Віктар Шукеловіч І трасянка, і лацінка на подпісах да беларускіх тавараў у Вільні (Фотафакт)

літаратар, журналіст

У Вільні прайшоў традыцыйны кірмаш «Казюкі», прысвечаны памяці святога Казіміра – апекуна земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Моладзь грае народныя мелодыі каля віленскай катэдры, на якой вісіць выява святога Казіміра

Святы Казімір жыў у XV стагоддзі ды быў унукам вялікага князя літоўскага ды караля польскага Ягайлы. Малады княжыч ды каралевіч вылучаўся вялікай пабожнасцю, сціпласцю і лагоднасцю. Праз зарок цнатлівасці ён нават адмовіўся ад шлюбу з дачкой імператара Святой Рымскай імперыі Фрыдрыха ІІІ. Сваймі дабрачыннымі справамі малады Казімір здабыў вялікую павагу ў народзе. У Вільні ён вызначыўся клопатамі пра патрэбы месцічаў і апекай над касцёламі. Хворы на сухоты каралевіч памёр у 26-гадовым узросце ў «каралеўскай» Горадні на шляху ў Люблін.

Сёлета на Казюках былі тысячы людзей
Які ж фэст без танцаў

Працэс прызнання яго святым распачаўся амаль адразу пасля ягонай смерці. Вялікае Княства Літоўскае імкнулася займець свайго нябеснага патрона, які б выводзіўся з тутэйшых земляў. Праўда, першая папская була, якая прызнавала Казіміра святым, загінула ў сярэдзіне XVI стагоддзя.

Яркія барвы віленскіх прысмакаў. Некалі такія пачастункі бацькі прывозілі з фэсту дзецям
Саматканыя посцілкі спадарыня прывезла з вёскі пад Вільняй

Кананізацыю Казіміра і літургію на ягонае свята ў 1602 зацвердзіў папа Клімент VIII.

Паясы і мятлікі з літоўскімі арнаментамі, якія вельмі блізкія да беларускіх

Святога Казіміра надзвычай шанавалі рыцары ВКЛ і Польшчы. Калі ў 1518 годзе маскоўскія войскі ўзялі Полацк у аблогу, то, паводле легенды, каралевіч з’явіўся на воблаку і паказаў літоўскім ваярам брод праз Дзвіну. Рыцары дзякуючы гэтаму паспелі на дапамогу палачанам і прагналі маскоўцаў.

Памяць пра рыцарскія традыцыі жыве дасюль на Літве
Народная майстрыха са сваймі рознакаляровымі вырабамі-лялькамі

На сёлетнія Казюкі ў Вільню зʼехаліся сотні народных майстроў, якія прадавалі самыя разнастайныя вырабы – ад лазовых кошыкаў да каляровых вышыванак. Традыцыйна на кірмаш прыязджаюць таксама беларусы. Сёлета гандляры з нашай краіны прадавалі на Казюках, да прыкладу, акуляры па € 10. Прычым пакупнікоў прываблівалі надпісам на трасянцы: «Зроблено в Беларуси». Прадаўцы пацвердзілі, што прыехалі з Воршы.

«Зроблено в Беларуси» – гэтак напісалі гандляры з Воршы

Іншая майстарка з Беларусі прадавала магніты з беларускім арнаментам, напісаўшы на беларускай лацінцы, што рэчы вырабленыя ў «Vasilkovaj majsterni».

«Vasilkovaja majsternia» прапаноўвала вырабы з беларускім арнаментам

 

іншыя запісы
Каментары