Аляксандр Тамковіч Хто скраў Перамогу?

публіцыст, пісьменнік

Адразу падкрэсліваю, што нічога не збіраюся «ачэрняць» і нічога ні ў каго красці. Больш за тое, у самых першых радках фіксую, што ВЕЛЬМІ паважаю сапраўдных ветэранаў і шчыра ім удзячны за перамогу.

А яшчэ мне перад імі надзвычай сорамна. Сорамна за тое, што кожны год дзяржава імкнецца ім нешта «даць». Такое ўражанне, што напрыканцы вясны ў чыноўнікаў абвастраецца прыступ цудоўнай альтруістычнай хваробы. Не раз даводзілася чуць, што «бліжэйшым часам» вырашыцца «кватэрнае пытанне» ветэранаў, а хатнія тэлефоны для іх стануць «нормай жыцця». Былі спробы «ашчаслівіць» нават «мабільнікамі».

А зніжкі і ўвогуле сталі нечым накшталт абавязковага атрыбуту. Сёння іх абяцаюць амаль усюды – у лазнях, цырульнях, гандлёвых цэнтрах, транспарце і нават на Камароўскім рынку, дзе зніжкай можна лічыць адсутнасць падману.

Апошняе рассмяшыла асоба, бо вельмі хочацца паглядзець на тых, хто гэтай самай зніжкай скарыстаецца. Калі ўлічыць, што вайна скончылася 72 гады таму, то самым маладым АКТЫЎНЫМ удзельнікам баявых дзеянняў сёння павінна быць столькі год, што зніжкі для іх гучаць амаль здзекам.

Як гучалі бы здзекам і абяцаныя ветэранам ВАВ прэферэнцыі на асабістае пахаванне ….

А яшчэ мне хочацца паглядзець на тое, што з гэтых «зніжак» застанецца праз пару дзён. Напрыклад, 10-11 траўня, калі «пераможны» лямант крыху сціхне.

Што і казаць – любяць у нас прыгожую статыстыку і больш клапоцяцца аб справаздачах, чым аб рэальных выніках.

Сказалі «працаўладкаваць дармаедаў» – працаўладкавалі. Сказалі «паклапаціцца пра ветэранаў» – паклапаціліся. Галоўная тут не карысць для канкрэтнага чалавека, а то як прыгожа гэта будзе гучаць «наверсе».

А гучыць там рознае… Нават – дзіўнае…

Напрыклад, чалавек, які нарадзіўся праз 10-год пасля вызвалення Беларусі, кажа што яго бацька загінуў на вайне… Або вядомы фэйк пра тое, што Зянон Пазняк (нар. 24 красавіка 1944 года) паспеў паслужыць паліцаем…

Самае цікавае, што гэтай відавочнай абракадабры спачатку хлопалі ў далоні і толькі потым разумелі – падобнага не можа быць па вызначэнню.

Напэўна, дзеясловы «верыць» і «думаць» сённяшняя ўлада імкнецца не выкарыстоўваць разам.

А яшчэ «наверсе» вельмі любіць ярлык пра «скрадзеную перамогу». Гэты крык гучыць адразу, як толькі нехта перастае верыць і пачынае думаць. Або «горш за тое» – задаваць пытанні.

Вельмі даўно мне выпала пабываць на пахаванні маці аўтара «У жніўні 44-га» кінарэжысёра Міхаіла Пташука. Палова вяскоўцаў, якія прыйшлі да труны, служылі ў паліцаях, другая палова – партызаніла. Пра гэта ведалі ўсе і адносіліся да «падзелу», як модна зараз казаць, талерантна.

Так, дарэчы, так адбываецца даволі часта. Звычайныя людзі ставяцца да падобных рэчаў больш спакойна, чым іх начальнікі, бо добра разумеюць – гэта наша гісторыя і нельга бачыць у ёй толькі чорнае або толькі белае, «падымаць» адно і «апускаць» другое.

Як і рабіць«наадварот».

Мне, напрыклад, пэўны час таму было агідна назіраць, як катаў рабілі ледзь што не героямі… як некаторыя гісторыкі захапляліся «парадкам» фашыстаў…

Усё гэта было і адмаўляць мінулае ўсё роўна, што адмаўляць дакументальна зафіксаваную пахвалу Гітлеру.

А можа тады мы пачулі « агаворку па Фрэйду»…

Не ведаю, як каму, а мне абсурд пра тое, што «французаў вызвалілі савецкія салдаты» нават «падабаецца»… Асабліва, калі ўлічыць, што, як казаў той КАГО-НЕЛЬГА-НЕ НАЗЫВАЦЬ, лепшую частку савецкага войска складалі менавіта беларусы. Так што французы нам «вінныя» не толькі за Напалеона.

Калі ж казаць без іроніі, то лагічна ўзнікае пытанне – навошта ўладзе хлусня, калі прыкладаў сапраўднай мужнасці колькі заўгодна? Навошта нешта выдумваць, ствараць міфы пра «лініі», дзе ніколі не было баёў?

Адказ просты.

У хлусні значна лягчэй хаваць сваю арганізатарскую нікчэмнасць, чым рабіць гэта сярод праўды. Раптам нехта пачне «капацца» і высветліцца, што героі былі зусім не героямі, што першымі беглі да Масквы, менавіта тыя, хто больш гучна за іншых крычаў «пра вайну на чужой тэрыторыі», што жудасныя паразы і страты адбыліся таму, што кіравалі менавіта яны, што перамогу ў ветэранаў скралі менавіта яны, а не нейкія «адмарозкі»…

Дакладней, не кіравалі, а кіруюць… І не скралі, а крадуць…

 

іншыя запісы
Каментары