Александр Федута Курапаты, Алексіевіч і Пазняк. Тонкі слых супраць фальшывай ноты

паліткансультант

Нобэлеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч адмовілася ўзначаліць камісію па абмеркаванні праекту помніка ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. На думку Алексіевіч, маральнае права ўзначаліць такую камісію мае толькі Зянон Пазняк.

Алексіевіч мае рацыю. Увага ўсяго свету да Курапатаў прыцягнулі Яўген Шмыгалёў ды Зянон Пазняк. Шмыгалёва, на жаль, ужо няма. Застаецца Пазняк.

Я разумею, што выклікала такі ход уладаў. Сусветнае прызнанне Алексіевіч выкарысталі ў дадзеным выпадку тыя, хто хоча давесці свету: нічога надзвычайнага ў сакавіку ў нас не здарылася! І палітвязняў у нас няма! І вось, дарэчы, і паважаная таварыш пісьменніца ўскосна гатовая гэта пацвердзіць – дзе яна ў нас там, гэты наш белы раяль з незаплямленай рэпутацыяй, у якіх кустах? Праходзьце, не саромейцеся!
Яны памыліліся. Алексіевіч мае тонкі слых, і граць у аркестры, дзе ўсе свядома фальшывяць, яна не захацела. У яе свая партыя, і гэтай партыяй (у музычным значэнні слова) яна даражыць.

Застаецца Пазняк.

На месцы Аляксандра Лукашэнка я бы адправіў за непахісным Зянонам Станіслававічам прэзідэнцкі самалёт – толькі бы прыляцеў, каб узначаліць гэтую камісію.

Гэта сапраўды важна. Мемарыял у Курапатах азначаў бы тую мяжу, якую беларускія ўлады ўжо не перакрочаць – прынамсі, яны намагаюцца ў гэтым пераканаць увесь свет. Гэта значыць, вядома, так, дручкі будуць, але рэпрэсіяў у сталінскім разуменні гэтага слова, не будзе.

Але і выглядае гэта не занадта пераканаўча. Пераканаўчыя тры здымкі ў газеце «Советская Белоруссия» і на экране тэлебачання.

Першы. Пазняк на Дзядах 1988 года.

Другі. Пазняк з прэзідэнтам Білам Клінтанам у Курапатах у 1994 годзе.

І трэці, якога ў прыродзе пакуль не існуе. Пазняк у Курапатах у 2017 годзе.

Але і Пазняк не прыляціць. Прынамсі, пакуль не закрылі справы па 25 сакавіка, пакуль зняволеныя актывісты арганізацыі «Белы Легіён», якая нікому не пагражае і ўжо даўно не існуе, а Дашкевіч з Пальчэўскім – пад падпіскаю аб нявыездзе. Пазняк не прыляціць у краіну, дзе замест закона дзеіць капрыз чыноўніка, дзе міліцыя дае хлуслівыя паказанні і не нясе за гэта ніякай адказнасці. Навошта яму ляцець сюды? Даць напракат сваё імя? Але вось Алексіевіч адмовілася. Яе імя дорага каштуе. Няўжо імя Зянона Пазняка каштуе менш?

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары