Зміцер Ягораў Іпэшнікі на каленях. Але гэтага мала

рэдактар belsat.eu

Бізнесоўцы заклікаюць Лукашэнку да дыялогу. Фактычна накласці мараторый на Указ № 222. Сабрацца разам і шчыра абмеркаваць – як жыць далей. Разам усталяваць правілы гульні. Дамовіцца.

Праблема ў тым, што Аляксандр Лукашэнка падпісваў гэты ўказ не дзеля таго, каб яго скасоўваць. Ці хтосьці сапраўды думае, што «цар – добры, і нічога не ведае»? Хтосьці ўсур’ёз спадзяецца, што паразмаўляўшы з Мэркель, паціснуўшы руку Алянду, Лукашэнка сыдзе да ўзроўню тых, каго называе «таргашамі» і «вашывымі блохамі»?

Бізнесоўцы на каленях. Яны хоць і абураныя, але – дэмаралізаваныя, напалоханыя. І не гатовыя устаць з кален і пратэставаць. «Ніхто нікога нікуды заклікаць не будзе», – сказаў кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. У тэксце рэзалюцыі гэта нават зазначаюць тлустым шрыфтам. А пакуль шараговыя гандляры не знойдуць сілаў падняцца з кален – ніхто ні з кім ні пра што размаўляць не будзе.

Усё слушна, паспрабуй «Перспектыва» хоць каго, хоць куды заклікаць – лідар яе апынецца ў ізалятары, а то і ўсю арганізацыю забароняць. Яшчэ свежы ў памяці арышт Сяргея Штоды, які хадзіў на перамовы да віцэ-міністра. Выйдзе з камеры, пасля арышту працягласцю 15 дзён

Беларускія ўлады не ўмеюць слухаць тых, хто просіць. Не могуць пачуць тых, хто прапаноўвае. Слыхавы апарат начальнікаў – незалежна ад месца ў вертыкалі, не здольны ўлоўліваць такія танальнасці. Да гэтага трэба ставіцца як да асаблівасці канструкцыі.

Затое апарат добра ўлоўлівае ноткі пагрозы. І дзейнічае хутка, жорстка, без роздумаў. Адзіны спосаб дагрукацца – масавы паказальны пратэст. І не ў фармаце «на злосць бацьку вушы адмарожу» – не выйду на працу на рынак. А такі, як падчас акцыі «Стоп-бензін». Бадай што адзін прыклад, калі ўладам давялося прыслухацца да людзей. Бо людзі не стаялі на каленях.

Вінаваціць прадпрымальнікаў у маладушнасці несправядліва. Нават тое, што больш за тысячу бізнесоўцаў сабраліся на форуме – сведчанне іх адвагі. Дзяржава знішчае іпэшнікаў-гандляроў як клас вось ужо больш за 10 гадоў. Самастойныя, ініцыятыўныя, рашучыя, гатовыя адстойваць свае інтарэсы – такія грамадзяне чужыя і незразумелыя, яны палохаюць выбудаваную Лукашэнкам вертыкаль. Усе гэтыя гады іх душылі падаткамі, ліцэнзіямі, сертыфікацыяй, праверкамі і канфіскацыяй. Урэшце – паставілі на калені. Але і гэтага мала. Яны маюць знікнуць канчаткова, або колькасць іх ды патэнцыял як палітычнай сілы не мусяць перавышаць памер статыстычнай памылкі.

іншыя запісы
Каментары