фядуту, які выступіў з крытыкай дакладу са сваіх пазіцыяў, адразу пачалі цкаваць. Маўляў, яны ж (Царык і Сівіцкі) – гэта Рыхард Зорге, якога наш Сталін (самі ведаеце хто), не слухае, хоць тыя папярэджваюць пра 1941 год і злога Гітлера (вы здагадаліся…), які вось-вось нападзе. Усё слушна, ды ёсць свае «але».

Па-першае, так, незалежнасць для нас безумоўна перадусім. І ў сітуацыі пагрозы для яе варта забыцца на ўнутраныя крыўды ды амбіцыі, каб не згубіць краіну. Але, пры гэтым, нельга ўвесь час спасылацца на небяспеку з усходу і цалкам забыцца на ўнутраныя пытанні.

Такі падыход, на жаль, мы бачым ва Украіне, дзе людзям раяць забыцца і на масавую карупцыю, і на злодзеяў ва ўладзе, бо ідзе вайна і кожны факт нязгоды з дзяржпалітыкай «ідзе на карысць ворагу». Так можа цягнуцца бясконца доўга: тлеючы канфлікт і вечныя нявырашаныя пытанні ў тылах. Таму ўлада зацікаўленая ў тым, каб вайна на Ўсходзе ніколі не сканчалася

Не за Сталіна, а за Радзіму

Па-другое, калі далей гуляцца з сітуацыяй «Зорге-Сталін-Гітлер-1941», то варта ўзгадаць, што Сталін пасля пачатку вайны, які ён праспаў, прынамсі рабіў выгляд, што ідзе насустрач сваім колішнім апанентам. Чуткі пра роспуск калгасаў пасля канца вайны, уступкі ў бок Праваслаўнай царквы, вяртанне залатых пагонаў у войску… Бо была задача: уратаваць дзяржаву. Людзі пачулі гэтыя сігналы і пайшлі ваяваць – не за Сталіна, а за Радзіму.

Цымус у тым, што ў Аляксандра Рыгоравіча, у выпадку самага сумнага сцэнару, апісанага Царыкам і Сівіцкім, не будзе часу для развагаў пра «залатыя пагоны» ды «роспуск калгасаў» (з чым параўнаць? Магчыма, з дэкрэтам пра «дармаедаў»?..). Таму падобныя крокі як насустрач сваім колішнім ворагам, так і насустрач усяму народу (не больш, не менш), варта рабіць ужо сёння.

Інакш, у самым сумным выпадку, звяртацца да народу са словамі «Браты і сёстры…» наўпрост не будзе каму.

Алесь Кірковіч

іншыя запісы
Каментары