Зміцер Ягораў Гульня Лукашэнкі. Чаму дыктатар выпускае палітычных?

рэдактар belsat.eu

Заціснуць гайкі на два абароты, каб потым на адзін расслабіць. Катаваць людзей, трымаць іх у турмах і калоніях, хай жонкі і маці абліваюцца слязьмі, хай дыпламаты хлопаюць дзвярыма. І калі надзеі практычна няма – выпусціць палітзакладнікаў. Гэта старая гульня, называецца «кошкі-мышкі». Кагцістая лапа адпускае ахвяру, каб потым яшчэ больш эфектна прыхлопнуць.

Лукашэнка памілаваў усіх, каго беларускія праваабаронцы назвалі палітвязнямі. Гуманізм прачнуўся? Дзе ж ён «спаў» усе гэтыя гады? А яго і не было. Лукашэнка вядзе сваю гульню, робіць нечаканыя, але прадуманыя крокі. Толькі вось абгортка для гэтых горкіх цукерак на нас ужо не працуе. Ніхто не паверыць, што Лукашэнка змяніўся, стаў гуманным. Нават калі яго сапраўды «прыціснула».

Неўзабаве, прыкладна ў панядзелак у абед, калі прачнуцца і даедуць да сваіх офісаў еўрачыноўнікі, мы ўсе пабачым, што Захад цешыцца з такога пазітыўнага кроку. І што па-ранейшаму заклапочаны сітуацыяй з правамі чалавека ды чакае вольных і дэмакратычных выбараў. А яшчэ цяпер да Лукашэнкі можна прыехаць, цяпер яго нават можна кудысьці пусціць і запрасіць.

Цяпер кіраўнік Беларусі можа пачаць свой традыцыйны перадвыбарчы танец: па ў бок Еўропы, а потым піруэт ізноў у бок Масквы. Менавіта ў Крамлі сядзяць галоўныя гледачы. І слёзы жонак і маці, гуманнасць тут ні пры чым.

Можна быць тысячу разоў скептыкам і яшчэ столькі ж – рэалістам. Выбараў не будзе. Дзяржава не стала паважаць грамадзяніна. Суды не сталіся незалежнымі, а ў КДБ і МУС па-ранейшаму ёсць фармаванні для барацьбы з іншадумцамі.

І тым не менш. У Беларусі сёння няма палітвязняў. Гэта неба без кратаў, паветра без паху баланды. Запомніце гэтыя дзянькі, быць можа нават – месяцы. Бо яны ў любы момант могуць скончыцца, ізноў – на гады. Запомніце гэтае адчуванне нармальнасці, якая апошнія 5 гадоў не была настолькі блізка да нас, як сёння. А хто можа – то і скарыстайцеся!

Чытайце таксама: Хто «укусіў» Лукашэнку

 

іншыя запісы
Каментары