Алесь Кіркевіч Хто перамог вясною 2017-га – улада ці апазіцыя?

журналіст, літаратар

«Пакуль іншыя краіны займаюцца навуковымі распрацоўкамі, медыцынай і культурай, у нас увесь час шукаюць змову і выкрываюць яе». Алесь Кіркевіч падводзіць вынікі палітычнай вясны.

Пад заслону бурлівай Вясны-2017 хацелася б падвесці вынікі. Так, каляндарная вясна яшчэ не скончаная, але палітычная ўжо ў мінулым.

Пратэсты супраць Дэкрэту №3, натоўпы на вуліцах Менску ды іншых гарадоў, масавыя затрыманні, намётавы лагер у Курапатах, аўтаматчыкі ў цэнтры Менску, Дзень Волі, «справа патрыётаў». Уся гэтая багатая фактура была ў нас перад вачыма апошнімі месяцамі: нехта назіраў за падзеямі знутры, нехта праз прызму манітору, нехта – актыўна ўдзельнічаў.

Але што ў выніку? Хто перамог? Парадаксальна, але калі прыслухацца да палярных СМІ – дзяржаўных ды антыдзяр…, цьфу, незалежных – пачуем вельмі падобны пасыл: «Мы перамаглі!».

Усё жыццё на краю бездані

Чаму, прыкладам, перамагла дзяржава? Бо разагнала, пасадзіла, напалохала. Паказала напампаваныя цягліцы, арганізаваўшы 25-га сакавіка ваенныя манеўры ў цэнтры Менску. Паказала, што можа адно рукой трымаць дубінку, а іншай – паціскаць рукі заходнім дыпламатам. Паказала галечу сваіх апанентаў – лідараў апазіцыі. Вытрымала ўдар – залік!

Але ў чым перамога? У тым, каб затрымаць Лябедзьку недзе на перыферыі ды кінуць на суткі? У тым, каб чатыры разы запар судзіць нікому дагэтуль невядомага блогера Філіповіча? У тым, каб аб’явіць «свяшчэнную вайну» падлеткам у чорных байках, якія называюць сябе анархістамі? Ці ў тым, каб зляпіць са спартоўцаў ды кніганошаў «баевікоў» ды нарабіць фільмаў пра іх сувязі ледзьве не з ІГІЛам?

Гэта смешна гэтак жа, як «подзвіг» Куляшова ў 2010-м, які паказаў свайму кіраўніку, як «выратаваў краіну» (зараз пераможца, здаецца, кіруе нейкім упраўленнем электрасетак ці нечым падобным). Пакуль іншыя краіны займаюцца глабальнымі праектамі, навуковымі распрацоўкамі, медыцынай, культурай, у нас увесь час шукаюць змову, паспяхова яе выкрываюць і перамагаюць. Усё жыццё на краю бездані!

Адзіная рэальная перамога, якая магла быць дасягнутая ўладамі ва ўнутранай палітыцы – кансалідацыя грамадства. У вонкавай палітыцы – залагоджванне стасункаў з Захадам. Што ў выніку? Народ у чарговы раз па розныя бакі барыкадаў, на Захадзе пакуль церпяць, але ці доўга яшчэ?
Дык дзе перамога? Няма. І блізка не пахне.

«Маральная перамога». Над розумам?

Дык можа перамагла апазіцыя? Ужо пасля 25-га ў чарговы раз давялося чуць пра «маральную перамогу». Маўляў, «людзі перамаглі страх», «на вуліцу выходзяць тыя, хто раней не выходзіў», «народ прачнуўся» і г. д.

Па-першае, людзі выходзілі на вуліцу не праз актыўнасць апазіцыі, а праз фатальныя эканамічныя пралікі ўлады. Сама ўлада іх і вывела, сама ж пасля і разганяла. Зразумела, былі заявы, заклікі ў медыях, выезды палітыкаў у рэгіёны. Але досвед той жа Горадні яскрава паказаў: ёсць лідар, няма лідару – людзі ўсё адно збяруцца. Бо пратэст сфармаваўся аб’ектыўна, а не быў прыдуманы ў партыйных офісах.

Іншая справа, ці выкарыстала апазіцыя пратэст? Мяркую, што не. Колькі людзей, прыкладам, запісаліся ў апазіцыйныя партыі ды рухі пасля двухтыднёвай беспрэцэдэнтнай для апошніх год акцыі ў Курапатах? З размоваў, якія даводзілася чуць у лагеры, моладзь спяшалася далучыцца адно да «Маладога Фронту», які з апазіцыяй сябе асацыюе ўжо вельмі ўскосна, за масавасцю не гоніцца: такі сабе «вандроўны партызанскі атрад».

Ну і зноў жа, пра «маральную перамогу». Здаецца, гэтыя словы мы ўжо чулі і ў 2006-м, і ў 2010-м… «Перамаглі страх» – так, перамаглі. Але што далей? Ніхто ж не кажа, што пасля масавай «перамогі страху» у неафітаў назіраецца такая ж масавая разгубленасць, масавае расчараванне, якое вядзе да масавай эміграцыі. Сябры, калі ўжо будзе хоць «амаральная», але сапраўдная перамога?

Час пераводзіць гадзіннікі

Так і атрымліваецца, што і ўлада, і апазіцыя з гэтай чарговай бойкі зноў выйшлі пераможанымі. Хто перамог у такім разе? Дакладна не народ, які таксама прайграў, апынуўшыся ў трывозе ды страху, адчуўшы што 1937-ы надышоў не толькі для апазіцыі, а для ўсіх і кожнага. Мы назіраем як эвалюцыянуе сацыяльная дамова: была «лаяльнасць узамен на стабільнасць», зараз – «лаяльнасць узамен на жыццё ды часовую свабоду».

Хто ж перамог? Перамагла аб’ектыўнасць. 21-е стагоддзе перамагло 20-е. На жаль, і ўлада, і апазіцыя чамусьці засталіся ў 20-м, засталіся пераможанымі. Няхай у адных на двары вечны 1937-ы, а ў другіх – вечны 1996-ы, адныя душаць вечную змову, другія маральна перамагаюць – розніцы няма.

Прыхільнікі 21-га спрабуюць абстрагавацца ад мінулага, якое акапалася навокал, або – з’ехаць. Ім не цікава гэта ўсё, іх календары занадта моцна разыходзяцца з нашымі. Час няўмольны і калі не пераводзіць стрэлкі гадзіннікаў, ёсць рызыка назаўжды застацца пераможаным.

Алесь Кіркевіч

іншыя запісы
Каментары