Зміцер Ягораў Метамарфозы Лукашэнкі: «здаравяк», «еўрапеец», «міратворца»

рэдактар belsat.eu

Кіраўнік Беларусі дае інтэрв’ю медыя-холдынгу «Блумберг». Журналіст Раян Чылкот ужо сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам – у 2001 годзе. У архівах CNN можна знайсці скарочаную стэнаграму таго інтэрв’ю.

Размова адбылася праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі на Лукашэнку абрынулася хваля крытыкі. «Здаравяк, былы кіраўнік калгасу і апошні дыктатар Еўропы», – так у медыях прадстаўлялі чытачу кіраўніка нашай краіны. Тады на Захадзе спраўдзіліся найгоршыя прагнозы адносна Лукашэнкі: выбары сфальсіфікаваныя, у краіне дзеяць «эскадроны смерці», што забіваюць палітычных апанентаў. «Лукашэнка: Бацька ці дыктатар?» – яшчэ за дзень да інтэрв’ю задаваліся пытаннем у CNN.

«Вы думаеце, прэзідэнт можа замовіць забойства, кагосьці выкрасці і забіць? – перапытвае са смехам (!) Лукашэнка. – Гэта абсалютна немагчыма для еўрапейца зрабіць такое, а я лічу сябе еўрапейцам».

Сёння «еўрапеец» і «здаравяк» трымае за кратамі палітычных апанентаў, у тым ліку Міколу Статкевіча, свайго суперніка на прэзідэнцкіх выбарах. Агулам – шэсць палітвязняў. Старыя палітычныя выкраданні дагэтуль нераскрытыя. Ці ўзгадае пра гэта Раян Чылкот у размове з Аляксандрам Лукашэнкам? Ці, як і 14 гадоў таму, спытае пра «эскадроны смерці»?

Еўрапейцам у вачох Захаду за апошнія 14 гадоў Лукашэнка гэтак і не стаў. Затое цяпер ён можа прымераць мундзір галоўнага міратворцы, а сітуацыя вакол Украіны стане галоўнаю тэмаю інтэрв’ю.

Наўрацці кіраўнік Беларусі зможа сказаць штосьці важнейшае, чымся рэцэпт яешні для Пуціна. Але напэўна дасць зразумець, што ён даўно ўсё «прадбачыў» і «папярэджваў». І што «апошні дыктатар Еўропы» – не такі ўжо і кепскі.

іншыя запісы
Каментары