Аляксандр Гелагаеў Хопіць «войнаў за гісторыю». Плануйце і абмяркоўвайце будучыню

гісторык, вайсковы аглядальнік

Давайце паразмаўляем пра плюсы і мінусы традыцыйных ужо гістарычных дыскусіяў у беларускіх СМІ і інтэрнэце. Ці не надта мы залежым ад іх?

«Вечнае 9 траўня»?

Рэгулярна ў беларускіх СМІ, а ў беларускім інтэрнэце ці не кожны дpень, адбываюцца больш ці менш гарачыя спрэчкі на розныя гістарычныя тэмы – ад бітвы пад Воршай, да 22 чэрвеня і 17 верасня. У іх ліецца шмат поту, гучаць часам даволі вострыя словы. І як звычайна рэдка калі людзі знаходзяць агульную мову.

Чаму мы так пераймаемся мінуўшчынай? Чаму аддаем так шмат сіл і часу на спрэчкі пра часы нашых прадзедаў і прапрадзедаў?

Напэўна першымі ў найноўшай гісторыі Беларусі, хто пачаў «пераводзіць стрэлкі» з сучасных праблем на мінулыя, былі мясцовыя камуністы яшчэ ў часы свайго панавання – у 1980-я гады. Калі толькі пачалі ўзнікаць беларускія патрыятычна-культурныя арганізацыі, якія потым абʼядналіся ў Беларускі Народны Фронт, прэтэнзіі адразу былі звернутыя да гістарычных каранёў беларускага буржуазнага нацыяналізму.

Тут зʼявіліся і «паліцаі», і «тэлеграма кайзеру», і «збеглыя на Захад прыслужнікі сусветнага імперыялізму».

Мітынг БНФ у 1991 годзе

КПСС у выглядзе свайго мясцовага філіялу хацела, каб людзі абмяркоўвалі хто за каго і чаму ваяваў 70 ці 40 год таму, а не сучасныя правалы камуністаў – татальны дэфіцыт самых звычайных тавараў на паліцах, занядбаны стан беларушчыны і засілле расейскай мовы, права на свабоду веравызнання, экалагічную катастрофу пасля выбуху Чарнобыльскай АЭС.

Потым тую ж практыку працягнуў і першы прэзідэнт Беларусі. Калі Беларускі Народны Фронт стаў у прынцыповую апазіцыю да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, дзяржаўныя СМІ замест абмеркавання рэальных праблем краіны пачалі старую шарманку пра «пасобнікаў нацыстаў» і «бел-чырвона-белы сцяг паліцаяў», каб прымусіць выбарцаў не думаць, а «абіраць сэрцам».

Фрагмент прапагандысцкага фільма БТ «Нянавісць. Дзеці хлусні». 1995 год.

Менавіта такім чынам – праз маніпуляцыю эмоцыямі і раскол грамадства – быў «выйграны» неканстытуцыйны рэферэндум 1995 года пра вяртанне неасавецкай дзяржаўнай сімволікі і прызначэнне расейскай мовы ў якасці другой дзяржаўнай.

Ад вайны да вайны

Неяк яшчэ да Майдану 2014 году я глядзеў запіс на Youtube аднаго ўкраінскага ток-шоў. Пры ўладзе ўжо была «Партыя рэгіёнаў» Януковіча са сваймі камуністычнымі хаўруснікамі, і яе дзеянні рэзка крытыкавалі прадстаўнікі апазіцыі – ад нацыяналістаў са «Свабоды» да лібералаў.

Размова ішла пра пенсіі, пра тарыфы ЖКГ, пра інфляцыю. Можа быць крытыка была не зусім канструктыўнай, але… Здагадайцеся, якім быў адказ «рэгіяналаў» і камуністаў на крытыку сучаснай палітыкі ўраду?

Ад «шанавання перамогі» да вайны супраць сваіх. «Георгіеўская стужка» на камуфляжы антыўкраінскага баевіка. Фота http://dnr24.su

Бінго! «А вось нацыяналісты ў 1941 годзе з фашыстамі супрацоўнічалі, а ў 1943-1944 годзе зрабілі Валынскую разаніну!» – выдалі свой каронны аргумент праўладныя «слугі народу».

Зразумела, на гэтым любая сэнсоўная дыскусія закончылася, а пачаўся абмен клішэ кшталту «пасобнікі Галакосту»-«пасобнікі Галадамору»-«служкі Гітлера»-«служкі Сталіна»-«у мяне дзед у танку гарэў»-«у мяне абодва дзяды за свабоду Украіны ваявалі, адзін супраць Гітлера, іншы супраць Сталіна».

Фотажаба на былога ўкраінскага дэпутата ад «Партыі Рэгіёнаў» Алега Царова

Канешне, нічога з гэтага ўжо не мела дачынення да сучаснай Украіны і праблем пенсіяў ці жыллёва-гаспадарчага комплексу. Размова па справе была сарваная да радасці «рэгіяналаў» і камуністаў ды скіраваная ў рэчышча абмену эмацыйнымі больш ці менш прыстойнымі ўзаемнымі абразамі.

Адпаведна і аўдыторыю фактычна прымушалі не думаць рацыянальна пра сучасныя праблемы, а проста эмацыйна ідэнтыфікаваць сябе з тым ці іншым бокам спрэчкі праз ідэнтыфікацыю з бакамі часоў вайны. Што, як вы разумееце, поўны абсурд, калі размова ідзе пра эканоміку Украіны 2013 году, пенсіі і аплату за капітальны рамонт у кватэры.

У выніку і ў 2014 годзе гэта стала кароннай фішкай расейскай і «рэгіянальнай» прапаганды – імкненне падзяліць народ на «нашых» і «фашыстаў-бандэраўцаў», дэманізаваць ворага, распаліць жарсці, перанесці ментальна людзей у даўно неактуальную вайну 80-гадовай даўніны і даць ім зброю для забойства сваіх братоў.

З меншым імпэтам, але гэтая практыка працягваецца і зараз у тым ліку ў Беларусі.

Хопіць енчыць, трэ змагацца!

Канешне, галоўная барацьба за Беларусь – гэта барацьба ў сферы культуры, а пытанні гістарычнай памяці тут маюць выключна важнае значэнне, але чаму беларускія СМІ, блогеры, нават палітыкі прысвячаюць так шмат месца артыкулам пра «Вызваленне Заходняй Беларусі» ці пра Другую сусветную вайну, а не, напрыклад, пра праграмы і дзейнасць сучасных беларускіх палітычных партый?

Кожны год пад 9 траўня ці пад 17 верасня мы зацята абмяркоўваем, «лепш пры Польшчы, ці лепш пад уладай Масквы ў БССР». Мы разбіраем дэталі карʼераў беларускіх савецкіх і антысавецкіх партызанаў/міліцыянтаў/паліцыянтаў, як быццам бы гэта лёсавызначальна для сучаснай краіны – хто з іх больш маральна сумнеўных рэчаў зрабіў у сітуацыі той братазабойчай вайны і пасля яе.

Сябры Саюзу Беларускай Моладзі ў Менску, 1944 год. Да іх выбару вы можаце ставіцца як заўгодна. Гэта ніяк зараз не замінае выступаць за бел-чырвона-белы сцяг у якасці дзяржаўнага. Фота Bundesarchiv

 

Панове, таварышы, спадары! Гісторыя не павінна мець над намі такой улады, яна не павінна вызначаць нашае сучаснае жыццё, яна рэдка зʼяўляецца сапраўдным аргументам у спрэчцы пра сучаснасць – інакш французы дагэтуль бы ваявалі з брытанцамі, а Ізраіль адмаўляўся б гандляваць з Нямеччынай.

Гістарычныя спрэчкі на палітычным узроўні – гэта амаль заўсёды маніпуляцыя эмоцыямі і спроба расколу грамадства. Гэта амаль заўсёды інфармацыйная вайна, якая можа прывесці да вайны грамадзянскай. Пакіньце гісторыю гісторыкам, аўтарам гістарычных раманаў і фільмаў. У выніку перш за ўсё яны будуць вызначаць тое, што пра наша мінулае будуць ведаць дзеці.

Народ патрабуе ад беларускіх нацыяналістаў план рэформаў, мапу, якая пакажа шлях у будучыню. Сучасная ўлада на гэта няздольная. Дык давайце дамо народу такую мапу. Давайце дамо яму шмат мапаў і абмяркуем якая лепшая. Пачнем рухацца ў будучыню, а не азірацца назад.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары