Святлана Калінкіна Не хочацца сыходзіць? Ёсць такое слова «Трэба!»

публіцыстка

Падзеі 2010 года, калі АМАП змалаціў дручкамі ўсе надзеі на паляпшэнне стасункаў Беларусі з Еўропай, у прынцыпе, адноўленыя.

Кіраўніцтва краіны і сілавых ведамстваў назірала за тым, што адбываецца з бункеру.

Людзі. Шмат. Проста жывы струмень на галоўным праспекце. Паўсюль бел-чырвона-белыя сцягі. У нейкі момант гэты сцяг вешаюць на флагшток будынку КДБ. Плошча незалежнасці. Ленін. Прамовы. Натхнёныя твары. У вачах надзея…

А ты ў бункеры. І табе страшна. Вельмі страшна.

У нейкі момант тагачасны кіраўнік Рады бяспекі Леанід Мальцаў кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, усё пад кантролем. Людзі пачынаюць разыходзіцца».

Але тут умешваецца тагачасны старшыня КДБ Вадзім Зайцаў: «Аляксандр Рыгоравіч, перахапілі званок з-за мяжы. Мітынгоўцы атрымалі загад заняць Дом Урада».

І панеслася…

Потым Зайцава знялі з пасады, адправілі нават не амбасадарам у Цьмутаракань, а кудысьці на «Космас-ТВ» сачыць за фантастычнымі серыяламі. Але справу ўжо зрабілі, завялі, і спыніць гэты махавік ніхто не здолеў.

Лукашэнка помсціў за свой страх.

Што здарылася цяпер? Хто і што падказаў недаверліваму правадыру ў адпаведны час і ў адпаведным месцы паўтарыць эфект ад фатальнай памылкі выбараў-2010?

Я згодная з усімі каментатарамі, якія кажуць, што Лукашэнка спалохаўся і таму зноў сарвала чаку. Але чаго ён спалохаўся? Майдана?

Дык людзі ў Беларусі выходзяць на акцыі пратэсту менавіта дзеля таго, каб Майдан не адбыўся. Выходзяць з лозунгам: «Сыходзь!» З Менску, Гомлю, Маладзечна, Бабруйску – адусюль, дзе прайшлі акцыі, – быў адзіны пасыл: «Сыходзь сам, без крыві, не даводзячы народ да белага гартавання, не даводзячы да Майдана».

Вельмі не хочацца сыходзіць?

Разумею. Але ёсць такое слова: «Трэба!»

У адваротным выпадку гл. біяграфію Януковіча і Бакіева.

Святлана Калінкіна, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары