Аляксандр Фядута «Кракадзілы» ўсплываюць, бо карыстаюцца нашым бяспамяцтвам

паліткансультант

Міхаіл Мураўёў-Вешальнік. Фота baltnews.lt

Вядома, усё гэта абвясцілі прыватнай ініцыятывай. Не больш за тое. Я цяпер – пра набажэнства на славу графа Міхаіла Мураўёва-Віленскага, 150-годдзе з дня смерці якога акурат гэтай восенню і здарылася.

Усё ў нас на зямлі – прыватная ініцыятыва. Усталяванне на помніку Пушкіну літараў, абразлівых для памяці паўстанцаў 1830–1831 гадоў, – прыватная ініцыятыва. Захоўванне святаром РПЦ са свастыкай на плячы зброі – прыватная ініцыятыва. Вываз «казацкімі актывістамі» дзяцей з беларускіх школаў на «вучобу» ў ваенізаваныя лагеры да расейскіх фашыстаў – яшчэ больш прыватная ініцыятыва. Шмат прыватных ініцыятываў. Пры гэтым ім на стадыі ажыццяўлення ніхто не замінае – умешваюцца толькі тады, калі грамадскасць пачынае абурацца. Ну, калі не лічыць затрымання святара са свастыкаю, дык за захоўванне зброі ў нас у любым выпадку – артыкул. А астатняе – прыватныя ініцыятывы. Прыкладна такія ж, як усталяванне помніку Леніну каля дзяржаўнага заводу на грошы, трэба меркаваць, дзяржаўнага заводу і ў прысутнасці дзяржаўных чыноўнікаў, прызначаных на свае пасады па наменклатуры прэзідэнта.

Я супраць вайны з гісторыяй. Я за абʼектыўнасць. Абʼектыўнасць кажа: паводле фармальна прыватнай ініцыятывы на тэрыторыі суверэннай Беларусі правялі малебен у памяць кіраўніка карнай экспедыцыі Расейскай імперыі. Не военачальніка, падкрэсліваю, якім быў, скажам, фельдмаршал Паскевіч, фігура не менш мне антыпатычная, а менавіта кіраўніка карнай экспедыцыі.

Малебен за Мураўёва-Вешальніка. Фота krynica.info

Мне скажуць: Мураўёў шмат зрабіў для вызвалення беларускіх сялянаў. Няпраўда! Яго папярэднік на пасадзе віленскага генерал-губернатара Уладзімір Назімаў дамогся таго, каб сялянаў на тэрыторыі генерал-губернатарства вызвалілі раней, чым у іншых губернях. Мне скажуць: Мураўёў шмат зрабіў для праваслаўя на нашых землях. Няпраўда, гэта не падстава! У свой час галоўным спонсарам расейскага праваслаўя на тэрыторыі Украіны быў гетман Іван Мазепа, адданы анафеме тою самаю царквою, школы якой ён адкрываў, святыні якой будаваў, аклады на абразах якой рабіў залатымі. І цяпер у царкве Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы служылі не ў гонар вызваляльнікаў сялянаў Мікалая Мілюціна і Якава Растоўцава, якія распрацавалі ўсе дакументы, падрыхтавалі галоўную рэформу на тэрыторыі імперыі, а ў гонар іх галоўнага апанента, які публічна адстойваў ідэі прыгоннага права, ідэі рабства і няволі.

У гэтай якасці запатрабаваны сёння Міхаіл Мураўёў. Але не толькі як ідэолаг рабства. Не толькі як карнік-практык. Варта адзначыць яшчэ адну ягоную якасць. Ён быў свядомым фальсіфікатарам гісторыі. Сцвярджаю гэта з усёй адказнасцю – як чалавек, які каментаваў тэкст ягоных успамінаў, лавіў яго на падтасоўваннях, на недакладнасцях, на звядзенні асабістых рахункаў. Ён – а не Карамзін, Салаўёў, Ключэўскі, нават не Устралоў – заклаў аснову гістарычнай канцэпцыі, якая пануе. Згодна з ёй: што добра для справы ўмацавання імперыі, тое і правільна. Гэта інтэлігентны ідэолаг накшталт графа Уварава мог прыдумляць трыяды паводле Гегеля, увязваць народнасць з праваслаўем і самадзяржаўем. Для Мураўёва гэта было ўсё роўна. Проста – усё роўна. Ён не аддзяляў маральных учынкаў легітымных уладароў ад амаральных. Бяздушная машына, якая выконвае загад? Не. Машына хлуслівая, прасякнутая духам карʼерызму, якая прагне славы і ўлады.

Не было таленавітага адміністратара. Не быў ён таленавіты. Ягоны талент скончыўся падчас апалы, калі ён збіраў грошы на выратаванне ад голаду сялянаў Смаленскай губерні – як былы дзекабрыст. А потым, калі яго адстаялі ад следства і прынялі на дзяржаўную службу – дупу рваў, выслужваўся, займаўся пратэкцыянізмам, адпісваў сабе казённую ўласнасць, выбіваў ордэны і землі для сваякоў. Вядома ўсё гэта. Апублікаваныя дакументы. Апублікаваныя сведчанні сучаснікаў.

Я – не Аляксандр Герцэн і не Пётр Далгарукаў. Я не буду займацца расшыфроўваннем злачынных схільнасцяў графа Віленскага па партрэтах. Мая задача – апублікаваць каментар. Што я і зрабіў вясной 2016 года, разумеючы: рана ці позна, карыстаючыся нашаю агульнаю непрытомнасцю, гэты «кракадзіл» усплыве на паверхню і будзе выкарыстаны як новы сродак у барацьбе з ідэяй беларускай дзяржаўнасці.

І – вось яшчэ.

Мураўёў кіраваў здушэннем паўстання 1863–1864 гадоў на тэрыторыі чатырох сучасных дзяржаваў і спрабаваў закрануць тэрыторыю пятай. У прадстаўніцтва донарскіх арганізацыяў трох з іх звяртаўся я з просьбамі: дапамажыце выпусціць каментаванае выданне нататак! Гэта трэба зрабіць! Трэба даць у рукі людзям дакумент, які цалкам раскрывае сутнасць таго, што рабіў і пра што думаў Мураўёў. Не таму, што трэба ваяваць з нябожчыкамі. Таму, што яго ідэалогія – жывая.

Мне сказалі: гэта неактуальна.

Атрымайце і распішыцеся!

«Кракадзіл» усплыў. За карніка публічна моляцца.

іншыя запісы
Каментары