Александр Федута Грамадзянства, Бог і вера ў Айчыну

паліткансультант

Словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што служыць святарамі ў Беларусі павінны грамадзяне Беларусі, можна было б, вядома, вітаць. Калі б не адно «але».

Памятаеце, у Шарля дэ Костэра ў «Легендзе аб Уленшпігелі» ёсць прадказанне: «Калі б не Шэльда…»? Шэльда – рака, для Костэра – сімвал падзелу некалі адзінай зямлі на Бельгію і Нідэрланды. Вось гэта самае «калі б не…» заўсёды важна. Проста было на паперы, але забыліся на яры.

У нашым выпадку Шэльда – зусім не рака і нават не дакумент, які фармальна фіксуе грамадзянства. Важна ж не тое, што запісана ў пашпарце, а тое, што дыктуе табе твая падсвядомасць. «Ты хто?» – пытаецца чалавек у сябе самога. І адказвае – як некалі адказаў адзін вядомы беларускі дзяржаўны дзеяч: «Я – савецкі беларус». Ня постсавецкі, бо гэта было б акурат нармальнай канстатацыяй факту.

Наша «Шэльда» – у Крыме. Бо там пашпарты грамадзянаў Украіны былі ў пераважнай большасці насельніцтва. Грамадзянамі Украіны былі таксама ўсе вайскоўцы, чыноўнікі, супрацоўнікі спецслужбаў і памежнікі. І – што з гэтага? Колькі з іх сталі на абарону сваёй дзяржавы?

Да анексіі Крыму словы Аляксандра Лукашэнкі аб грамадзянстве святароў у Беларусі можна было толькі авацыяй сустрэць. Цяпер, на жаль, гэтага недастаткова. На мой, вядома, неасвечанымі погляд. Справа не ў пашпарце. Справа ў падсвядомасці.

Важна не тое, што святарамі служаць грамадзяне Беларусі – дакладней, не толькі гэта важна. Важна, кім яны адчуваюць сябе і каму служаць. Калі Богу і Беларусі – так. Тады я ўяўляю сабе іх, калі яны ў трагічны момант выходзяць, па-за канфесійныя адрозненні, каб стаць паміж братамі, якія страляюць адзін у аднаго, бо сказана: Не забівай!

А бываюць іншыя святары. Падʼехаўшы да музею ў раскошным «мерседэсе», выходзяць яны, каб блаславіць паству на захоп былога храму. Разумеючы, што старых жанчын біць дубінкамі не будуць, па дзецям страляць не будуць. І па святарам, дарэчы, страляць ніхто не будзе. І ў турму бацюшку нават за наўпроставыя заклікі да распальвання міжнацыянальнай варожасці пасадзіць неяк не надта зручна. Ну ў дакладнасці як «ветлівыя зялёныя чалавечкі» ішлі на захоп складоў са зброяй за спінамі крымскіх жанчын.

Вось яна – праблема.

На Кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі гуманітарыяў, які праходзіў летам у Львове, выступаў біскуп грэка-каталіцкай царквы Барыс Гудзяк. Выйшаў на трыбуну малады, цалкам сучасны біскуп – толькі абсалютна сівыя валасы крыху старылі яго. На выдатнай англійскай мове ён прамаўляў сорак хвілін без паперкі. Жартаваў. Яго зварот быў імправізацыяй. А потым я бачыў, як ён размаўляў з людзьмі, што падыходзілі да яго. Асабліва з моладдзю. Без ценю фанабэрыстасці. Як сябар, які ведае трохі больш, які мае досвед, здольны даць параду. Няма прорвы паміж ім – і паствай. Як няма прорвы і паміж папам Францішкам і яго паствай. Не верыцца, што фатаграфіі былога аргенцінскага кардынала Бергольо ў грамадскім транспарце былі пастановачнымі. Як і яго дзеянні пасля абрання. Сімвалічнымі – не значыць «пастановачнымі». Гэта ж не «катлы» коштам у «палціннік»: ісціну цяжка зарэтушаваць.

Добра, што кіраўніка дзяржавы цікавіць, хто служыць у цэрквах на нашай зямлі. Дрэнна, што яго гэта цікавіць больш, і менш, чымся трэба. Больш – бо есць унутранае жыццё любой канфесіі, куды кесару ўрывацца не варта. Менш – бо ён сам не заўсёды прыклад, арыентуючыся на які, тыя хто яму верыць разумеюць, якой дзяржаве і якому народу ён служыць. І як служыць. І як служыць варта.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары