Аляксандр Тамковіч Хто крышуе «гібрыдных мянтоў»

публіцыст, пісьменнік

Успамінаю, як пасля плошчы 2006 года, мой калега выдатны журналіст Вадзім Аляксандровіч, які на Акрэсціна, адбыў свае «содні» расказваў даволі прышпільную гісторыю. Перыядычна (звычайна раніцай) ахоўнікі збіраюць з камер тое, што трэба выкінуць на сметніцу. Аднойчы была такая карціна.

«Кармушка» адкрылася і «начальнік» спытаў:
Мусор есть?
Мусор гэта ў вас. У нас – смецце! – прагучала ў адказ.

Ведаю, што міліцыянты вельмі не любяць, калі іх называюць тым, што паўсюды «утылізуюць», таму ў назве гэтых нататак я і выкарыстаў слова, якое стала легальнай часткай назвы розных серыялаў на ТБ. Некаторыя з іх я гляджу з вялікім задавальненнем. А тым, хто як мая жонка, лічыць падобнае адсутнасцю добрага густу, адказваю, што там і ёсць сапраўдная сучасная Расея – кроў, здрады, подласць.

Каб не існавала яшчэ і «Расіі-Культуры», было б увогуле вельмі сумна…

Магчыма, некаму гэта падацца непрыемным, але бяздумнае калькаванне расейскіх крымінальных праграм, нічога акрамя раздражнення ў большасці маіх знаёмых не выклікае.

Па-першае, узровень беларускіх аналагаў настолькі нізкі, што рука адразу цягнецца да тэлевізійнага пульта.

Па-другое, мясцовы кантэнт прымушае пастаянна ўспамінаць анекдот, калі адзін чалавек бачыць у падзенні «кукурузніка» тэрарыстычны акт, а другі рэзюміруе: «Якая краіна, такі і тэракт»…

І нарэшце трэцяе. Няма ніякіх сумневаў у тым, што міліцыянты ў гадзіну «Ч» выканаюць любы загад. Іншая справа, чый ён будзе? Перыядычна з’яляюцца звесткі пра трыкалароры і «георгіеўскія стужкі» на іхных машынах, але ні разу не было чутно пра прыдуманы БРСМ «цвет яблыні»…

І я не здзіўлюся, калі раптам міліцыянты акажуцца не беларускімі, а які-небудзь «гібрыднымі»…

Не буду сцвярджаць, што наша міліцыя ўвогуле не ўмее працаваць, проста сёння яе «затачылі» пад іншае – змаганне з праявамі іншадумства. Прычым любымі сродкамі. Настолькі любымі, што часта іх пачалі называць «ментовским беспределом».

Не бывае дня, каб людзі не чулі пра чарговы «перагіб» падначаленых Шуневіча. До яны кайданкамі журналіста да дрэва прыкуюць, то інтэлігентнага доктара «пераблытаюць» з прайдзісветам-рэцэдывістам, то некаму на твар напісаюць.

2 жніўня будуць адзначаць сваё свята былыя і дзейныя дэсантнікі. Афіцыйныя прапаганда сцвярджае, што на гэты раз п’яных у фантанах і абуральных парушэнняў «грамадскага парадку» не будзе. Паглядзім…

Адназначна толькі тое, што дэсантнікі – не інтэлігентныя апазіцыянеры, якіх можна або «зачысціць», або нахабна (быццам бы звяроў у заапарку) здымаць на відэакамеры. І тым больш, не «батанікі», чые галовы «акрапляюць» вадкасцю не вельмі падобнай на «божую расу»…

Так што – слабо?

Чытаў, што сто год таму ў «кожаные тужурки» і «рожденную революцией» трапіла вельмі шмат маніякальных садыстаў. Такое ўражанне, што зараз таксама далёка не самыя лепшыя кадры, інакш нармальнаму чалавеку вельмі цяжка зразумець, як можна рабіць некаторыя рэчы.

А тое, што сталічныя райаддзелы абматалі калючым дротам, на мой погляд, рэч вельмі слушная. Надыдзе час і дрот пойдзе на тое, каб ім пазначыць дамы, дзе жывуць міліцыянты. Асабліва прыехаўшыя з вёсак напалову пісьменныя амапаўцы.

У гісторыі ўжо былі прыклады, калі азвярэлым катам казалі:»Рабіце, што заўгодна. Я за вас буду адказваць». І што? Так і адбылося? Не. Адказалі і тыя, хто аддаваў пачварныя загады, і тыя, хто іх выконваў.

Вельмі хацелася, каб гэта памяталі і ў нас.

Не разумею, тых, хто сёння здзіўляецца залішняй жорсткасці міліцыянтаў і адсутнасці ў іх элементарнага прафесіяналізму. Як кажуць, «за што боролись, на то и напоролись».

І вінаватая ў гэтым не толькі ўлада, якая памятае пра парваны ў 1994 годзе пінжак. Вінаватыя тыя, хто дазволіў міліцыі гэта рабіць, і ні за што не адказваць. Учора яны «вінцілі» апазіцыянераў, сёння «вінцяць» любога, хто не спадабаўся.

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары