Аляксандр Гелагаеў Кібер-гульня – кібер-вайна. Пентагон будуе кампʼютарныя палігоны для вайсковых вучэнняў

гісторык, вайсковы аглядальнік

Агенцтва па супрацьракетнай абароне ЗША заключыла кантракт на распрацоўку палігона для кібер-вайныінтэрнет-пляцоўкі, на якой хакеры-вайскоўцы будуць спаборнічаць пад кантролем інструктараў.

Спецыяльную баявую прастору пабудуе кампанія «Raytheon» – стары і вялікі (выручка больш за $20 мільярдаў у год) выканаўца розных высокатэхналагічных замоваў Пентагона. Менавіта гэтая фірма зʼяўляецца, напрыклад, буйнейшым у свеце вытворцам кіраваных ракет.

Акрамя навучання спецыялістаў па кампʼютарнай вайне на пляцоўцы будуць мадэлявацца рэальныя баявыя сітуацыі, выпрабаванні эфектыўнасці як звычайных узбраенняў, гэтак і сродкаў кампʼютарнай і радыёэлектроннай барацьбы, гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Матэматычнымі метадамі будуць разлічвацца верагоднасць поспеху супрацьракетных падраздзяленняў, прагназавацца баявыя пашкоджанні ад варожых удараў, вынікі кібер-змагання. Сістэма павінна быць гатовая ў пачатку 2018 года.

ЗША і краіны НАТО рэзка актывізавалі свае дзеянні ў сферы радыёэлектроннай і кампʼютарнай абароны пасля 2014 года, калі Расея паказала частку сваіх магчымасцяў на тэрыторыі Украіны.

Афіцэры і генералы амерыканскіх войск, якія наведвалі ўкраінскіх вайскоўцаў, зазначылі, што здольнасці Масквы ў кампʼютарна-электронным супрацьдзеянні аказаліся значна большымі, чым чакалася.

Украінская армія сутыкнулася з такім узроўнем супрацьдзеяння, з якім ужо шмат дзесяцігоддзяў не сутыкалася аніводная заходняя армія. Гэта стала штуршком для развіцця і вучобы на сваіх памылках.

«Траціна ўкраінскіх вайскоўцаў прайшлі… праз зону баявых дзеянняў, у той час як ніхто з амерыканцаў не трапляў пад ракетны ці артылерыйскі абстрэл расейцаў, не адчуваў на сабе ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннага паднаўлення ці выведкі», – казаў генерал-лейтэнант арміі ЗША Бен Ходжэс.

Фота: Міністэрства абароны ЗША

Кібер-палігон для Агенцтва па супрацьракетнай абароне – не першая замоўленая камп’ютарная вайсковая пляцоўка для Пентагона за апошнія некалькі месяцаў.

У канцы мінулага году падобную сістэму замовілі сабе і Сухапутныя войскі ЗША. Праграма «Сталая прастора для кібер-навучання» дапаможа вайсковым кампʼютаршчыкам калектыўна праводзіць імітацыі малых і вялікіх, наступальных і абарончых баявых аперацый.

Таксама ў штаце Джорджыя зараз будуецца вайсковая база для вядзення кібер-вайны.

Вучэнні па кібер-вайне адбываліся і раней, але сапраўдны размах яны набылі таксама ў 2014 годзе. Тады НАТО правяло буйнейшыя камп’ютарныя вайсковыя вучэнні ў сваёй гісторыі – у іх удзельнічалі каля 700 вайскоўцаў і цывільных спецыялістаў з 28 краін.

Тады на працягу 3 дзён 100 «кібер-агрэсараў» з каманднага цэнтру НАТО ў Эстоніі трэніраваліся нападаць – запускалі вірусы і прабіваліся ў вайсковыя камунікацыі праціўніка, а каманды ў розных краінах Еўропы абараняліся. Адзін са сцэнароў прадугледжваў нават захоп у закладнікі сямʼі высокапастаўленага супрацоўніка НАТО, якога шантажавалі з мэтай атрымаць праз інтэрнэт доступ да сакрэтных дадзеных.

Менавіта ў Эстоніі ў 2007 годзе быў заўважаны першы расейскі кібер-наступ – 10 дзён інтэнсіўных камп’ютарных атак на камунікацыі і фінансавы сектар краіны.

У перспектыве можа ўявіць сабе, як розныя такія палігоны радоў войск будуць інтэгравацца і абʼяднаюцца ў агульную, самую вялікую ў свеце пляцоўку для вельмі рэалістычных камп’ютарных гульняў. Толькі ў гэтыя гульні будуць гуляць сапраўдныя афіцэры і генералы са зброяй і тэхнікай, якая практычна нічым не адрозніваецца па характарыстыках ад сапраўднай.

Спецыялістаў у гэтай сферы рыхтуюць і ў Беларусі – гэтым займаецца, напрыклад, Ваенная акадэмія з яе Факультэтам сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Аднак цяжкая сітуацыя ў нерэфармаванай эканоміцы савецкага тыпа наўрад ці дазваляе забяспечыць нашых курсантаў усімі тэхналагічнымі магчымасцямі, якіх заслугоўваюць з кожным годам усё больш патрэбныя краіне кібер-абаронцы.

 

Тэгі: ,
іншыя запісы
Каментары