Александр Федута «Lukashenko»: Рэбрэндынг не за гарамі

паліткансультант

Аляксандр Фядута пра тое, як Менск можа адмяніць смяротнае пакаранне.

Цяпер ужо мала хто згадвае, як пачынаўся менскі перамоўны працэс. Як пасля размовы з прэзідэнтам Казахстану прэзідэнт Францыі раптам спыняецца ў адным з маскоўскіх аэрапортаў, каб пагутарыць з прэзідэнтам Расеі.

Трэба меркаваць, Нурсултан Назарбаеў прапанаваў Франсуа Алянду нешта такое, што Алянду спатрэбілася спачатку пагутарыць з Уладзімірам Пуціным, а ўжо потым інфармаваць пра сутнасць размовы Ангелу Мэркель.

Выйграў ад гэтага, як усім тады здавалася, Аляксандр Лукашэнка: прывітаў усіх у сябе, ледзь не ўласнаруч варыў гасцям вёдры кавы і вырваў крэсла з-пад дарагога хаўрусніка, каб падаць першай даме Еўропы. Перамовы ад гэтага больш эфектыўнымі не сталі.

Так і павінна было стацца. Не таму, што Лукашэнка кепскі, або ў Менску нейкая не адпаведная міратворчасці аўра (прыгадайма Менскую групу, якая займалася Карабахам – пра яе сёння ўжо ніхто не ўзгадвае). Відавочна, бо: дамовіцца пра што-небудзь можа толькі той, хто гэтага шчыра хоча.

Паглядзіце на адкрытыя, даруй Божа, і амаль сумленныя твары лідараў так званых ДНР і ЛНР. Гэтыя асобы праўдзіва і адкрыта кажуць, што не супакояцца, пакуль не абмыюць капыты сваіх баявых коней у Атлантычным акіяне. А вы тут пра што? Пра спыненне абстрэлу пазіцыяў украінскага войска? Якая дробязь!

Цяпер высвятляецца: адабраўшы ў казахскага хана статус міратворцы ўва ўкраінскім канфлікце, Крэмль аддаў Астане магчымасць арганізацыі сірыйскіх перамоваў. Мяркую, будзь Назарбаеў хрысціянінам, ён бы перахрысціўся ўпотай – пашанцавала! Цалкам іншы кантэкст: калі ў Пуціна ў Менску была задача ні ў якім разе ні пра што не дамовіцца, то цяпер і ён, і ягоны галоўны патэнцыйны апанент у сірыйскім канфлікце – Доналд Трамп – кроўна зацікаўлены ў дамоваздольнасці як Башара Асада, гэтак і ягоных сірыйскіх супернікаў. Таму што рэалізаваны мірны праект у Сірыі дакажа ўсяму свету: лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Барак Оўбамамудак і няўдачнік, а мы гэткія вось малайцы, і ў нас усё, што трэба, атрымалася.

І – хто галоўны малайчына?! Назарбаеў – галоўны малайчына.

Ва Украіне «менскія пагаднення» ужо гучаць як нагода як след вылаяцца Што ж будзе пасля паспяховай і ўдалай Астаны?

Менску трэба прыдумляць новую «фішку», шукаць нагоду для пазітыўных асацыяцыяў, якія маглі б у год вялікіх еўрапейскіх выбараў прымусіць ужываць словы «Minsk», «Lukashenko» і «Belarus» патрэбным для краіны кантэксце. І, падобна, без мараторыя на смяротнае пакаранне не абысціся.

Бо іначай застанемся на бабах з нашаю не зусім эфектыўнай, як аказалася, міратворчасцю.

Аляксандр Фядута

іншыя запісы
Каментары