Аляксандр Фядута Канчатковая дэвальвацыя ведаў

паліткансультант

Усё правільна. Спачатку абясцэнілася нацыянальная валюта – у выніку трох (!) дэнамінацыяў, зараз абясцэніліся веды.

Цытую:

«- Ну навошта пяць гадоў вучыць? – працягнуў кіраўнік дзяржавы. – Я па сабе ведаю, што там (у ВНУ) пяць гадоў рабіць няма чаго. За тры гады можна дашліфаваць чалавека, калі праз тэхнікумы і каледжы, або прафтэхвучэльні, дзе ён ужо папрацаваў на вытворчасці. Тры гады дастаткова для атрымання вышэйшай адукацыі».

Пры гэтым – скараціць лішнія спецыяльнасці, лішнія дысцыпліны, лішнія гадзіны.

Лішнія дысцыпліны – напрыклад, у архітэктараў, – гэта якія? Або ў канструктараў аўтапрамысловасці?

Мой стрыечны брат – першы ў нашай сям’і, хто атрымаў вышэйшую адукацыю, а затым і навуковую ступень – выкладаў у Менскім палітэхнічным інстытуце – а потым універсітэце і акадэміі, і зноў універсітэце. Змянялася назва універсітэту – праблемы заставаліся тыя ж.

Мой брат выкладаў механіку.

– Ты ведаеш, – спытаў мой стрыечны брат-механік у мяне, філолага, – чым наша канструктарская думка адрозніваецца ад японскай? Напрыклад, пры падыходзе да канструявання кабіны аўтамабіля? Тым, што японец абавязкова задумаецца пра дупу.

— Пра што?

— Пра дупу. Пра задніцу кіроўцы. Яму ж за стырном працоўны дзень сядзець. Працоўны тыдзень. Працоўнае жыццё. Вось калі яго дупе нязручна ў кабіне, ён працуе хрэнова, і настрой у яго хрэновы, і жыццё сваё ён ненавідзіць. Таму японцы абавязкова ўлічваюць фактар дупы пры канструяванні аўтамабіляў і аўтобусаў. А ў нас пра дупу не думаюць – у нас праз яе ўсё робяць. І вынік адпаведны.

У слушнай рацыі свайго брата – на жаль, ужо нябожчыка – я пераканаўся, калі першы раз ехаў у аўтобусе вытворчасці МАЗ па вуліцах Менску. Трасяніна была дзікая. Ехаць было немагчыма. І кіроўца глядзеў на пасажыраў праз люстэрка з дрэнна схаванай нянавісцю.

Зрэшты, мы адказвалі яму тым жа.

Мяркуючы па ўсім, канструктары МАЗа даводзілі – дашліфоўвалі – тую сваю мадэль некалькі гадоў, пакуль трасяніна мінімізавалася да адносна прымальнага ўзроўню. Не знікла – мінімізавалася. У Нямеччыне, Іспаніі, Швецыі ў грамадскім транспарце я гэтай трасяніны ніяк не адчуваў. У нас – адчуваю. Дупай адчуваю.
Справа, зрэшты, не ў дупе. Справа ў філасофіі. Японцам на якасна іншым, нашмат больш высокім узроўні выкладаюць філасофію. Іх вучаць разуменню глыбінь чалавечай думкі. Усіх – не толькі прафесійных філосафаў. Канструктараў – абавязкова. Архітэктараў – абавязкова. Інакш яны не разумеюць, куды рухаецца чалавецтва. А яны павінны разумець. Яны павінны праектаваць, не аглядаючыся на міфічныя мінулыя дасягненні, а апярэджваючы свет будучыні. Пра гэта мне казаў брат, калі тлумачыў, чым мы адрозніваемся ад японцаў.

Таму ў японцаў тэхналогіі, а ў беларусаў поўная дупа.

Можна скараціць філасофію, але тады мы вернемся кудысьці ў мінулае.

Можна не выкладаць эстэтыку, але тады дамы, у якіх мы жывем, будуць яшчэ горш.

Можна ліквідаваць этыку за непатрэбнасцю цалкам, але тады да нашых лекараў лепш не хадзіць.

Можна не выкладаць мову і літаратуру, і пісьменнасць нашых чыноўнікаў стане эталоннай.

Увесь свет зразумеў неабходнасць агульнай культуры як умовы самаразвіцця спецыяліста і развіцця грамадства. Менавіта гэта і называецца цывілізацыяй.

Зрэшты, нам у свой час сапраўды сказалі, што за цывілізаваным светам нас не павядуць. Цяпер паабяцалі на першым курсе акунаць у гной – каб ведалі, які ў нас узровень вышэйшай адукацыі. Каб бачылі, да чаго – да якога менавіта жыцця – рыхтуюць першакурснікаў.

І трыццаць тысяч працаўнікоў IT-сферы будуць адчуваць сябе элоямі сярод марлокаў (памятаеце, адкуль гэта, паважаныя чытачы?). Асабліва тады, калі ўвечары паспрабуюць выйсці на вуліцу.
Сумна жыць на гэтым свеце, спадарства…

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары