Максім Чыгунка Калі паміраць, то толькі разам

публіцыст

Забарона на экспарт прадуктаў харчавання з Беларусі ў Расею, гэта прыкмета таго, што Пуціну рэзала вока назіранне за тым, як Беларусь зарабляе на «чужым горы». Саюз Расеі і Беларусі ўсё больш нагадвае «братэрства ў галечы».

Дзень, калі Крэмль абвесціў аб увядзенні эмбарга на імпарт заходніх прадуктаў харчавання, увайшоў у топ найлепшых момантаў у жыцці Аляксандра Лукашэнкі. Нарэшце з’явіліся новая схема падману старэйшага брата. Апошнім часам з падманам было цяжкавата. У найлепшым выпадку Беларусь прадавала за мяжу бензін, робячы выгляд, што гандлюе бітумнымі сумесямі, каб не плаціць мытаў ў расейскі бюджэт. Але гэта былі толькі крошкі з барскага стала – некалькі мільёнаў долараў.

Лукашэнку ўяўляў сабе малочныя рэкі, якія цякуць праз Беларусь з Польшчы і Літвы ў Расею. А ён глядзіць на ўвесь гэты цуд, збірае грошы за малочны транзіт.

Ды што там малако… Прэзідэнт Беларусі лічыў, што маскалям можна прадаць усё, дастаткова наляпіць этыкетку «Зроблена ў Беларусі» і вуаля. Нездарма ён папрасіў зрабіць фотку з кавунамі беларускага паходжання. Калі беларусы могуць вырасціць кавуны, то, глядзі, і расейцы не змогуць прычапіцца да таго, што Беларусь нечакана стане экспарцёрам гэтых даволі цеплалюбівых ягадаў.

«Мы можам набываць прадукты ў любой кропцы свету. Мы мусім імпартаваць, апрацоўваць і прадаваць. Толькі трэба дамовіцца з расейцамі, каб пазбегнуць абвінавачванняў у тым, што дзеем насуперак іхнай палітыкі». – заявіў Лукашэнка ў жніўні.

Аказалася, што не дамовіліся. Расейцы гэтым разам адмовіліся заплюшчваць вочы на экспартныя махінацыі Беларусі. Сотні грузавікоў, якія везлі ў Казахстан польскую садавіну і гародніну, адразу пасля мінання мяжы, ператвараліся ў кантрабандыстаў, якія развозілі забаронены тавар па ўсёй Расеі.

Эканамічны крызіс у Расеі паглыбляецца, а беларусы на гэтым «бабло косяць», падумалі расейскія чыноўнікі і прынялі рашэнне пакласці гэтаму канец. У беларускай кілбасе, вырабленай з мяса замежных пастаўшчыкоў, адразу ж знайшлі небяспечныя бактэрыі і антыбіётыкі. А беларуска-расейская мяжа ператварылася з фармальнай у рэальную.

Пуцін, відаць, ужо ведае, што з такімі коштамі на нафту Расею чакаюць цяжкія часы. І цяпер усімі праўдамі і няпраўдамі трэба шукаць сабе напарніка па галечы. Беларусь першая ў спісе кіраўніка Расеі.

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары