Віктар Шукеловіч Як рабаўніцу з прыгожым абліччам даганяў беларускамоўны хлопец

літаратар, журналіст

Прывакзальная плошча ў Маладзечне мігцела агнямі. Святло падала не толькі зверху, з высокіх ліхтароў, але і з боку – з вітрынаў шматлікіх шапікаў. Чакаючы вячэрніх дызеляў, людзі рабілі апошнія справункі.

Нехта купляў шакаладныя батончыкі і чыпсы як гасцінцы для дзяцей, некаторыя – піва ці мінеральную ваду, іншыя – памаду ці батарэйкі ў пульт да тэлевізара. Былі і такія, што проста хадзілі ды глядзелі, параўноўвалі кошты ды меркавалі, што набудуць, калі займеюць лішні рубель.

Амаль поцягам цягнучы па зямлі напаўпустую паласатую торбу, каля шапікаў круцілася невялічкая жанчынка, амаль карлік у хустцы. І без таго невысокую, яшчэ ніжэй да зямлі яе прыгінаў горб, што вытыркаўся на спіне праз зялёны світар. Спаднічка даходзіла амаль да костак на нагах, абутых, відавочна, у завялікія гумовікі. Шорг-шорг – шаргацелі боты жанчыны па бетонным ходніку. Кабеце цяжка было нават адарваць іх ад зямлі. Яна паволі хадзіла ад аднаго шапіка да другога, падоўгу прастойваючы, прытуліўшы лоб да вітрынаў. Каля аднаго з шапікаў стаялі ды голасна рагаталі дзве дзяўчыны – вельмі прыгожая і зграбная бландзінка ды мажнаватая брунетка. Жанчына з торбаю сышла з ходніка, каб абысці маладых па езнай частцы. Бландзінка, пабачыўшы яе, сарвалася з месца ды шпарка, нібы каршун, падляцела да гарбулі:

– Што купіла? Што купіла? – накінулася прыгажуня на малую кабетку ды пачала вырываць ёй з рук торбу.
Кабета ўся сціснулася, здавалася, ейнага малога цельца стала яшчэ менш, але яна моцна ўчапілася за торбу:
– Хлеб там, хлеб…, – пачала яна казаць, насупіўшы бровы.
– Давай, пакажы, даставай, – ніяк не магла адчапіцца бландзінка, рагочучы і паказваючы радок белых, ідэальных зубоў.

Да сяброўкі падышла таўстушка:
– Таня, пайшлі. Навошта табе гэтая, калека? Пайшлі, Таня…, – пачала прасіць каляжанку брунетка, паглядаючы на людзей, якія азіраліся, але моўчкі праходзілі міма.
– Зараз, зараз, чакай, – кінула сяброўцы бландзінка. – А ты давай, варушыся, – загадала яна сваёй спалоханай ахвяры. Жанчынка дрыготкімі рукамі яшчэ корпалася ў торбе.
Вось, глядзі, на, больш нічога няма, – гарбаценькая дастала з сумкі жытні хлеб-цагліну. Маладзіца ўзяла хлеб, панюхала ды кінула на зямлю.
– Паказвай, што яшчэ ў торбе, – пачала наступаць бландзінка на маленькую жанчыну. Тая, як спалоханы звярок, зацкаваная гончым сабакам, ці дзіця, перад якім трэслі дзягаю, адступала плячыма да шапіка.
– Нічога больш няма, дальбо, праўду кажу, – прасілася яна, прыціскаючы торбу да грудзей.

– Аддай падла, – з усёй сілы дзяўчына выхапіла з рук кабеткі сумку. – Зараз паглядзім, ага, тысячы тут параскіданыя, – дзяўчына выцягнула з торбы жменю змятых банкнотаў. – Бяры сваю смярдзючую торбу, – гаркнула бландзінка, хаваючы ў кішэню грошы. – А гэта я канфіскую, і так не тваё – нажабраванае або крадзенае. Глядзі мне, бо другі раз прыб’ю, – прыстрашыла бялявае дзяўчо гарбулю. – Пайшлі, Юлька, купім джын-тоніку, – сказала яна каляжанцы, што нервова азіралася па баках.

– Аддай грошы, – пачуўся раптам крык. Дзяўчаты і малая кабета зірнулі ўбок – крычаў па-беларуску зусім малады хлопец, пэўна студэнт.
– А гэта бачыў? – бялявая маладуха скруціла хлопцу на пальцах дулю. – Такі беларус мне знайшоўся, валі адсюль, пакуль я не раззлавалася, – патрэсла яна кулаком, але было відаць трывогу на яе твары. Таўстушка, што была побач, некуды знікла.
– А ці будзеш хацець, каб твае дзеці абіралі жабракоў? – пытаўся, падыходзячы, студэнт.
– Толькі падыдзі, то больш не захочаш, – нервова папярэджвала дзяўчына. Малая кабетка, уціснутая плячыма ў шапік, мармытала нешта пад носам. Хлопец памалу, але ўпэўнена падыходзіў. Бландзінка сарвалася з месца і што сіл далася прэч. За ёй кінуўся хлопец.

– Абы не дагнаць, – шаптаў ён сам сабе. – Калі даганю, то што рабіць – тузацца з дзяўчынаю? Заломваць ёй рукі? Добры з мяне джэнтльмен… – мільгала ў хлапечай галаве, калі той пераследаваў бялявую зладзейку.

Тым часам маленькая жанчынка азірнулася направа-налева ды падышла да хлебнага бохана, што ляжаў на зямлі. Падняла, прытуліла да грудзей, абцерла ды зноў кінула ў торбу. Хвіліну пастаяўшы, зняла з нагі гумовік ды нібы ў бочку ўсадзіла туды дзве рукі. Пакорпаўшыся ў боце, кабета выняла адтуль пук грошай ды хутка пашыбавала да найбліжэйшага шапіка, што запрашаў пакупнікоў агнямі. А мінакі мітусіліся, нічога не заўважаючы, сноўдалі туды-сюды, нібы заведзеныя цацкі на спружыне.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

 

іншыя запісы
Каментары