Алесь Кіркевіч Казка для дарослых. Пра перасяленне душаў

журналіст, літаратар

Жыў у адным краі князь – Ванька Жахаў. Кіраваў ён сваім княствам жорстка: каго ў цямніцу пасадзіць, каго да слупа ганебнага прыкуе, а рэшту абкладаў аброкамі непамернымі. Але як любіць каго, дык дровы секчы запросіць, кавун падорыць або харомы белакаменныя. За тое яго шанавалі і баяліся.

І быў у князя вораг са старых часоў, калі толькі на княства ішоў – баярын Андруша Курбскі. Але і той з княства з’ехаў, пачаў кніжкі шчымлівыя пісаць ды праклінаць Ваньку пры кожнай дай-нагодзе. За тое князь зневажаў яго, а люд просты чакаў-чакаў, што вернецца баярын, а пасля забыўся на Андрушу.

Аднаго ж разу сталася такое, што не магло ніколі стацца. Праляцела над краем тым навальніца, дубы стогадовыя паламала, кавуны градам пабіла, ды ў харомы княжыя завітала…

Прачынаецца наступнага ранку Андруша Курбскі і не пазнае нічога навокал. Столі высокія, печ кахляная паліхромная, шкура мядзвежая на сцяне, а побач з ім на ложку – княжна, маладая і незнаёмая, спіць, белую руку з дарагім манікюрам яму на грудзі паклаўшы.

Устаў, падыйшоў да люстэрка дрэздэнскай работы, глянуў і ўсё зразумеў. Глядзеў на яго з бездані люстэркавай Ванька Жахаў. А тут дзверы адчыняюцца, на парозе стаіць баярын ва ўсім чорным з каменным позіркам ды сякерай у руцэ. «Ну, усё…» – падумаў Курбскі. А баярын яму: «Доброе утро, Иван Анатольевич, тут банкиры приехали дрова рубить…»

Тым часам, за тысячы вёрстаў на з’ёмнай кватэры, заваленай кніжкамі, лістамі ды факсамі, прачнуўся Ванька Жахаў, падышоў да люстэрка, пабачыў твар забыты і ненавісны ды закрычаў страшным крыкам. І крычаць перастаў толькі калі мурыны пачалі ў дзверы грукаць ды пагражаць паліцыяй. Пасля ж піў тры тыдні з гора, не мог паверыць, што так сталася.

Курбскі ж, заняўшы цялесную абалонку Жахава пасля начной навальніцы, пакрысе ўваходзіў у смак княжання. Дровы пачаў секчы, кавуны падліваў шторанку, звыкся нават да чужых палюбоўніцаў з дарагім манікюрам, якія гойсалі па харомах княжых. Збылася яго мара пра ўладу.

Першай справай змяніў ён герб ды харугву княскую, заняўся вяртаннем старарыжтнай мовы да ўжытку, якую скасаваў Ванька Жахаў. Адно толькі яго засмучала: не ведаў як пісаць мемуары, ад якога імя. Вырашыў урэшце складаць у форме алегарычнай вершаванай паэмы ў стылістыцы вагантаў і мінэзінгераў – за гэтай справай і праходзілі ягоныя дні і ночы.

Ванька Жахаў, тым часам, працверазеўшы ды звыкшыся да прысутнасці мурынаў на вуліцах далёкага гораду, нарэшце раз’юшыўся і …вырашыў вярнуцца і ўсё вярнуць. Ніхто не сустракаў яго ў аэрапорце, акрамя пары-тройкі збяднелых баяраў ды хударлявых летапісцаў, што яго памяталі.

0_1e9c5_3117611f_l

Была восень. Збіраўся кангрэс незалежнага баярства, рытуал бессэнсоўны і безпантовы. Але Ванька прыйшоў на яго, чым зрабіў фурор. «Вы тут гранты стрыжоце, а ў вас – князь ненастаяшчы! – заявіў уцялесены ў Курбскага Жахаў, аглядаючы анямелую публіку, – страна в апаснасці!» Так заклаў ён Штаб народнага паратунку, даўшы яму сваё імя.

І паехаў Жахаў па краіне, збіраючы сходы чэрні, прапаведваў ім пра «ненастаяшчага князя», на якога ў яго «пяць вазоў кампрамату». Выходзіла з яго словаў, што князь – «фальшыўка, зробленая ў Кароне польскай». Народ слухаў моўчкі, пераглядаўся, але грэчку ды замарожаных курэй, якіх раздавалі з грузавікоў служкі Жахава, браў з удзячнасцю.

І вось, напрыканцы лістапада сабраў Жахаў сход вялізны пад сценамі баярскай думы. Крычаў, як заўжды, у мацюгальнік пра «ненастаяшчава князя», толькі служкі ягоныя раздавалі ўжо не курэй ды грэчку, а набоі ды рушніцы АКС74У… Калі запал натоўпу дасягнуў патрэбнага градусу, Жахаў у бронекамізэльцы сказаў сваё ракавое: «Фсем баеспасобным мужчынам пастроіцца возле памятніка князю Членіну…»

Кадры гэтыя назіраў у анлайн-рэжыме з княжых харомаў Курбскі. Вагонь у печцы кахлянай амаль згас, княжны з дарагім манікюрам гэтым разам не было, адно клён на вятрыску хваравіта скрыгатаў галлём па ваконнай шыбе. Уздыхнуў Курбскі ды хацеў ужо ісці сядаць за алегарычную паэму ў стылістыцы вагантаў і мінэзінгераў

Але дзверы адчыніліся. На парозе стаяў, як заўжды, баярын у чорным з сякерай у руцэ. «Ну што там, зноў банкіры?.». – незадаволена перапытаў Курбскі, не падымаючы вачэй ды макаючы пяро ў атрамант, каб пачынаць новы слупок. Баярын з каменным позіркам не адказаў нічога, моўчкі пераступіў парог ды рушыў у бок князя.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары