Ну і гісторыя! Аўтар унікальнай кінахронікі паўстання паходзіў з Беларусі


З кадраў, якія Анджэй Анцута ў складзе групы кінааператараў зняў 70 гадоў таму падчас Варшаўскага паўстання, зрабілі аднайменны фільм. Гэта ці не першая ў свеце ваенная драма, змантаваная цалкам на падставе дакументальнай кінахронікі, якія зрабілі каляровымі, дзякуючы сучасным тэхналогіям. Фільм апавядае гісторыю паўстання праз лёсы двух ваенных рэпарцёраў.

Сёлета Анджэя Анцуту пасмяротна намінавалі (разам з ягонымі калегамі) на кінаўзнагароду «Orzeł–2015», якая лічыцца польскім адпаведнікам «Оскара». За лепшыя здымкі. Ягоная ўдава Яніна прысутнічала на цырымоніі ўзнагароджання*. А перад гэтым яна распавяла нам пра беларускія сляды ў біяграфіі свайго мужа.

… а Менск тады быў у БНР

Анджэй Анцута нарадзіўся ў Менску 10 лютага 1919 года, калі горад быў заняты бальшавікамі. Такім чынам, ягоныя бацькі былі сведкамі кароткага існавання БНР (урад пераехаў пераехаў у Горадню напрыканцы 1918 года, перад тым, як у Менск вярнуліся бальшавікі). Паводле сямейнай легенды, роды ледзь не адбыліся ў оперы, якую сужэнства Анцутаў наведвала часта. Маці будучага кінааператара, Алімпія, была асобаю з тонкім мастацкім густам, скончыла ў Пецярбургу кансерваторыю па класе арфы, а вакальнае майстэрства шліфавала ў Мілане. Бацька Яўген, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Кіеве, вярнуўся ў Беларусь і адчыніў у Менску адвакацкую кантору. На жаль, пра падрабязнасці жыцця пры БНР у сям’і ўспамінаў не засталося.

Анцуты – старажытны татарскі род, якому надаў шляхецтва сам Уладзіслаў Ягайла. Гэта была ўзнагарода за ўдзел у бітве пад Грунвальдам. А прыбыў роданачальнік Леон Анцута ў Вялікае княства Літоўскае на запрашэнне Вітаўта. Маці спадара Анджэя паходзіла з іншага славутага роду, які меў маёнткі на тэрыторыі Беларусі, – Бачыжмальскіх. Такое ж прозвішча, дарэчы, насіла ў дзявоцтве бабка вядомага польскага пісьменніка і журналіста Мельхіёра Ваньковіча, які шмат распавёў пра жыццё шляхты на тэрыторыі Беларусі ў кнізе «Шчанячыя гады». Ёсць там і фрагмент пра дзядзьку нашага героя, якога называлі Лоло. Апісваецца, як ён вярхом уехаў у дом на другі паверх, пасля чаго конь ніяк не мог самастойна спусціцца па лесвіцы, і яго давялося эвакуяваць праз балкон.

Ад бальшавікоў Анцутам удалося ўцячы ў Польшчу. Праз мяжу прадзіраліся возам, на які здолелі пагрузіць толькі невялікую частку таго, што мелі. Пазней бацькі з усмешкаю ўзгадвалі, што перад ад’ездам ліхаманкава шукалі кавалак брызенту, каб прыкрыць скарб, замест таго, каб кінуць зверху шыкоўныя дываны, якія назаўсёды засталіся ў Менску…

У Варшаве Яўгену Анцуту давялося распачынаць сваю справу з нуля. Але адвакацкі бізнес і на новым месцы хутка прынёс вялікі прыбытак. Сям’я набыла кватэру ў адным з самых прэстыжных месцаў сталіцы – на рагу вуліцы Маршалкоўскай і Алеяў Ерусалімскіх, абставіўшы яе дарагою мэбляй і ўпрыгожыўшы карцінамі, сярод якіх былі нават палотны эпохі Рэнесансу. Кватэра была месцам сустрэчаў варшаўскай эліты, якія арганізоўвала спадарыня Алімпія.

Паўстанцы працу кінааператараў лічылі забаваю…

Спадар Анджэй з дзяцінства захапляўся фатаграфіяй, паводле адукацыі стаў архітэктарам. У першы год вайны яго вывелі з дому і адправілі ў Асвенцім. Амаль праз год маці ўдалося яго выкупіць, прадаўшы фамільную біжутэрыю. Худы, як шкілет, з букетам хваробаў, праз некаторы час ён усё ж такі дайшоў да сябе. І адразу ўцягнуўся ў рух супраціву акупантам.

Яшчэ падчас вайны разам з сябрам Антоніем Багдзевічам яны адчынілі фотаатэлье ў палацы Сташыца на адной з цэнтральных вуліцаў Варшавы – Новым свеце, дзе па-за звычайнай працай падраблялі пашпарты для змагароў з нямецкім рэжымам.

Антоні Багдзевіч узначальваў групу відэаператараў у Бюро інфармацыі і прапаганды Арміі Краёвай (Biuro Informacji i Propagandy Komendy Głównej Związki Walki Zbrojnej – Armii Krajowej). З ягонай падачы Анджэй Анцута стаў адным з тых, хто ўвекавечыў на стужцы бясцэнны матэрыял: ход Варшаўскага паўстання.

Летась з гэтых кадраў паўстала першая ў свеце ваенная драма, змантаваная цалкам на падставе дакументальных відэаздымкаў, якія зрабілі каляровымі, дзякуючы сучасным тэхналогіям. Фільм апавядае гісторыю паўстання праз лёсы двух ваенных рэпарцёраў.

Аднак байцы паўстанчых атрадаў былі далёка не ў захапленні ад прысутнасці рэпарцёраў, працу якіх лічылі звычайнаю забавай. Таму пачынаць давялося са здымкаў цывільнага жыцця: выпякання хлебу, працы майстэрняў па рамонце зброі, заключэння шлюбаў і г.д. Тут ужо пратэставалі прадстаўніцы прыгожай паловы: каму хацелася трапіць на гістарычныя кадры апранутаю абы ў што, ды яшчэ без прычоскі ды макіяжу?! Антоні Багдзевіч кіраваў сваймі падапечнымі з пункту камандавання ў кавярні на вул. Шпітальнай.

Анджэй Анцута ўспамінаў: «Гэта было няпроста, паколькі падзеі часта развіваліся непрадказальна і мы не заўсёды паспявалі своечасова трапіць туды, дзе адбывалася штосьці цікавае».

Дарэчы, Яніна Анцута (тады яшчэ Грыцкевіч) была ў паўстанцаў сувязною, але са сваім будучым мужам тады не сутыкалася.

Прымаў экзамен у Паланскага

Паўстанне, як вядома, скончылася паразаю, і Анджэй Анцута трапіў у лагер для ваеннапалонных у Аўстрыі. Пасля вызвалення амерыканцамі самалётам быў перавезены ў Італію, дзе далучыўся да падраздзяленняў Другога корпусу (Армія Андэрса). Пасля вайны вярнуўся ў Польшчу і пачаў выкладаць у кінашколе ў Лодзі, дзе працаваў ажно да 1996 года. У 1954-м ён прымаў уступны экзамен у Рамана Паланскага.

Пра Беларусь Анджэй Анцута памятаць не мог. «Штосьці, аднак, яго цягнула», – гаворыць Яніна Анцута, якая сярод папераў мужа ўбачыла выразаную газетную нататку пра тое, што на зямлі, якая належала Бачыжмальскім, цяпер Бярэзінскі запаведнік.

*Узнагароду ў намінацыі атрымаў іншы фільм – «Богі» (Пётр Сабаціньскі-малодшы). «Варшаўскае паўстанне» атрымала дзве статуэткі: як найлепшы дакументальны фільм і за найлепшы гук (Барташ Путкевіч).

Чытаць іншыя артыкулы з рубрыкі «Ну і гісторыя!»

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары