Александр Федута Фраў А. і містар Б.

паліткансультант

Вярніце Зімоўскага! Ён быў, прынамсі, разумны, цынічны ды цікавы. Таму – вярніце Зімоўскага!

Вярніце Замяталіна!

З ім немагчыма было згаджацца, ён падаваўся ворагам усяго беларускага і, магчыма, да пэўнай ступені быў ім – прынамсі, у разуменні апанентаў, але ў яго, прынамсі, быў пункт гледжання, які быў сэнс аспрэчваць.

Вярніце Пяткевіч!

Кажуць, калі яна плавала ў басейне, ёй у галаву прыходзілі думкі. Значыць, яна ўсё-ткі была ў стане думаць?

Вярніце, нарэшце, Макея!

Як – Макей яшчэ не сыходзіў? Ці гаворка ідзе пра розных Макеяў? Я маю на ўвазе таго, супраць якога выгаворвалі ў мяне ў «амерыканцы» 2010-2011 г. паказанні і якога, нягледзячы ні на што, было шчыра шкада. Бо тады ён падаваўся асобаю. Цяперашні ж Макей нават жалю не выклікае, настолькі нікчэмныя ягоныя намаганні апраўдаць тое, што апраўдаць немагчыма…

Што адбываецца з краінаю? Чаму адзіныя адмыслоўцы, што засталіся на службе ўлады, – гэта акурат тыя, функцыя каторых – стукаць па галовах дубінкамі?

Я не пазнаю Лукашэнку. Цягам усіх гэтых год ён быў кім заўгодна, толькі не ідыётам. Калі ён верыць у тое, што ўсе гэтыя фільмы пра фрау А. зрабілі хоць крыху прафесійна, то ён – містар Б. – той, фільм пра якога калісьці таксама паўстаў на «Беларусьфільме»… Ну хлопчык з драўляным носам. Драўляны такі. Памятаеце? Толькі пасівелы, пафарбаваны амаль бронзавым лакам, які здаўся на літасць Карабаса-Барабаса.

У мяне пытанне да Паўла Якубовіча. Павел Ізотавіч, Вы ж калісьці былі адмыслоўцам экстра-класа. Ці сапраўды прэзідэнта лічаць да такой ступені драўляным, што яму паказваюць усё гэтае фуфло? Ці толькі нам паказваюць?

Добра. Дапусцім, што – так. Дапусцім, што замест лідара дзяржавы намі кіруе Бураціна. І толькі тады можна паверыць у тое, што пасля ўсіх гэтых баек пра «Белы Легіён», пра намётавыя гарадкі ў менскім мікрараёне «Зялёны Луг», пра лагеры баевікоў ва Украіне, пасля свядомай палітызацыі кожнага следства і кожнага суда на Захадзе нам дадуць нейкія грошы?!

«Нам» – гэта не мне. «Нам» – гэта краіне.

А… Вы ўжо на гэта не спадзеяцеся. Вам ужо напляваць. Вы ўжо атрымалі сваю капейку з Расеі, таму можна зноўку раскручваць інфляцыю і тварыць глупствы… Ну дык рабіце гэта прынамсі весела, з прысвістам, як рабілі гэта Зімоўскі, Замяталін, Пяткевіч, і, здаецца, усё ж такі Макей, які некуды зліняў! Яно не дапаможа, але і не так гідка будзе глядзець. Усё ж такі – не Давыдзька.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары