Зміцер Ягораў «Горадня-Кракаў». Цягнік нашай роспачы

рэдактар belsat.eu

Кожны гарадзенец калі сам не ездзіў «спіртавозам» да Кузніцы, то прынамсі бачыў ганебны «забег» на гарадзенскім вакзале: ад будынку да польскага цягніка. Мужчыны, што памацней, канцэнтруюцца ў «адстойніку» бліжэй да дзвярэй, каб калі яны адчыняцца, рвануць да светлай шэнгенскай будучыні з перакупшчыкамі беларускіх цыгарэтаў, са зніжкамі ў супермаркетах і «ватамі».

Няшчасную электрычку на хаду раскручвалі, адкрывалі люкі ў падлозе, праз якія відаць было рэйкі, аддзіралі абшыўку вагона, каб схаваць там цыгарэты ці алкаголь. Гарластыя жанчыны і змрочныя маўклівыя мужыкі са спартовымі торбамі ехалі ў Польшчу, каб выгадна прадаць-набраць-перацягнуць тавар, зазвычай – нелегальна. Такімі нас гадамі бачылі польскія памежнікі і мытнікі.


Нешматлікія іншаземцы ехалі «спіртавозам» толькі ў адзін бок – у Беларусь. Каб вяртацца тым жа цягніком у родныя шэнгены, трэба мець, як у кантрабандыста, сталёвыя нэрвы.

І вось, цяпер, пасля доўгага перапынку, «палякі ізноў пусцілі цягнік». Усё мае быць па-еўрапейску: цягнік едзе ажно да Кракава. Паўнавартасны міжнародны маршрут.

Польскі бок выказваў нясмелую надзею на тое, што ў новым цягніку больш не будуць раскручваць, адгінаць, ламаць і запіхваць. Я таксама чакаю нагоды, каб спакойна і камфортна праехацца гэтым цягніком – без «ператрахвання» і чэргаў як на аўтамабільнай мяжы. Усё ж мінула столькі гадоў, з тых найбольш шалёна-кантрабандных часоў. І хто ж будзе разбіраць новы цягнік? Але не. Раскручваюць.

Мы хочам скасавання візаў у Польшчу і Шэнген? Мы хочам, каб да нас ставіліся, як да людзей, а не натоўпу варвараў? Трэба спачатку перастаць быць варварамі. «Стучаць» на «кантрабасаў», якія не ад добрага жыцця цягаюць цыгарэты ў Польшчу і абвешваюцца сасіскамі пад вопраткаю на зваротным шляху – кепска? А бачыць, як разломваюць чужую маёмасць, а разам з ёй разломваюць і раскручваюць наш воблік НАРМАЛЬНЫХ людзей, еўрапейцаў?

Зміцер Ягораў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары