Алесь Кіркевіч «Гібрыдная вайна» у Курапатах: што далей?

журналіст, літаратар

Дэкрэт №3, расейская пагроза, мільён іншых праблемаў на ўсіх напрамках… Падавалася б, ну куды тут яшчэ і Курапаты? Навошта «старое варушыць»? І ці так яно зараз актуальна? Актуальна. Наўпрост ёсць праблемы, поруч з якімі нельга праходзіць спакойна. Ёсць абразы, якія не даруюцца. 

Разважае публіцыст і адзін з абаронцаў Курапатаў Алесь Кіркевіч.

Курапаты, а дакладней кавалак ахоўнай зоны мемарыялу, які спачатку быў незаконна здадзены ў арэнду, а пасля так жа незаконна выкраслены з зоны і прададзены пад забудову – акурат такая праблема. Яе мог заўважыць хто заўгодна. Наўпрост першым быў Зміцер Дашкевіч, які, нібы лакмусавая паперка, рэзка рэагуе на ўсе прыніжэнні і моманты несправядлівасці, асабліва ў нацыянальным пытанні.

Пратэст у Курапатах, які выліўся ў бойкі з будаўнікамі ды бестэрміновую вахту абаронцаў, стаўся ўнікальнай падзеяй за апошнія год 10 – нічога падобнага нельга было ўявіць нават год таму. Тым больш, пасля ўкраінскага Майдану, які перапужаў як беларускіх сілавікоў, так, здаецца, і апазіцыю.

Ідэя простая: «Прэч ад магілаў!»

Насамрэч, ніякай рэвалюцыі, апроч рэвалюцыі свядомасці, не адбываецца. Уладу ніхто не скідвае, супраць «гаранта канстытуцыі» ніхто не выступае, мяцеж не рыхтуе. Справа простая – змаганне за правы беларусаў: мёртвых, жывых і ненароджаных.

Якія вынікі можна падвесці на сучасным этапе? Па-першае, сілавікі збольшага выкарыстоўваюць «гібрыдныя» метады. Да гісторыі з прыкаваным да МАЗу Сяргеем Пальчэўскім і спробай яго затрымання, міліцыя наагул публічна не лезла ў справу: адно на камеру здымала. Іншая рэч, што і нацкоўванне рабочых на пратэстоўцаў, і начны напад аматараў «белай расы» – нішто іншае, як след людзей у пагонах. Але след «гібрыдны», маўляў, ніякай міліцыі тут няма, як і расейскіх вайскоўцаў на Данбасе.

Па-другое, пратэст выглядае зусім не так тускла, як большасць акцыяў апошняга часу. Няма фаталізму і вызначанасці адносна правалу ініцыятывы, бо па-іншаму нібыта і быць не можа. Няма стандартнага сцэнару, з якім выдатна ўмее працаваць міліцыя. Няма ідэалагічнай расколіны, бо ідэя максімальна простая: «Прэч ад магілаў!»

Нічога яшчэ не скончылася: патрэбная канкрэтыка

Зноў жа, у пратэстоўцаў нарэшце ёсць адназначнае падтрыманне мясцовага насельніцтва: людзі носяць у лагер ежу ды пітво, хорам крычаць «Жыве!» падчас сходаў жыхароў ды «Ганьба!», калі будаўнікі выходзяць з занятай імі тэрыторыі. А калі ёсць падтрыманне з боку мясцовых, значыць партызанскі атрад можа функцыянаваць. Жыве!

Мяркую, што нават калі б зараз усё скончылася – бітву за Курапаты’2017 ужо можна было б лічыць удалай. Чалавек са сцягам на кабіне трактара, прынамсі, яшчэ надоўга застанецца ў памяці сучаснікаў і нашчадкаў. Роўна як і актывіст, прыкаваны да МАЗу са сваім крэда: «Буду ляжаць пакуль не здохну!».

Але нічога яшчэ не скончылася. Патрэбная канкрэтыка наконт будоўлі, а не развагі галоўнага рэдактара СБ пра «павагу да мінулага» (і на тым дзякуй!). Патрэбныя справы, а не словы.

Лепшы лідар партыі – Віталь Гуркоў?

А зараз крытыка.

Першае. Улада баіцца не нацыянальнага ці палітычнага пратэсту, а сацыяльнага бунту. Таму, праца з мясцовым насельніцтвам абавязковая. Напрыклад, збор подпісаў за адкліканне мясцовага дэпутата, які нічога не зрабіў для прыпынення будоўлі. Інфармаванне з дапамогай улётак ці газетаў наконт Курапатаў, якія не толькі «за дарогай», але і тут, зусім побач. Раён і яго жыхароў варта трымаць у тонусе.

Другое. Удзел палітыкаў у бойках з рабочымі і міліцыяй – гэта, канешне, класна. Але за такім прынцыпам, аптымальны кіраўнік любой партыі – гэта Віталь Гуркоў, у яго ўдар усё адно лепш пастаўлены. Справа палітыкаў – палітыка, арганізацыя, лагістыка, «папяровы джыхад» супраць чыноўнікаў. І тое, што ані Канапацкая, ані Анісім не сказалі яшчэ свайго слова – гэта вельмі дрэннае сведчанне. Навошта тады наагул апазіцыі свае прадстаўнікі ў парламенце, калі ў крытычны момант яны нічым не дапамогуць?

Трэцяе. Не варта ствараць міфаў. Цалкам верагодна, што на месцы будоўлі ніякіх костак няма. Прынамсі, адмыслоўцы сцвярджаюць, што ў 1930-я тут было поле, а ў полі не расстрэльвалі. Калі мы кажам «будоўля на касцях», варта ўсведамляць, што на ўвазе маецца сам комплекс, як цэласная з’ява, з ахоўнай зонай, куды нельга лезці. Апеляцыя ж да костак, у выпадку калі іх там сапраўды няма, можа нечакана аказацца слабым момантам у нашай рыторыцы, напрыклад, пасля археалагічнай выведкі.

Дзе Зянон?

Скончыць, усё ж такі, хочацца пазітывам. Шмат хто пытае: «Дзе Пазняк? Дзе яго важкае слова?». Я і сам сабе задаваў такое пытанне на пачатку ўсяго «замесу», але зараз разумею: мо і добра, што гэтым разам абышлося без першаадкрывальніка «расстрэльнага лесу». Курапаты не могуць асацыявацца з адным прозвішчам, іх нельга прыватызаваць.

Вырасла змена, і з гэтым нельга не лічыцца. Дашкевіч, Пальчэўскі, Леўчанка, Яроменак, Васільеў, Крэменецкі, Вінаградаў… з гэтымі ды дзясяткамі іншых прозвішчаў адгэтуль будуць усплываць канатацыі пры словах «Абарона Курапатаў».

Па-іншаму і быць не можа, бо гэта нацыянальны некропаль, за які адказнасць нясе не палітык, не партыя, а кожны з нас.

іншыя запісы
Каментары