Аляксандр Фядута Ласкавае цяля на прывязцы ў Крамля

паліткансультант

Бабця Каця мая, мудрая жанчына, казала:
– Ласкавае цяля дзвюх матак смокча.
Ведаючы асаблівасці беларускага палітычнага піяру, я б дадаў:
-… але памоўчвае – калі мазгоў хапае.

Беларуская ўлада часам прагаворваецца, хай нават вуснамі аднаго з самых разумных людзей, якія ў ёй сёння працуюць. Спашлюся на БелаПАН. Паводле яго інфармацыі, адказваючы на пытанне, ці не ўзнікаюць па пастаўках газу і нафты ў Беларусі менавіта таму, што афіцыйны Менск занадта заўзята збліжаецца з Захадам, міністр замежных спраў Уладзімір Макей адказаў:

-… Я думаю, што і для Расеі, асабліва ў цяперашні перыяд наяўнасці нейкіх праблем у адносінах з Еўрапейскім саюзам, таксама выгадна, каб у Беларусі былі нармальныя адносіны з Еўропай, з ЗША, таму што ў рамках недастатковага, скажам так, дыялогу зʼяўляецца дадатковы канал для таго, каб мы нейкія рэчы даносілі да нашых еўрапейскіх партнёраў.

Ну, думка пра тое, што Крэмль будзе выкарыстоўваць лукашэнкаўскую Беларусь як дадатковы канал для дастаўкі інфармацыі Захаду, сама па сабе забаўная. Але гэта зусім не азначае, што добрыя адносіны Беларусі з Захадам Расеі не выгадныя. Выгадныя. Проста выгада гэтая вымяраецца ў некалькі іншых паказніках.

За гады праўлення Аляксандр Лукашэнка паспяхова пабудаваў беларускую дзяржаву як аграгарадок: мёртвенька, але чысценька. Жыве не за кошт таго, што зрабілі, а за кошт таго, што пераразмеркавана зверху. Раней я проста параўноўваў нашу да варʼяцтва ганарлівую краіну з пʼяўкай, якая прысмакталася да крыжа кабылы, якая забралася ў ціну, каб выратавацца ад спякоты. Жыве, стала быць, за кошт іншага жывога арганізма, у якім хоць нешта (нафта там, ці газ) цячэ па жылах.

Праблема ў тым, што цяпер гэта параўнанне не дзейнічае. Дзейнічае параўнанне маёй бабці Каці. Беларусь – гэтакае немаладое цяля, якое нічога вырабляць як след не навучыўся (ялавая сістэма эканомікі ў краіне, бясплодная, Павел Данейка пацвердзіць можа – ды што там Данейка! Цярэшчанка пацвердзіць). А есці хочацца. Вось ён і смокча вымя каровы, якая стаіць побач. Так, не кабылы ўжо – каровы, якую да таго ж і свае Ратэнбергі з Цімчанкамі рэгулярна паддойваюць на прадмет адбору залішняга, з іх пункту гледжання, малака. Увогуле, на прышлае і юрыдычна самастойнае цяля рэсурсаў не застаецца.

Але і праганяць цяля-пераростка далёка ад вымя не хочацца. Ён жа і здохнуць можа – на вольным хлебе. Ці ўцячэ куды – шукай яго потым у еўрапейскіх лясах, сярод качынскіх ваўкоў і парашэнкавых дзікоў! Не, лепш самім паказаць яшчэ адзін сасок, які корміць: маўляў, падыдзі, памыкай пяшчотна, авось, табе малачка і адліюць…

Расеі сапраўды выгадна, калі Беларусь будзе атрымліваць ад Захаду грошы на захаванне стабільнасці ў краіне. Менавіта так. Не на рэфармаванне эканомікі, а на захаванне дзейнай палітычнай і эканамічнай мадэлі. Па-першае, усё роўна сажрэць – так ўсё-такі не крамлёўскія. Каб не ў адзіноце ўтрымліваць гэтага вялікаўзроставага праглота. Па-другое, уцячы б ён уцёк, але прывязана цяля занадта моцна: нерэфармаваная эканоміка трымае яго, а зусім не пісталет каля скроні. Захаду патрэбныя гарантыі хаця б адноснай дэмакратыі, бо толькі пры ёй можна вярнуць свае грошы. Расея ж бярэ іншым. Не, не інфармацыйнымі паслугамі. Расея бярэ геапалітычнай вернасцю.

Менавіта таму ў мяне, напрыклад, няма сумневаў у тым, што і авіябаза расейская ў Беларусі будзе – калі Пуцін захоча. Зʼявіцца адразу ж, як толькі беларуская дзяржава праясі грошы, неабдумана дадзеныя – калі дадуць – яму Захадам. Як толькі спатрэбіцца вярнуцца да цёплага маскоўскага нафтагазавага саска – так адразу ж. Як спявалася ў песні, «не журыся пра сына, злую долю праклінаючы…»

А Уладзімір Макей – адзін з самых разумных людзей у сённяшняй беларускай уладзе. Дзесьці на адной прыступцы з акадэмікам Мясніковічам. Ну – так, прагаварыўся… Бывае…

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары