Александр Федута «Фрау, а, фрау А., – открой личико…»

паліткансультант

Ці ўсе ўжо ўсцешыліся спыненню справы «Белага Легіёну»? Выдатна. Цяпер давайце хоць нешта ў гэтай краіне давядзем да канца.

Я пра загадкавую «фрау А.», паводле паказанняў якой, як я разумею, часткова грунтавалася следства ў момант найвышэйшага свайго ўзбуджэння. Маўляў, вось, прыйшла дама і перадала нашай амбасадзе (ці не амбасадзе?) інфармацыю, ад якой усё і пайшло-паехала. Як у школьнай задачы пра дзве трубы – у адную ўцякае, з другой выцякае. У дадзеным выпадку задачу вырашыць трэба – інакш грош цана ўсім гэтым журналістам.

Таму пытанне першае: у якую дакладна амбасаду прыйшла загадкавая «фрау А.»? Спіс адказных супрацоўнікаў на сайце амбасады павінен быць – а ўжо ў аддзеле кадраў МЗС дакладна, дык хто дапусціў гэтую малавядомую асобу на ахоўную тэрыторыю, Уладзімір Макей дакладна ведае. Хай адкажа – хто.

Пра падпалы нашых амбасадаў нічога не было чуваць, таму кніга, у якой фіксуюцца ўсе (!!!) наведнікі, там напэўна захоўваецца. І значыць, у кнізе дадзеныя загадкавай фрау таксама павінны былі зафіксаваць. Хай МЗС іх прад’явіць. Мне тут запіс у касцельнай кнізе хрышчэння Фадзея Булгарына неяк трэбы было знайсці – знайшоўся, уяўляеце? А тут, усё ж, часу менш прайшло.

Далей варта падаць пазоў пра абарону гонару і годнасці да гэтай мілай паненкі. Калі яна існуе (!!!), яна напэўна адкажа, што нічога канкрэтнага ні пра каго яна не паведамляла.

Тады паўстае пытанне правамернасці дзеянняў тых, хто распачаў крымінальную справу адносна асобаў, якія відавочна пацярпелі ў выніку неправамоцных следчых дзеянняў (калі яны сапраўды былі неправамоцнымі – а вось пра гэта мусіць публічна і пісьмова адказаць пракуратура – бо існуе той яе супрацоўнік, які выдаваў санкцыю на арышт, скажам, Лазоўскага? Чым ён кіраваўся? Якія дадзеныя яму прад’явілі? І чаму гэтых дадзеных было дастаткова для арышту, але недастаткова для суду. Ну цікава ж?

Мне таксама цікава.

Зрэшты, беларускую частку гэтага сюжэту, баюся, пры цяперашняй уладзе публіцы не раскрыюць. Але гісторыю з фрау А. – даводзьце да канца, хлопцы. Белтэлерадыёкампанія, напрыклад, згодна з законам, павінна правяраць інфармацыю, якую выпускае ў эфір. Якім чынам яе супрацоўнікі правяралі, ці адпавядае рэчаіснасці ліст фрау? Ці існуе гэты тэкст, які быў у той момант следчай таямніцай? Хто прад’явіў яго журналістам з БТРКа? І гэтак далей.

Гучыць крыху як здзек, вядома. Але нагадаю: у 2010 годзе Дашкевіча і Лобава пасадзілі на падставе скаргі асобаў, якія знаходзіліся ў суседнім пакоі і не выходзілі ў залу паседжанняў. Каб журналісты іх не ўбачылі, пацярпелых гэтых. Фрау А. пацярпелай не была.

Пацярпелымі апынуліся «легіянеры». Яны маюць поўнае права дамагацца пакарання паклёпніцы паводле законаў той краіны, дзе яна жыве.

Або – пакарання супрацоўнікаў беларускага МЗС, якія раптам (!!!) страцілі ўсю інфармацыю пра падазроную цётку, якая спрабавала ўзвесці паклёп на мірных нашых суграмадзянаў.

У першым выпадку хай адказвае яна, у другім – архітэктар беларускай адлігі спадар Макей. Дакладней, яго падначаленыя. Ці – ці. Яно, верагодна, непрыгожа выглядаць будзе: мала хто з урадоўцаў так шчыра стараўся, каб «легіянераў» выпусцілі як мага раней, і нават дамогся гэтага. Але міністр па справах лібералізацыі павінен зразумець і нас: яго ж ведамства будзе і надалей заставацца крайнім, калі фрау А. не знойдуць.

«Жэншчыну» у студыю! Толькі хай гэтая Гульчатай усё ж «откроет личико».

іншыя запісы
Каментары