Алесь Кіркевіч «Ліцвіны»: патрыёты, секта або агенты ФСБ?

журналіст, літаратар

Хто б мог падумаць яшчэ пару год таму, што беларускі патрыятычны сегмент падзеліцца на «ліцвінаў» і «беларусаў» ды пачне абкладаць адно аднаго трохпавярховымі мацюкамі, называць агентамі ды пагражаць расправай – хай і на віртуальным узроўні? Здаецца, усе ведаюць яшчэ са школьных падручнікаў, што ВКЛ – наша старадаўняя дзяржава, а продкаў нашых звалі ліцвінамі, хоць зараз і дзяржава, і народ называецца па-іншаму. Дык у чым праблема?

Усё пачалося нечакана: аднекуль выплыла інфармацыя, маўляў, ёсць нейкія ліцвіны, якія нас, беларусаў, інакш як «быдларусамі» не называюць, хочуць аддзяляцца (незразумела, ад чаго?) ды перайменавацца (незразумела, ува што?). Апынулася, у Фэйсбуку сапраўды ёсць некалькі групаў, дзе ўсе гэтыя пытанні актыўна «пераціраюцца», і, што цікава: па-расейску…

Падумаеш, розныя ёсць людзі, у тым ліку са сваім складаным унутраным светам. Нехта ў чарговы раз чакае канца свету, нехта – вяртання Пазняка, нехта – прышэсця Вялікай Літвы… Хай сабе гавораць, што нам да гэтага? Але, не ўсё так проста.

Чым страшней – тым цікавей

Ліцвіны як гераічны вобраз з мінулага

Ад самага пачатку інфармацыйнай вайны Расеі супраць нашай дзяржавы (вялай, канешне, у параўнанні з Украінай), эксперты ды гісторыкі мусолілі цягам сваіх ток-шоу мусолілі тую ж самую тэму: Беларусь хочуць захапіць празаходнія нацыяналісты-ліцвіны! Усё гэта гучыць дзіка, калі б не ўкраінскі досвед і страшныя казкі пра «бандэраўцаў» і «Правы сектар», якія з лёгкасцю паклаліся на псіхіку як саміх расейцаў, так і жыхароў Поўдня і Ўсходу Украіны. Атрымліваецца, чым страшней – тым цікавей і рэалістычней.

Але чаму менавіта ліцвіны былі абраныя для страшылкі? Усё лагічна: у беларускіх нацыяналістаў няма свайго яскравага Бандэры ў гісторыі ХХ ст., а постаці кшталту Вітушкі і кампаніі – недастаткова раскручаныя і папулярныя.

Таму, крыніца сілы і натхнення для патрыётаў збольшага не «лясныя браты», а закутыя ў метал вершнікі з калюмнамі на шчытах – ліцвіны. Гэта, у тым ліку, асацыяцыі з часам росквіту, найбольшай вайсковай магутнасцю, яскравай сармацкай эстэтыкай.

Для чаго ўсё гэта патрэбна Маскве?

Па-першае, гэта стварэнне страшылкі для спажыўцоў расейскіх СМІ. Людзі маюць запомніць слова «ліцвін» у негатыўным кантэксце і быць падрыхтаванымі, што гэтыя самыя «ліцвіны» гатовыя на любыя злачынствы, як супраць братоў-беларусаў, так і супраць расейцаў.

Па-другое, гэта ўнясенне расколу і хаосу сярод беларускіх патрыётаў. Замест таго, каб аб’ядноўвацца ды ўмацоўваць суверэнітэт, патрыёты зараз маюць займацца «паляваннем на ліцвінаў» ды інтэрнэт-дыскусіямі на гэты конт. Пры гэтым цалкам штучна ствараецца адмоўная канатацыя са словам «ліцвін»: скандаліст, інтэрнэт-троль, агент… Якое ўжо тут ВКЛ?

Прыклад Заходняй Украіны

Пашкоджаны білборд Украінская Галіцкай партыі на Львоўшчыне

Адпрацоўка падобных сцэнароў для Расеі не ёсць нечым новым. Памятаю, як у Львове яшчэ напярэдадні Майдану, прыкладна ўвесну-улетку 2013-га пачалі з’яўляцца агітацыйныя намёты розных «галіцкіх лігаў» з ідэяй аўтаноміі для Заходняй Украіны, улічваючы яе гісторыю ды традыцыі. На такія выпады яшчэ не глядзелі з падазрэннем, нават пагаджаліся: «Так, мы іншыя, навошта нам гэты Данбас з Януковічам?.».

Іншы прыклад: секта дагналітаў, якая працавала ў тым жа Львове ў кірунку расколу грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы, масавай у Заходняй Украіне. Гэта былі шэсці з гукаўзмацняьнай апаратурай, публічныя маленні, патрабаванні аддаць нейкія бажніцы ў цэнтры. Пазней ужо з’явілася інфармацыя, што «секта» шчодра фінансуецца ўсходнімі суседзямі…

Логіка простая: Масква спрабуе інфільтраваць сваіх людзей у структуры і рэгіёны, якія ёй замінаюць, каб раскалоць іх знутры. Часам – пад самымі прыгожымі лозунгамі ды з прыцягненнем наіўных ідэалістаў, якія павераць у казку, якая пасля спрытна ператворыцца ў страшылку на расейскім ТВ.

«Ліцвінская ліга» і югаслаўскі сцэнар

Вяртаючыся да ліцвінскай ідэі, трэба заўважыць, што ўзнікла яна ў Беларусі не ўчора. Калі пакапацца ў старых газетах, можна трапіць на нумар «БДГ» за 2000 год з апісаннем з’езду «Ліцвінскай лігі» ды «Акту абвяшчэння ліцвінскай нацыі». Знакавая падзея прайшла ў Наваградку 17 год таму пад кіраўніцтвам нейкага Віктара Нагнібяды ды Андрэя Юцкевіча ды сабрала каля 30 асобаў. Тады ці не ўпершыню прагучалі ноткі пра «аддзяленне» заходняй часткі краіны ды няпрыязь, як да Расеі, так і да ўсіх беларусаў разам узятых…

Аўтар тэксту з «БДГ», мабыць, недарма ўзгадвае ў гэтым кантэксце «югаслаўскі сцэнар», актуальны для таго часу: спроба пратэсту, рэпрэсіі з боку ўлады, заступніцтва НАТА і вайна… Цікава іншае – паводле пазнейшай інфармацыі, кіраўнікі таго самага з’езду і аўтары акту былі арыштаваныя ў Польшчы як… агенты ФСБ.

Нічога Вам не нагадала? А мне нагадала. Выпадак з «яцвяжскім рухам» Шэляговіча з 1990-х, які таксама меў сепаратысцкія рысы, пакуль яго не «згарнула» КДБ. Дарэчы, сам Шэляговіч, па некаторых звестках, зараз жыве ў Расеі. Супадзенне? Не думаю.

Фэйкі, філосафы ды «еўразійскія ліцвіны»…

Аляксей Дзермант

Заўважце, што добрая частка сённяшніх актыўных інтэрнэт-ліцвінаў – гэта фэйкавыя акаўнты, якія працуюць па ўсіх правілах інтэрнэт-тролінгу. Просты прыклад: 23-25 гадовая рускамоўная «ліцвінка» з пустым профілем, але прыгожай «аватаркай», у якой у сябрах нечакана вялікая колькасць апазіцыйных палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў, якіх яна не саромеецца называць «быдларусамі». Ёсць і цалкам рэальныя нявыдуманыя «ліцвіны», кшталту Дзяніса Салаша, які пасля ўкраінскіх падзеяў паспеў змяніць арыентацыю з прапольскай на прарасейскую.

Яшчэ адзін гулец у «ліцвінства» са стажам – філосаф Аляксей Дзермант. Да свайго пераўвасаблення ў прыхільніка БССР і еўразійскай інтэграцыі, Дзермант займаўся балцка-ліцвінскімі праектамі, скіраванымі на пошук шляхоў інтэграцыі з сучаснай Літвой ды курсам на «рэліцвінізацыю» Беларусі. Варта адзначыць, што як раней, так і зараз Дзермант сябруе з прадстаўнікамі еўрапейскіх «новых правых» рухаў, якія неаднаразова былі заўважаныя ў цёплых стасунках з Масквой. Цікава, што некаторыя чальцы яго сённяшняй каманды пазіцыянуюць сябе як «еўразійскія ліцвіны»… Бывае ж такое!

Як бачым, Маскве не патрэбныя ліцвінскія палітычныя партыі, вайскова-патрыятычныя клубы, легіёны ў камуфляжы з аўтаматамі наперавес. Партыі ў Беларусі і так не маюць ніякай вагі, а каля-вайсковыя фармацыі стварыць амаль нерэальна. Што ж патрэбна? Патрэбны інтэрнэт-шум ды пара «размаўляючых галоваў», якіх калі што, можна было б паказаць на ТВ.

Што рабіць?

Мне здаецца, што варта прытрымлівацца ўсяго некалькіх правілаў:

1. Не адмаўляцца ад спадчыны ВКЛ (гэта – адна з мэтаў Масквы) але тлумачыць: ліцвіны – нашы продкі, мы ганарымся гэтым кавалкам гісторыі, але сёння мы – беларусы, з гэтым жывем і жыць будзем.

2. Увесці мараторый на тэмы тэрытарыяльных перадзелаў. «Вільня наша», «Падляшша наша» і г.д. варта пакінуць у баку, роўна як і шызоідныя размовы пра тое, што Орша, Магілёў і Гомель нам не патрэбныя, бо «культурна чужыя», «блізкія да Масквы» і далей у такім духу.

3. Выкрываць псеўдапатрыётаў, якія нясуць бязглуздзіцу: зазвычай, кожны другі з гэтай кагорты мае цікавую біяграфію ды недзе ўжо паспеў улезці ў сумнеўныя справы. А інтэрнэт-троляў – баніць ды ігнараваць, бо яны харчуюцца нашымі эмоцыямі і часам, аддадзеным на спрэчкі.

Па вялікім рахунку, пры правільным тлумачэнні, ніякай праблемы з ліцвінствам не існуе. Наўпрост эксперыментаваць з гісторыяй і палітычнымі межамі – небяспечна, як дзецям гуляцца з запалкамі. Асабліва калі побач ёсць «добры сусед», які заўжды гатовы падліць масла ў агонь.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары