Алесь Кіркевіч Міхал Вітушка і патрыёты «краіны ружовых адзінарогаў»

журналіст, літаратар

Не так даўно мінуў дзень нараджэння паўміфічнага камандантэ сучасных беларускіх нацыяналістаў Міхала Вітушкі.

«Паўміфічнага» не таму, што дакладна невядомыя дата і месца смерці персанажа, а таму, што маштаб асобы ўжо перарос рэальнага чалавека, але ператварыўся ў адзін з нацыянальных міфаў.

Камусьці Вітушка падабаецца – бо патрыёт, бо свой, бо ўзяў у рукі зброю ды не захацеў быць ахвярай НКУСаўцаў альбо чырвоных партызанаў. Камусьці не падабаецца – бо служыў у паліцыі, бо … узяў у рукі зброю ды не захацеў быць ахвярай.

Ахвяраў жа заўсёды любіць зручней: паставіў свечку і любі сабе, ніякіх абавязкаў.

Ізноў пачуліся абразы-праклёны ў бок Вітушкі, прычым не з боку праўладных СМІ, а з боку прагрэсіўнай нацыянальнай інтэлігенцыі, «гонару й сумлення нацыі»: «Ён жа ў нямецкай паліцыі служыў», «не мог жа не прымаць удзелу ў бясчынствах», «а ў чым жа ягонае геройства?» і г.д.

Так, служыў у паліцыі. Хаця б таму, што прадстаўнікам падняволеных народаў СССР, акрамя як у паліцыі, нідзе ажно да канца вайны служыць у ІІІ Райху і не можна было. Але гэта была адзіная магчымасць узяць у рукі зброю ды збіраць пад сваім кіраўніцтвам аднадумцаў, ствараючы касцяк будучага войска незалежнай Беларусі.

Гэта не трызненні, бо Вітушка быў сябрам нелегальнай Беларускай Нацыянальнай Партыі (БНП), якая дзейнічала ў занятай немцамі краіне, праводзячы сваіх чальцоў на адміністратыўныя і вайсковыя пасады, каб набрацца сілаў ды падняць паўстанне, зрабіўшы Беларусь вольнай.

Звычайная тактыка ва ўмовах акупацыі. Не з плакатамі ж ім было па плошчах стаяць і не пікеты ладзіць у 1943 годзе…

Кажуць, «не мог не прымаць удзелу…», будучы афіцэрам паліцыі. Маеце доказы – пакажыце. Бо калі доказаў персанальнай адказнасці Вітушкі за спаленыя вёскі ды растралянае мірнае насельніцтва нам усім не прадявіў пакуль КДБ (найбольш абазнаная ў пытанні структура, якой гэта было б выгодна), то можна сумнявацца ў існаванні такіх у прынцыпе.

А калі меркаванне пра «не мог не прымаць…» завочнае, то яно ж лёгка можа быць пастаўленае ў віну і… Васілю Быкаву. Маўляў, прызнаны ж факт масавых згвалтаванняў чырвонаармейцамі жанчын у Польшчы, Усходняй Прусіі, уласна Нямеччыны? Прызнаны. Значыць, і чырвонаармеец Быкаў «не мог не ўдзельнічаць». Глупства? Канешне, глупства. Бо судзяць па фактах, а не па дадумках разумнікаў у фэйсбуку.

Пытаюцца, «а ў чым гераізм?». Панове, тут наагул усё банальна. Калі чалавек апрануў вайсковы мундур і свядома пайшоў на рызыку за сваю краіну, з правам забіваць і адначасна быць мішэнню – гэта гераізм.

Калі далучыўся да батальёну «Дальвіц» у самым канцы вайны, каб скочыць з парашутам над Беларуссю і працягваць барацьбу з саветамі, калі ўсе беглі на Захад і ратаваліся, хто як можа, – гэта гераізм. Які ж гераізм Вам яшчэ патрэбны?

Дагаварыліся ўжо да таго, што папулярызацыю асобы Вітушкі палічылі «гэбэшным праектам», які мае скампраметаваць беларускі рух. Вельмі цікава, што б сказалі літоўцы, палякі або ўкраінцы, каб рэдактар нейкага паважанага выдання дазволіў сабе нешта падобнае выказаць адносна кіраўніка лясных братоў, байцоў АК альбо УПА? У рэдакцыі, як мінімум, вокны б павыляталі ў бліжэйшую ж ноч.

А чаму?

А таму, што літоўцы, палякі ды ўкраінцы будуюць свае нацыі на моцным падмурку, не адракаючыся ад сваіх герояў, якія не заўжды былі святымі анёламі ды блажэннымі пакутнікамі.

Такое ўражанне, што спрэчка ідзе зусім не пра Вітушку, але пра сам прынцып: права Нацыі збройна абараняць сябе і сваіх прадстаўнікоў. Міхал Вітушка, Зміцер Касмоіч, Барыс Рагуля, Янка Філістовіч і іншыя – прынамсі паспрабавалі. А ці здолеюць зрабіць нешта падобнае бяскрыўдныя аматары вышыванак альбо рэгулярныя наведнікі «Ў Бару» – пытанне рытарычнае.

Крыўдна, што гэтыя дыскусіі адбываюцца менавіта зараз, падчас вайны ва Украіне, канфлікту ў Сірыі, перманентнага ўзрастання градусу расейскага шавінізму ды пагрозы страты незалежнасці Беларуссю. Дык можа варта задумацца і спрабаваць быць патрыётам сваёй краіны, а не выдуманай «краіны ружовых адзінарогаў» у еўрапеізаваным цэнтры Менску, дзе заўжды ўтульна ды бясплатны вай-фай?

іншыя запісы
Каментары