Алесь Кіркевіч Лёша Дзермант і дом з драконамі

журналіст, літаратар

Шырока вядомы ў вузкіх колах паганскі жрэц, аналітык і паборнік «Вялікага кастрычніка» Аляксей Дзермант сумуе па велічы і размаху, якіх нібыта няма ў Беларусі, затое ёсць у таталітарных ідэалогіях… Што з таго і каму гэта цікава?

У зборцы Ямамота Цунэтома «Схаванае ў лістоце» ёсць цікавы момант пра аматара драконаў, які некалі жыў у Кітаі. Дзівак любіў ды калекцыянаваў усё, звязанае з драконамі – абсталяваў свой дом іх выявамі, насіў адзежу з драконамі і г.д. Бог драконаў даведаўся аб гэтым, пашкадаваў небараку і паслаў да яго сапраўднага дракона.

Калі чалавек яго ўбачыў – памёр ад жаху.

Мне асабіста Дзермант вельмі нагадвае героя гэтага апавядання. Філосаф і аналітык на працягу ўсёй сваёй інтэлектуальнай кар’еры сумуе па драконах. Па якіх? Ды без розніцы, хоць бы па якіх. Спачатку па «карычневым» драконе, што выдатна чыталася ў часопісе Druvis ды «Сівер» 2000-х. Зараз – па «чырвоным» драконе, ускладаючы кветкі да неўміручага Ільіча 7 лістапада разам з «жывымі мерцвякамі» у будзёнаўках.

У чым прыкол?

Дзерманту заўжды не хапала велічы – беларускі кантэкст, з усімі караткевічаўскімі руінамі замкаў ды гнілымі мележаўскімі адрынамі, занадта дробны для мысляра – гэта ўсё не тое, інтэлігенцкае, надуманае, штучнае. Патрэбны размах, прадпрыемствы, трубы, заводы, «Родзіна-маць завёт», якія-кольвек увасабленні мараў пра гігантаманію і сацыялістычны подзвіг.

Але дзе Дзермант, а дзе тыя заводы? Калі аўтар неапралетарскага канцэпту апошні раз сам трымаў шуфлю ці кірку ў руках?.. Тое ж і з ягонымі зброеносцамі – Пятроўскім, Лазуткіным.

Нават візуальна з шуфлям ці трохлінейкай можна ўявіць хіба Шпакоўскага, фактурна падыходзіць. Але больш рэалістычна: з трохлінейкай за спінамі тых, хто працуе шуфлямі…

Зусім нядаўна, уся гэтая публіка падавалася малавядомымі гаварунамі, якія палівалі брудам «свядомых», «гей-ропу», цешыліся «разгрому нацыяналістычнага падполля» (гэта пра «Справу патрыётаў», калі што), але сёння яны ўсё больш заўважныя на дзяржаўным ТБ, з імі сябруе Гігін, яны прадстаўляюць Беларусь (!) на расейскіх ток-шоу. Свет змяняецца, гаваруны стаюць запатрабаванымі – хаця б на нейкі момант.

Дзермант, Пятроўскі, Гігін і Шпакоўскі на расейскім ТБ

Цікава толькі, што гэтыя таварышы будуць рабіць з драконам, якога самі ж заклікаюць сваймі мантрамі (Дзермант, як былы жрэц, ведае гэтую справу…)? Бо калі ты будуеш дом для дракона – няхай і на вербальным узроўні – рана ці позна ён туды завітае. Кожнае прамоўленае, нават у сэрцы, слова мае вагу, а чалавек мае быць асцярожным са сваймі мроямі.

На паверку аказваецца, што ўся гэтая «настальгія па велічы» – усяго толькі жаданне капіяваць. Дзермант бачыць сябе Аляксандрам Дугіным (адсюль і «сакральная» барада), Пятроўскі – Юліюсам Эволам, Лазуткін – Эдзікам Лімонавым. Вось толькі Дугін, Эвола ды Лімонаў, як бы мы да іх не ставіліся, гэта асобы і феномены. Дзермант, Пятроўскі і Лазуткін – усяго толькі пародыі.

Годзе з дзермантамі-пятроўскімі, а як нам быць з веліччу? Ці ёсць яна ў нас – свая, ненадуманая і нескапіяваная? Альбо Беларусь – гэта і ёсць тыя гнілыя адрыны, шчымлівы шоргат галля на тле шэрага неба – суцэльнае мележаўскае Палессе?

Нават калі абстрагавацца ад далёкага мінулага, Радзівілаў і Сапегаў, веліч можа бачыцца і ў простых рэчах сённяшняга дня. Гісторыя Міхалка, алкаголіка які нарадзіўся наноў фізічна і ментальна – гэта веліч, гэта цуд.

Гісторыя Гуркова, шматкротнага чэмпіёна свету, які шануе Пагоню і мову, якому «не ў лом» займацца з дзецьмі тайскім боксам – гэта веліч. Гісторыя «МовыНанова» і «Арт-Сядзібы», якія перакрэслілі асацыятыўны ланцужок «мова-Пагоня-апазіцыя» – таксама цуды нашага часу. А Беларусь, па-ранейшаму, наш агульны дом, без усялякіх там драконаў.

P.S.
Дык каму гэта ўсё цікава і навошта пісаць пра дзівакоў, якія жывуць змрочнымі вобразамі мінулага ды спрабуюць ажывіць іх у рэчаіснасці? Не маю дакладнага адказу. Мабыць, тут як з няўдалай кніжкай – варта яе пагартаць, каб зразумець: так пісаць не трэба. Адкласці ў бок ці кінуць ля печы, каб добра натапіць хату халоднай ноччу – хто ведае, раптам зіма будзе доўгай…

іншыя запісы
Каментары