Зміцер Ягораў Гісторыя пра 1,5 таблеткі. Як саджаюць «па праўдзе»

рэдактар belsat.eu

12 гадоў за 1,5 таблеткі «экстазі»? Прыхільнікі «dura lex sed lex» разводзяць рукамі, аматары «закручвання гаек» цешацца. Радыкальныя праціўнікі любых дурманаў ледзь не падымаюць куфлі (алкаголь жа – не наркотык!).

Тыя, хто хоць раз у жыцці пакаштаваў «траўкі» ці эксперыментаваў з пігулкамі ў начным клубе – у шоку. «Мы-та нармальныя. Мы ж не наркаманы нейкія». Так, нарабіла памылак, згубіла галаву, гуляючыся з «лятучкамі». Правезла сабе і знаёмай 1,5 таблеткі і за гэта – 12 гадоў калоніі? Яна што – наркабарон нейкі?

«Дзяўчына даўно была ў распрацоўцы. Не такая яна святая, як падаецца», – прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова ў сацсетках адстойвае пазіцыю беларускай Феміды. На наступны дзень пасля шэрагу публікацый зʼяўляецца прэс-рэліз, у якім суд паведамляе некаторыя акалічнасці расследавання і судовага працэсу.

Аказвацца, мянчанка яшчэ да паездкі на Паўночны Кіпр была «пад каўпаком»: праваахоўнікі ПАДАЗРАВАЛІ, што яна вывозіць дзяўчат для заняткаў прастытуцыяй у Кіпр. Падставы для такіх падозранняў маглі быць: пазней у судзе адна са сведак прызналася, што займалася ў Турцыі прастытуцыяй, і асуджаная нібыта дапамагла ёй туды выехаць.

А пра паўтары таблеткі асуджаная банальна прагаварылася: тэлефон быў на праслушцы. Багаж з таблеткай у шкарпэтцы прыляцеў са спазненнем, таму ў аператыўнікаў быў час спакойна падрыхтаваць «прыём». Далей «раскруціць» справу можна было без лішніх намаганняў.

Для параўнання – у той жа дзень, калі зʼявілася інфармацыя пра гэты прысуд, Гарадзенская пракуратура адрапартавала пра іншую нарксаправу. Мужчына спрабаваў перавезці праз мяжу 40 кілаграмаў (!) наркотыкаў: марыхуана, гашыш, «пігулкі». Яму далі ўсяго… на год больш ды канфіскавалі маёмасць. Вось такі «індывідуальны падыход».

Складваецца ўражанне, што жанчыну судзілі не за 1,5 таблеткі, а за тое, што яна «кепскі чалавек». Праўда, доказаў пра тое, што асуджаная арганізоўвала выезды беларусак для заняткаў прастытуцыяй так і не прадставілі (а «пад каўпаком» яна была менавіта ж з гэтай прычыны).

І судзілі не за гэта. Можа і не была яна ніякім пастаўніком «жывога тавару»? З пункту гледжання фактаў – без усялякіх «можа». Не была і – кропка. Аператыўнікі селі ў лужыну. Сачылі-пільнавалі ды нічога не высачылі, акрамя 1,5 таблеткі «экстазі» ў шкарпэце. Ну і – «трэба браць»! Сістэма не можа сабе дазволіць збой ці абароты ўхаластую.

З пункту гледжання сілавікоў усё зразумела. «Злодзей мусіць сядзець у турме». Гэтак яшчэ падчас «маўклівых пратэстаў», дзе паводле закону дзеянні (хутчэй бяздзеянні) падвесці пад дзейныя артыкулы было практычна немагчыма. Людзей штрафавалі і саджалі за дробнае хуліганства ці непадпарадкаванне міліцыі. Бо ўсе разумеюць, што гэта быў пратэст, так? Нават інвалід з пратэзам замест рукі і той – пляскаў у далоні.

«Унутранае перакананне следчага» – вышэй за літару закону, бо гэта ж толькі літара. Гэтак саджаюць «па праўдзе».

І праваахоўнікі, і суды, і пенітэнцыярная сістэма ўзялі курс на «zero tolerance» у дачыненні нарказлачынстваў. Чаго мы хочам дамагчыся – спыніць наркахвалю, перавыхаваць тых, хто аступіўся ці адпомсціць «кепскаму чалавеку»? Якой выйдзе «з зоны» гэтая жанчына праз 12 гадоў? Перавыхаваная ці са зламаным хрыбетнікам? Ці спыніць гэта сапраўдных наркагандляроў, якія з кожнай партыі атрымліваюць мегапрыбыткі?

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары