Аляксандр Гелагаеў Гукі дысцыпліны і ўзнёсласці. Беларускай арміі патрэбная ўласная музыка

гісторык, вайсковы аглядальнік

«Inter arma silent Musae. У часы вайны музы маўчаць», – гэтую фразу прыпісваюць рымлянам, але гэта толькі парафраз рэальнага і больш праўдзівага выказвання «У часы вайны законы маўчаць». Канешне, вайна калечыць і забівае мастакоў, як і звычайных людзей, не шкадуе творы мастацтва і душы. Аднак існаванне на мяжы жыцця і смерці, відаць, прымушае людзей пераасэнсоўваць сваё жыццё менавіта з дапамогай словаў, якія пакладзеныя на музыку.


Рымскі вайсковы музыка. Сучасная рэканструкцыя. Wikimedia.org

Акрамя таго яшчэ ў антычнасці ваяры разумелі надзвычайную ролю музыкі не толькі для падʼёму баявога духа, але і для ўтрымання парадку і дысцыпліны, якія неабходныя для перамогі на полі бою.

Тысячы гадоў да самага канца 19 стагоддзя, калі жаўнеры хадзілі ў бой шчыльнымі лініямі ці калонамі, каб не збіцца з нагі, ісці разам і ўтрымаць баявы парадак, палкаводцы выкарыстоўвалі флейты, трубы і барабаны, іншыя інструменты.

«Гэты гук калісьці вадзіў марпехаў у бой. Ён дагэтуль натхняе людзей». Рэкрутынгавы ролік аркестра Марской пяхоты ЗША.

Цяпер на полі бою ніхто не ходзіць у нагу, і музыка ўжо не мае непасрэднага баявога значэння. Аднак яна захоўвае сваю важнасць як сродак стварэння і падтрымання псіхалагічнай еднасці і дысцыпліны падраздзялення падчас шыхтавай падрыхтоўкі, важнасць якой таксама часта недаацэньваюць цывільныя.

Правільнае спалучэнне музыкі, словаў песні і ўніформы ствараюць для жаўнераў і назіральнікаў тое ўнікальнае адчуванне сілы сваёй арміі і гонару за яе, якое павінна абʼядноваць цывільных і вайсковых, натхняць іх на супольную працу па падтрыманні абароназдольнасці краіны.

У гэтым месяцы лідар украінскай групы «Воплі Відоплясова» Алег Скрыпка паведаміў у сваім Instagram, што разам з іншымі вядомымі ўкраінскімі музыкамі працуе над новым гімнам украінскай арміі

Сярод іншых спявалі новую баявую песню Тарас Чубай, вакаліст і аўтар групы «Плач Ерэміі», Аляксандр Палажынскі, лідар гурта «Тартак», Іван Леньо з гурта «Kozak System». Алег Міхалюта з каманды «Танок на майдане Конга» выклаў відэа, на якім музыкі хорам спяваюць фрагмент будучага маршу.

Як кажа Скрыпка, кампазіцыя будзе называцца «Марш новай арміі» і робіцца на просьбу Генштабу Узброеных сілаў Украіны.

«Бо плач ня даў яшчэ нікому волі, Хто змагар, той здабывае свет», – будуць спяваць украінскія жаўнеры трохі перароблены тэкст «Марша ўкраінскіх нацыяналістаў», які быў напісаны ў 1929 годзе і ў 1932 годзе зацверджаны як афіцыйны гімн Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.

Вайна Украіны за тэрытарыяльную цэласнасць ужо ў 2014 годзе спарадзіла неймаверную колькасць твораў як з боку прафесійных музыкантаў, гэтак і з боку аматараў, у тым ліку жаўнераў у зоне баявых дзеянняў. Раней тое ж самае адбылося на кіеўскім Майдане, дзе нефармальным баявым гімнам шматмесячнага змагання стала песня беларускіх «Ляпісаў» «Ваяры святла».

Неафіцыйны кліп на «Ваяроў святла».

Высокі змагарны дух песняў новага гурта Сяргея Міхалака групы «Брута» натхняў і ўкраінскіх жаўнераў на перадавой, і беларусаў, якія падчас канцэрту ў Гародні схілілі калені ў гонар загінулых за свабоду.

Новыя песні і маршы – неадʼемная частка новай гісторыі любой арміі. Аднак хто можа згадаць запамінальны марш ці вайсковую песню сучасных беларускіх Узброеных сілаў?

У часы Беларускай Народнай Рэспублікі і антысавецкага ўзброенага змагання беларускіх нацыяналістаў нарадзілася шмат песняў і маршаў, якія дагэтуль выкарыстоўваюцца на патрыятычных мерапрыемствах.

«Ваярскі марш» – арыгінальны назоў гімна Беларускай Народнай Рэспублікі. 1919 год.

Але яшчэ моцна саветызаваная (і пазбаўленая беларускага патрыятычнага духу) дзяржава, не дазваляе сабе скарыстацца скарбамі беларускай нацыяналістычнай вайсковай традыцыі і не можа стварыць нічога захапляльнага свайго.

Як і ў пытанні папулярызацыі беларускай мовы, тут функцыі дзяржавы фактычна выконваюць энтузіясты – ад «Старога Ольсы» і «Брута» да «Дзецюкоў». Першыя ў канцы 1990-х запісалі грозны і натхняльны «Гімн Белага Легіёну» на словы барда Алеся Мікуса і шматлікія іншыя песні ў беларускай вайсковай традыцыі.

Акрамя дысцыплінуючай і натхняльнай функцыі песня можа несці таксама адукацыйны сэнс, коратка і эмацыйна перадаючы жаўнеру прынцыпова важную інфармацыю пра гісторыю войска, у якім ён служыць.

Чытайце таксама: Са сцягам, зброяй і сумленнем. Страшна!

У 2014 годзе вайна падышла да межаў Беларусі як ніколі блізка за апошнія 25 год. А рымляне казалі – «Калі хочаш міра, рыхтуйся да вайны».

Ці галоўны сродак недапушчэння вайны на тэрыторыю Беларусі – пераканаць магчымага агрэсара ў тым, што беларускае войска будзе зацята ваяваць з любым праціўнікам. Беларуская вайсковая музыка мае тут адыграць вельмі важную ролю.

Чаму б нашым уладам не запрасіць папулярных фолк- і рок-музыкаў для стварэння новых песняў для Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары