Алесь Кіркевіч Хто ў рэальнасці цягне Беларусь у Расею?

журналіст, літаратар

«Халодная вясна 2017-га» у Беларусі яшчэ не скончылася, але ўжо можна падвесці пэўныя вынікі.

Адзін з галоўных вынікаў сведчыць, што паўтара тыдні рэпрэсіяў фактычна знішчылі паўтара гады плённай працы беларускага МЗС. Бо ўсё, што было напрацавана ад лета 2015-га зараз упэўнена і дзелавіта знішчаецца. Хісткі масток у Еўропу не проста захістаўся, а, здаецца, вось-вось паваліцца.

І Макей гэта цудоўна бачыць, разумеючы, што наступнага шанцу ані ў яго асабіста, ані ў «празаходняга дрэйфу» для Беларусі ўжо не будзе. Ягоная заява пра рэпрэсіі, як фактар падрыву стасункаў з Захадам даволі смелая, бо з’яўляецца штуршком у бок сілавікоў, але адначасна безнадзейная: значыць ягоны ўплыў у вышэйшых кабінетах не такі моцны, як у людзей у пагонах. Інакш і заяваў рабіць не давялося б.

Мы ўсе чакалі пагрозы звонку…

Пра расейскую пагрозу, пачынаючы з 2014-га, было сказана ўжо нават больш, чым трэба. Мы ўсе сачылі за навінамі пра казачыя летнікі, прарасейскія ініцыятывы ў БПЦ, расейскія базы на мяжы з Беларуссю ды 4 000 вагонаў падчас будучых вучэнняў… Апошняй навіной была фактура пра мабілізацыю «чарнасоценцаў» на Дзень Волі, маўляў, прыедуць «махацца» з апазіцыяй ды нацыяналістамі.

Мы ўсе чакалі пагрозы звонку і нават спачувалі сілавікам, якія рабілі выгляд, што таксама адсочваюць, ставяць «на карандаш», а часам нават арыштоўваюць беларусафобаў. Маўляў, мы ж адзін народ, значыць і інтарэсы ў нас агульныя. Хай у нас свой сцяг, у іх – свой, але незалежнасць важная для ўсіх без выключэння, трэба забыцца на крыўды і супрацьстаяць агульнаму ворагу.

Адным словам, мы бачылі новую мадэль, новыя арыентціры, новых «сваіх» і «чужых». Апынулася ж, што і «свае», і «чужыя» засталіся на сваіх месцах. Ізноў АМАП супраць людзей, дзяржава супраць патрыётаў, тэлебачанне супраць гледача. Хоць у кожным сказе замест «супраць» хацелася ўпісаць «для» або «за».

Усё як у 2010-м, толькі хутчэй

Фактарам згортвання праеўрапейскага курсу і ўцягвання ў Расею ізноў выступаюць сілавікі, як і ў 2010-м. З той розніцай, што сем год таму ўсё было «прыгожа і гладка» ажно да вечару 19 снежня. Зараз жа працэс вырашылі прыспешыць, а 25 сакавіка, верагодна, зрабіць кульмінацыяй. Пакуль рэпрэсіі толькі злуюць людзей, але грунтоўная зачыстка 25-га і пасля можа ў чарговы раз перапужаць.

Усё ж такі, Менск пакуль даволі сыты ў параўнанні з галоднымі рэгіёнамі, а значыць, ударнай сілай, як і раней застаюцца актывісты, а не працоўныя МАЗу. З імі сілавікі працаваць умеюць, дзеянні і контр-дзеянні прадказальныя.

Пры такім варыянце ўсё паўторыцца ізноў: разгон – крыж на сітуацыі з «правамі чалавека» – рэакцыя Захаду – шчыльныя абдымкі «усходніх братоў». Навошта Маскве выбудоўваць новыя схемы з казакамі ды эшалонамі вайсковай тэхнікі, калі працуе стары сцэнар з удзелам сілавікоў?

Страхі, мацнейшыя за фактуру

І тут цяжка не пагадзіцца з тэзамі дакладу Царыка і Сівіцкага аб прэзідэнце, якога ў чарговы раз уводзяць у зман. А ён, як бачым, і не супраць быць падманутым. Відаць, страхі перад народным пратэстам, нацыяналістамі ды анархістамі ў адным флаконе, сканцрэнтраваныя ў фільме «Званок другу», мацнейшыя за рэальныя факты ды спробы ацаніць сітуацыю.

Калі сцэнар сілавікоў пройдзе, яго вынікам стане толькі ўзмацненне эканамічнага крызісу, «закручванне гаек» па ўсіх франтах, дэпрэсія і дэзарыентацыя ў грамадстве. Пры гэтым ваякі Шуневіча будуць браць пад казырок і рапартаваць, маўляў, усё пад кантролем, краіну ўратавалі і збераглі – у чарговы раз.

Дык навошта Расеі нападаць, калі можна наўпрост давесці сітуацыю да абсурду і пасля круціць дзяржавай і яе лідарам у патрэбным кірунку?

Фота: naviny.by

іншыя запісы
Каментары