Александр Федута Кожны атрымае па словах і ўчынках сваіх

паліткансультант

Хлопцы, ці вы сапраўды хочаце, каб вам паверылі? Я да спадароў Мірончыка і Пабяржына цяпер звяртаюся, да прэс-сакратароў МЗС і КДБ. А што вы зрабілі для таго, каб вам верылі? Ці быў прынамсі адзін выпадак – не ў вас, але ў вашых папярэднікаў на гэтых жа пасадах, – каб было зразумела: вы і толькі вы гаварыце праўду? Не ўзгадаю.

Цяпер Дзмітрый Мірончык кажа пра адэкватнасць дзеянняў беларускіх сілавікоў падчас разгону акцыі, якую ў яго «язык не паварочваецца назваць мірнай», а Дзмітрый Пабяржын аб’яўляе, што ніхто не змяшчаў у СІЗА КДБ Мікалая Статкевіча. Зразумела, што абодва яны на службе, але выстаўляць і сябе, і ведамства свае ідыётамі ніяк не выпадае.

Пачнем са спадара Мірончыка. У яго язык не паварочваецца. А трэба было бы, каб павярнуўся. Ні на адным з апублікаваных відэа і фотакадраў няма выявы ўдзельнікаў акцыі 25-га сакавіка, якія аказваюць супраціў супрацоўнікам органаў унутраных справаў, разбіваюць шыбы, пераварочваюць аўты, кідаюць дымавыя шашкі і нават проста ідуць па праезнай частцы. Не было гэтага. Затое Інтэрнэт поўніцца іншымі кадрамі: вось тры малойчыкі некуды цягнуць старога з палачкай; вось валакуць маладога хлопца, які не ў стане супраціўляцца гэтым здаравякам; вось байбус у чорным вядзе да аўтазаку маладую дзяўчыну, якая  пазаўчора школу скончыла (ну – два гады таму) і зусім не прэтэндуе на званне чэмпіёнкі па самба. Дзе вы бачылі там масавыя беспарадкі?

І пры гэтым спадар Мірончык ні слова не кажа пра збітага брытанскага журналіста, францужанку, што атрымала ўдар у сківіцу ад невядомага сілавіка, і пра затрыманую польскую журналістку, лёс якой – як сведчыць Твітар – занепакоіў асабіста прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду. Ён – прэс-сакратар МЗС – гэтага не бачыў. І не чытаў пра гэта. Ён наагул карыстаецца выключна афіцыйнай інфармацыяй. Зразумела, што спадар Мірончык можа выглядаць ідыётам столькі, колькі захоча, але ўжо не варта лічыць ідыётамі тых, хто чытае ягоныя заявы ды каментары. Яны – акрамя каментароў МЗС – і ў інтэрнэт зазіраюць.

Са спадаром Пабяржыным яшчэ прасцей. Ён кажа пра тое, што ніхто не прывозіў Мікалая Статкевіча ў СІЗА КДБ. Не ведаю, кім Пабяржын служыў у снежні 2010 года, але я вельмі добра памятаю той час. І не я адзін. І не толькі мая жонка публічна пыталася, куды знік яе муж, якога канфіскавалі ды вывезлі нібыта ў КДБ у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года. Але тады і ёй, і не толькі ёй адказвалі ў КДБ:

– Мы не ведаем. Вашых родных у нас няма.

А потым раптам – раз! І мы ўсе знайшліся! Уміг. Пасля таго, як адпаведную занепакоенасць публічна выказалі ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, урады, палітыкі, зоркі культуры і навукі, і нават некалькі нобэлеўскіх і оскараўскі лаўрэатаў. Сам Аляксандр Лукашэнка шчыра прызнаўся:

– Усе яны ў нас! Паказанні даюць!

Мы яшчэ не пачалі даваць паказанні. Нам яшчэ проста прасавалі мазгі афіцэры КДБ і МУС рознага ўзроўню. Але яны рабілі гэта тады, калі да нас не пускалі адвакатаў, не перадавалі лістоў да нас і ад нас. І гаварылі да таго часу, пакуль «Першая асоба» не прагаварылася:

– Іх у нас няма.

Вы хочаце, каб вам верылі? Тады проста – не хлусіце. Але гэта вы не ў стане рабіць. Вам не хапае не грамадзянскай нават, а чалавечай адвагі. І прафесійнага майстэрства. Таму нават тады, калі вы будзеце гаварыць праўду, вам не павераць. І вінаватыя ў гэтым будзеце толькі вы самі.

У мяне пытаюцца, чаму я выступаў і выступаю супраць люстрацыі. Я шчыра кажу:

– Кожны павінен адказваць за свае ўчынкі. За тое, што ён рабіў і што казаў. За іншых адказваць не варта.

І я веру, што рана ці позна гэта будзе.

Я, сапраўды, супраць карпаратыўнай адказнасці дзяржаўнага апарату, як і, напрыклад, следчых, якія займаліся рэальнымі крымінальнымі справамі. Але ёсць тры – раней было дзве, зараз менавіта тры – катэгорыі, што павінны адказаць.

Першая – педагогі, што пераследавалі або дазваляюць пераследаваць сваіх вучняў і што ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў. Бо яны сапраўды ведалі, што парушаюць маральныя законы.

Другая – юрысты – суддзі і пракуроры, якія выносілі загадзя неправасудныя прысуды, якія давалі санкцыі на праслухоўванні ды пераслед без належнага абгрунтавання, якія парушалі ўсе нормы заканадаўства і права. Бо яны дакладна ведалі, што парушаюць тое, што павінны выконваць, і на варце чаго яны стаяць.

Пра гэта я ўжо пісаў не адзін раз. Цяпер дадалася трэцяя. Ідэолагі, прапагандысты і прэс-сакратары. Тыя, хто хлусяць. Бо таксама ведаюць, што робяць.

І хай кожны з іх атрымае па словах і ўчынках сваіх.

іншыя запісы
Каментары