Аляксандр Тамковіч Калі думаю пра пачатак вайны, адчуваю гонар і боль

публіцыст, пісьменнік

Калі кожны чэрвень надыходзяць першыя дні пачатку ВАВ, я заўсёды адчуваю дзве эмоцыі – ГОНАР і БОЛЬ. Гонар за перамогу над самым страшным у чалавечай гісторыі злом. Боль ад разумення таго, што дасягнуць гэтую перамогу можна было і не такой вялікай крывёй.

Адразу хачу падкрэсліць: словы знакамітага пісьменніка Віктара Пятровіча Астафʼева пра «трупамі закідалі», на мой погляд, трэба ўспрымаць не як нейкая «прыніжэнне» народнага подзвігу, а як заклік не толькі «пляскаць у далоні», але і думаць.

Менавіта апошняе часцей за ўсё і становіцца повадам для цынічных рэфрэнаў «не чапаць вайну» і «не фальсіфікаваць гісторыю». Афіцыйная прапаганда зрабіла з ВАВ нешта накшталт «свяшчэннай жывёлы», якую абавязкова трэба карміць, аднак пры гэтым нельга думаць, чым тую кормяць.

А кормяць яе міфамі, якія прыдуманыя для таго, каб выратаваць ад суду гісторыі свае «кіруючыя« шкуры, бо гэта менавіта той выпадак, калі чорнае робіцца шэрым, альбо ўвогуле выдаецца за нешта белае.

Наконт ракавага 22 чэрвеня 1941 года існуе так шмат розных лічбаў (часам дыяметральна супрацьлеглых), што я прыгадаю толькі тыя, якія не аспрэчваюцца не адным з бакоў.

Перш за ўсё – на ВАВ мы страцілі ў два разы больш за немцаў вайскоўцаў і ў 11 разоў больш мірнага насельніцтва. Ніхто не аспрэчвае і той факт, што за час вайны ў шэрагах «Вермахта» служыла каля мільёна (!!!) савецкіх салдат, і яшчэ 800 тысяч было рознага кшталту калабарацыяністаў, якія падпарадкаваліся войскам СС.

Я не гісторык і не мараліст, каб даваць нейкія адзнакі гэтым лічбам, але яны нараджаюць шмат нагодаў задумацца над сутнасцю ўсенароднай любові да савецкай улады…

Асабліва, калі ўлічыць, што чыста «вайсковыя страты» узятыя за ЎВЕСЬ час вайны, калі ўдалося крыху выправіць сумную статыстыку першых дзён. Зноў-такі я не стану сцвярджаць, што на кожнага забітага фашыста ў пачатку вайны прыходзілася да дзесяці геройскі загінулых чырвонаармейцаў, але тое, што ніхто і ніколі іх не шкадаваў – факт.

На пачатку журналісткай працы мне даводзілася шмат размаўляць з сапраўднымі ветэранамі, якія тады яшчэ былі жывымі. Не хочацца прынізіць вайсковыя таленты «маршала перамогі», але вось «недарэчнасць». Пераважная большасць маіх суразмоўцаў ніколі і нікому не жадалі б ваяваць пад яго кіраўніцтвам, па той прычыне, што самы тытулаваны пераможца паталагічна не цаніў людское жыццё.

Канешне, падобную жорсткасць можна апраўдаць «цяжкімі часамі», але гатовасць «размініраваць» мінныя палі Зеелаўскіх вышынь, прагнаўшы праз іх батальён-другі «штрафнікоў» прагучала тады, калі гэтыя часы не былі ўжо надзвычай цяжкімі.

А фразу «бабы нараджаюць яшчэ» не аспрэчваюць нават самыя ярыя апалагеты чалавека, які некалі камандаваў у Заходняй ваеннай акрузе, якая потым стала Беларускай. І калі б на месцы генерала Паўлава, якога зрабілі «крайнім» і хуценька расстралялі, быў нехта іншы, мы бы маглі застацца без будучага выратавальніка валюнтарыста Хрушчова…

І яшчэ адна «крамола». Не прыніжаючы, важкасць вядомага подзвігу Аляксандра Матросава, як былы вайсковец адзначу, што па вялікаму рахунку ён павінен быў застацца жывым. Бацькі-камандзіры павінныя былі навучыць яго ваяваць так, каб і ворага знішчыць, і самому не загінуць.

На жаль, рэальнасць часам далёка не заўсёды адпавядае кніжным ідэалам. Можа быць перад вайной замест баявой падрыхтоўкі салдаты і не будавалі генеральскіх лецішчаў, але тое, што рыхтаваць іх трэба было лепш – яшчэ адзін факт.

Вучыць прафесійна ваяваць, а не расказваць казкі пра вайну «на чужой тэрыторыі».

Так што перамога дасягнутая не «мудрым кіраўніцтвам», а крывей звычайных салдат. І гінулі яны з большасці не за нейкіх правадыроў (хаця прапаганда працавала значна лепш, чым зараз), а за сваю зямлю, свой дом, сваіх родных і блізкіх.

Рэкамі, акіянамі гэтай крыві

Пралітымі нярэдка толькі дзеля для таго, каб нехта потым вагонамі прывозіў «трафеі».

Прынцыпова не буду называць усіх ветэранаў «ряжеными», але ад пэўных падлікаў, сапраўды, вельмі цяжка ўстрымацца. Нават калі, чалавек толькі нарадзіўся ў 1941 годзе, то сёння яму павінна быць каля 76 гадоў, а, калі ён яшчэ і ваяваў, то адразу можна накінуць яшчэ амаль два дзясятка.

І наконт «нечаканасці» пачатку вайны ў мяне шмат пытанняў. Перш за ўсё адносна сумяшчальніцтва гэтай тэзы з загадам «не паддавацца на правакацыі».

Апошнім часам даволі часта прыходзіцца чуць пра «паўтор». Маўляў, нехта ў чарговы раз гатовы дайсці да Берліна. Так і хочацца спытаць: «Паўтарыць ШТО? 22 чэрвеня 1941 года? А можа трэба паўтарыць салдацкія косці, якімі ўсланы абшары ад Берасця да Масквы і палова Еўропы?»

А можа нехта думае, што гэта будуць косці не яго самога, а некага іншага?

Глядзіце таксама:

іншыя запісы
Каментары