Аляксандр Гелагаеў Курапаты – каго з кім чыноўнікі збіраюцца мірыць?

гісторык, вайсковы аглядальнік

Ужо не першы год напачатку траўня, калі я чую, як постсавецкія прэзідэнты, міністры і чыноўнікі клянуцца бараніць памяць пра перамогі савецкіх жаўнераў, мяне не пакідае асаблівае адчуванне. Падаецца, што палітыкі толькі што разрылі жаўнерскую магілу, скралі адтуль баявыя ўзнагароды і начапілі на свае пінжакі. А потым дасталі з магілы косці і прыбілі іх цвікамі да флагштокаў сваіх транспарантаў і партыйных сцягоў, каб пайсці на чале шматлюднай дэманстрацыі.

Непакой адносна аналагічнай прафанацыі і перакручвання гісторыі Курапат зʼявіўся амаль адразу пасля агучвання ідэі пабудаваць дзяржаўны мемарыял у месцы масавых расстрэлаў беларускага насельніцтва савецкімі спецслужбамі.

На жаль, большасць афіцыйных каментароў з гэтай нагоды зусім не суцяшаюць. «Даручыў стварыць акуратны мемарыял… Раз і назаўсёды пакончыць з гэтай цягамоцінай», – сказаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Падаецца, што такім чынам кіраўнік дзяржавы, які, па ягоным уласным прызнанні, ніколі не наведваў Курапаты, паказаў сваё стаўленне да месца нацыянальнай трагедыі і да людзей, якія баранілі некропаль ад незаконнай забудовы і паднімалі праблему ўшанавання загінулых. Быў прызнаны факт незаконных забойстваў, але не прагучала ані слова пра далейшае вывучэнне савецкага тэрору, апазнанне, пошукі ахвяр, уключэнне інфармацыі пра савецкія злачынствы ў праграмы школ і ВНУ.

«Пабудуем і нарэшце забудзем», – такія ноткі гучаць у вялікай частцы выказванняў афіцыйных асобаў. Улады дараслі да прызнання (ці былі вымушаныя прызнаць) факт савецкага тэрору, аднак, падобна, на гэтым збіраюцца спыніцца, «закрыць тэму».

Табу застаецца і пытанне ідэнтыфікацыі забойцаў. Калі галоўны рэдактар «СБ» Павал Якубовіч і называе рэпрэсіі «незаконнымі і амаральнымі», то ў той жа час дадае, што «Курапаты не палігон для эксгумацыі і правядзення медэкспертыз…А хто быў правы, хто вінаваты…»

Фота – «Новы час»

Аднак, чаму ж нельга? Улады ж быццам прызнаюць, што ў Курапатах забойцы ў савецкай форме тысячамі знішчалі бяззбройных жыхароў Беларусі, прызнаюць, што адбылося адно з самых вялікіх злачынстваў, якія мелі месца на нашай зямлі? Няўжо Павал Ізотавіч не ведае, хто правы і хто вінаваты – ахвяра ці злачынца?

«Палітычныя рэпрэсіі перш за ўсё ў шэрагу такіх непрыймальных для сучаснай Беларусі эксцэсаў. Ані сённяшняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, ані яе грамадзяне, ані сучасныя органы дзяржаўнай бяспекі не маюць абсалютна ніякага дачынення да самавольства і трагедый тых часоў», – адзначае рэдактар «СБ».

Хацелася б верыць Паўлу Ізотавічу. Аднак цікава, калі зараз у турмах сядзяць дзясяткі палітычных зняволеных, а міністр унутраных спраў ходзіць у форме сталінскага НКУС, ці верыць спадар Якубовіч у адсутнасць генетычнай сувязі паміж савецкім тэрорам і апошнімі падзеямі ў Беларусі.

Ігар Шуневіч. Фота – «Наша Ніва»

Аднак гэта толькі словы каментатараў, але некаторыя дзіўныя ідэі ўжо ўвасобіліся ў дакументы, што вызначаюць парадак праектавання мемарыяла.

«Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне памятнага знака мемарыяла павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва, лаканічна ўпісвацца ў ландшафт, быць прысвечаным трагічным падзеям, якія тут адбыліся і адлюстроўваць ідэю ўвекавечання памяці ўсіх бязвінна загінулых ахвяр XX стагоддзя ў гісторыі Беларусі», – гаворыцца ў Палажэнні ад парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака «Курапаты».

Адразу паўстае пытанне – помнік усё ж будзе прысвечаны ахвярам, якія загінулі ў Курапатах, ці ўсім бязвінна загінулым за 100 год? Мы ведаем, што лік помнікаў ахвярам нацысцкага тэрору ў Беларусі ідзе на дзясяткі, калі не на сотні. Чаму ж менавіта ў Курапатах, дзе мог зʼявіцца першы афіцыйны мемарыял ахвярам тэрору камуністычнага, вырашана гэтак знізіць увагу да непасрэднага зместу трагедыі?

«Мэтай конкурсу эскізных праектаў памятнага знака мемарыяла «Курапаты» з’яўляецца пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобраза ўрочышча «Курапаты» як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння», – гаворыцца на сайце Міністэрства культуры.

Юбілейны нагрудны знак беларускага КДБ адлюстроўвае сувязь з камуністычнымі спецслужбамі

Прабачце, але хіба беларусы ваявалі паміж сабой у 1930-я гады, каб цяпер іхныя дзеці і ўнукі мірыліся? Не, ніякай грамадзянскай вайны паміж беларусамі ані ў 1930-я, ані ў 1920-я не было.

Не было тады беларускай незалежнай дзяржавы, дзе б беларусы розных перакананняў ваявалі за той ці іншы шлях развіцця і забівалі адзін аднаго. Камуністычныя войскі, якія прыйшлі з усходу, захапілі тэрыторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 годзе, і сілай усталявалі тут бальшавіцкія парадкі.

Калі прэзідэнт Беларусі прызнаў забітых у Курапатах у 1937-1941 гадах нявіннымі ахвярамі, дык забойцы нявінных – гэта каты і злачынцы.

Назавем галоўных катаў і злачынцаў, якія кіравалі НКВД БССР у гэтыя гады:

Маўчанаў Георгі Андрэевіч, расеец, нарадзіўся ў украінскім Харкаве.
Берман Барыс Давідавіч, жыд, нарадзіўся ў расейскай Чыце.
Наседкін Аляксей Аляксеевіч, расеец, нарадзіўся пад Яраслаўлем.
Цанава Лаўрэнці Фаміч, грузін, нарадзіўся пад Кутаісі.

Пачнецца і закончыцца вайна, пройдуць яшчэ дзесяцігоддзі, а беларуса прызначаць кіраваць КДБ Рэспублікі Беларусь толькі перад самым крахам СССР – у 1990-м годзе!

Чым гэтыя камуністычныя генералы-чэкісты адрозніваюцца ад нацысцкіх афіцэраў і генералаў-эсэсаўцаў, якія кіравалі карнымі аперацыямі ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны? І тыя, і іншыя забілі дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў, і тыя, і іншыя не былі беларусамі ці ўраджэнцамі Беларусі. Дык можа і з Куртам фон Готбергам, і з Оскарам Дырлевангерам нас таксама чакае афіцыёзнае прымірэнне?

Хатынь. Фота – Wikipedia.org

У Курапатах ляжаць да канца не палічаныя тысячы бяззбройных ахвяраў бальшавіцкіх спецслужб. Яшчэ тысячы загінулі ад куляў, холаду і голаду ў турмах, у камуністычных канцлагерах на ўсходзе СССР. І тут Мінкульт хоча стварыць месца «памяці і прымірэння».

Мемарыял у Хатыні, дзе нацысты забілі 149 бяззбройных людзей, стаў сімвалам пакутаў Беларусі ў часы нацысцкай акупацыі. Але ці не дзіўна будзе выглядаць Хатынь як месца «памяці і прымірэння»?

Беларусы не ваявалі ў 1930-я гады паміж сабой і не ваююць зараз, нас не трэба мірыць. Проста варта казаць праўду пра падзеі мінулага, ушаноўваць ахвяраў камуністычнага і нацысцкага тэрору, а не спрабаваць помнікам, на якім будзе незразумелы агульны надпіс пра «усіх ахвяраў ХХ стагоддзя, закрыць »нязручную тэму«. Гэтая тэма нязручная толькі для тых, хто асацыюе сябе з камуністычнымі ці нацысцкімі забойцамі, а не для беларускага народу.

Аляксандр Гелагаеў

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары