Максім Чыгунка «Калі мы губляем Чачэнію – трэба ўзяць хаця б Беларусь»

публіцыст

Пад бокам у Пуціна набірае сілы «новы Лукашэнка» – значна больш жорсткі і непрадказальны за кіраўніка Беларусі.

Калі дзяржаваю кіруюць не згодна з законам, але паводле бандыцкай завядзёнкі, калі Канстытуцыя – гэта проста кавалак паперы, палітычнай сістэме Расеі не застаецца нічога іншага, як проста фармавацца на падставе здзейсненых фактаў. Аўтарам гэткай мадэлі ёсць Рамзан Кадыраў, кіраванне якога прывяло да таго, што Чачэнія дасягнула амаль такога ж узроўню незалежнасці, як і Беларусь.

Невялікая каўказская рэспубліка мае практычна незалежнага ад Крамля прэзідэнта, войска і нават спробы самастойнай замежнай палітыкі. Кіраўнік Чачэніі наведвае шматлікія ісламскія краіны, прадстаўляючыся ісламскім лідарам. Пуціну застаецца глядзець на гэта, развёўшы ад бездапаможнасці рукі. Да таго ж, як і выпадку Беларусі, кіраўнік Расеі мусіць шчодра аплочваць гэткае фанабэрства расейскімі датацыямі.

Справа Нямцова даводзіць, што прэзідэнт Расіі капітуляваў і няма моцы, каб уплываць на Чачэнію. Кадыраў зусім не лічыцца з законамі, зацверджанымі ў Крамлі, не дазваляючы нават федэральным сілавікам увайсці без яго згоды на тэрыторыю Чачэніі. Але гэта датычыць не толькі сілавых структур. Чачэнскі лідар дае ясна зразумець, што ў Чачэніі будзе панаваць свая маральнасць, будуць шанавацца свае традыцыі і культура, а Расея ў гэтым выпадку ідзе лесам. Менавіта таму Кадыраў пераследуе ўладальнікаў крамаў з алкаголем, забараняючы ім займацца сваім бізнесам, хоць ён цалкам легальны ў Расеі.

Кадыраў дэманстрацыйна падтрымлівае прымушанне 17-гадовай дзяўчыны да шлюбу з састарэлым паліцыянтам. Да таго ж ён публічна злаяў тых чачэнцаў, якія адважваліся крытыкаваць такія парадкі.

Гэта азначае, што Расейская Федэрацыя – не дзяржава на самай справе, бо, згодна з класічнай канцэпцыі нямецкага сацыёлага Макса Вэбэра (Max Weber), дзяржава – гэта ўтварэнне, якое прынамсі можа манапалізаваць легальны гвалт на пэўнай тэрыторыі. У Чачэніі ж дзейнасць федэральных сілавікоў вельмі моцна абмяжоўваецца. Пуцін у імя міру на Каўказе і наагул дзеля тэрытарыяльнай цэласнасці Расейскай Федэрацыі вядзе ў дачыненні да Чачэніі падобную палітыку як і да Беларусі, якая для расейцаў амаль Расея, але не зусім.

На бяду Пуціна Кадыраў, аднак, значна горшы за Лукашэнку. Хоць Аляксандр Рыгоравіч часам таксама дазваляе сабе нахабства ў дачыненнях з Пуціным (напрыклад, арышт у менскім аэрапорце генеральнага дырэктара кампаніі «Уралкалий» Уладзіслава Баўмгертнера пасля ягонага спаткання з прэм’ер-міністрам Беларусі), але Кадыраў значна больш бессаромны. Калі ж яму хтосьці не падабаецца, ён проста наймае платных забойцаў, якія могуць забіць чалавека пад сценамі Крамля.

Расея на няшчасце сваіх суседзяў часта выкарыстоўвала экспансію ў якасці леку ад сваіх унутраных праблемаў. Чым большую незалежнасць будзе здабываць Чачэнія, тым імклівей будзе расці апетыт Крамля, каб захапіць кавалак зямлі за сваймі заходнімі межамі. Лекам ад падзення папулярнасці Пуціна быў і #Крымнаш, і вайна на Данбасе. Чым мацней будзе ўнутрана распадацца Расея, тым больш можа ўзрасці яе жаданне «інтэгравацца» з заходнім суседам. Калі мы губляем Чачэнію – трэба ўзяць хаця б Беларусь.

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары