Зміцер Ягораў Лукашэнка і мільярд кітайцаў

рэдактар belsat.eu

«Кітайцы – вельмі асцярожныя людзі, яны ніколі не будуць супрацоўнічаць з праблемнымі дзяржавамі, яны не хочуць лезці там, дзе праблемы», – расказаў Аляксандр Лукашэнка кітайскім журналістам. І, мяркуючы па рэакцыі, вельмі іх гэтым павесяліў.

Кітай фактычна каланізуе Афрыку, уліваючы туды дзясяткі мільярдаў інвестыцыяў, даючы крэдыты ўрадам. Адчыняюцца кітайскія прадпрыемствы з кітайскімі працаўнікамі, інвестары ўкладаюць грошы ў фінансы, сельскую гаспадарку, турызм. Падобнае, але ў меншых маштабах адбываецца і ў Лацінскай Амерыцы. А расейскія медыі вось ужо некалькі гадоў трубяць пра паўзучы захоп Дальняга Усходу. Якое месца на мапе кітайскай экспансіі займае Беларусь?

«Мы не маем ні з кім праблемаў, і кіраўніцтва Кітая гэта вельмі цэніць», – кажа Аляксандр Лукашэнка. Насамрэч, праблемаў з Еўразвязам, ЗША і нават Расеяй – больш, чым дастаткова. А вось чаго сапраўды няма – дык гэта ўплыву. Эканамічнага, палітычнага. Маральнага, урэшце.

У Кітаі таксама ёсць палітвязні, ёсць смяротнае пакаранне, але прынамсі ёсць эканамічная свабода ды і кіраўнікоў яны мяняюць рэгулярна. Пакуль Лукашэнка кіруе Беларуссю, у Кітаі змяніліся тры кіраўнікі.

Беларусь для кітайцаў – экзатычная НЕеўрапейская мікраскапічная краіна (бо палітычна функцыянуе па-за Еўразвязам) са сваім мікраскапічным аўтарытарным дыктатарам, які не мае аніякага ўплыву па-за межамі сваёй краіны. І кіраўнік гэтай краіны сам раскрывае абдымкі: «калі ласка, карыстайцеся з нашых магчымасцяў у цэнтры Еўропы, давайце будзем супрацоўнічаць на карысць адзін аднаму». Рыба, якая сама плыве ў рукі.

Што захоча ўзамен за «месца на мапе»? Крэдыты? Інвестыцыі? Для Кітая гэта не праблема. Толькі Кітай не будзе купляць «палітычныя пацалункі», як Расея. Паднябесная без праблемаў дасць грошы на пабудову прадпрыемства або лагістычнага цэнтру. Але – з удзелам кітайскіх кампаній, грошы пойдуць на закупку кітайскіх тэхналогій і кітайскага абсталявання. А мо і працаваць там будуць – грамадзяне Кітаю. Гэта схема сотні разоў абкатаная ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

іншыя запісы
Каментары