Максім Чыгунка Лукашэнка зразумеў, што чуму халерай не перамагчы

публіцыст

Улады Беларусі не чакалі, што дэкрэт аб «дармаедах» выкліча такі рэзананс. Машыне прапаганды не ўдалося знайсці нават зачэпкі, каб дыскрэдытаваць пратэсты.

Беларускі кіраўнік у пачатку хвалі вулічных акцыяў выказваўся, што арганізатары пратэстаў хочуць не толькі «раскачаць човен», але таксама пачаў разыходзіцца, кажучы, што пратэстоўцы хочуць «даказаць нам, што гэта не нашыя землі (Полаччына), а чыесьці».

Паказаны беларускім дзяржаўным тэлеканалам спецыяльны рэпартаж «Званок да сябра» быў зроблены паводле стандартаў ачарнення грамадскіх пратэстаў. Чаго там толькі не было: падслухванні, апазіцыя, пятая калона, замежныя грошы. Ёсць толькі адно але. Паколькі стасункі з Захадам паляпшаюцца, то хто ж тады фінансуе пятую калону? Адказу на гэтае пытанне не было.

Увогуле праблема «дармаедаў», а да гэтага ўказ № 222, які закрануў іпэшнікаў, гэта прыклад таго, як улады Беларусі ў сваім хаатычным пошуку выхаду з сітуацыі, якая толькі пагаршаюцца, ствараюць новыя праблемы. Хочуць перамагчы адну хваробу з дапамогай іншых хваробаў. Гэта павінна скончыцца смерцю пацыента.

Указ № 222 сваёй мэтай меў зрабіць так, каб на беларускіх рынках не было «барахла», завезенага з Расеяй, а каб «куплялі сваё». У Менску і ў вялікіх гарадах фактычна можна набыць усё і з любой краіны. Дастаткова паехаць у правінцыю, і ўжо людзі маюць выбар паміж тэлевізарамі «Гарызонт» і «Гарызонт» ды паміж роварамі «Мотавела» і «Мотавела». Але дзяржаўнаму гандлю не давала пакою базарная канкурэнцыя.

Улады прыдумалі, што трэба ўвесці абавязковыя сертыфікаты нават на самыя дробныя партыі тавараў, якія ўвозяцца з тэрыторыі Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Гэты крок – яскравы прыклад таго, як улады Беларусі ўспрымаюць самую ідэю эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Рынак адкрываем, але толькі не думайце пра тое, каб вазіць што-небудзь ад нашых шаноўных партнёраў. Ну і адбылося – базары апусцелі – а дробныя іпэшнікі папоўнілі армію «дармаедаў». Канешне ж, дзяржаўную прамысловасць гэта не выратавала, а патэнцыял пратэсту павялічыла.

Пасля зʼявілася чарговая ідэя – увесці падатак аб «дармаедах». Фактычна думалі пра тое, каб прымусіць асобаў, што працуюць у шэрай сферы, фінансаваць адукацыю, ахову здароўя.

А чаму б і не – барацьба з шэрай сферай гэта нармальная практыка ў кожнай прававой дзяржаве. Толькі метады такой барацьбы не спраўдзіліся.

Па-першае, калі закон прыдумлялі, беларуская эканоміка яшчэ была не ў такім дрэнным стане. Пасля наступіла чарговае яе пагаршэнне. І «дармаедамі» аказаліся не тыя, хто ўхіляецца ад выплаты падаткаў, а таксама і беспрацоўныя, маці-адзіночкі і іншыя.

Аднак пратэсты «дармаедаў» гэта толькі ўступ да вялізнай навальніцы, якая можа разгуляцца над Беларуссю. Ужо год доўжыцца газавы канфлікт з Расеяй і ўсё гаворыць пра тое, што Пуцін Лукашэнку проста праігнараваў. Бо цяпер менавіта ён усталёўвае з найвышэйшымі гэтага свету новы парадак, і што яму да падскокванняў нейкага Лукашэнкі. Больш за тое: Расея вельмі хітрым чынам робіць усё, каб канфлікт меў лакальны характар. І замест таго, каб традыцыйна закруціць вентыль з газам, узялася дабіваць беларускую нафтавую прамысловасць, абмежаваўшы дастаўку нафты.

Вядома, што Беларусь мае рацыю, кажучы, што пры агульным рынку павінныя быць аднолькавыя ўмовы, і беларускія фірмы мусяць плаціць за газ столькі ж, колькі расейскія ці казахстанскія. Але хто цяпер будзе гэта слухаць? Не будзе зніжкі на газ і павелічэння даставак нафты – Беларусь праваліцца ў чорную дзіру.

Пытанне, ці Лукашэнка будзе паводзіць сябе так, як пасля выбараў 2010 года, калі, маючы ў перспектыве радыкальную дэвальвацыю, рэзка задушыў акцыю пратэсту. Альбо ўсё ж дазволіць людзям, каб самі паклапаціліся пра свой лёс – так, як гэта зрабілі камуністы ў Польшчы ў 1989 годзе? Лукашэнка аднак усведамляе, што тая лібералізацыя скончылася для іх стратай улады.

Глядзіце таксама:

іншыя запісы
Каментары