Максім Чыгунка «Это Родина моя»: з анталогіі расейскага фашызму

публіцыст

Аўтары новага расейскага патрыятычнага гіта – плагіятнікі? Ва ўсялякім разе, песня выклікае выразныя асацыяцыі.

Нядаўна ў сеціве з’явіўся відэазапіс песні ў выкананні двух расейскіх артыстаў Пятра Матронічава і Вікі Цыгановай. Спевакі назвалі песню «сваім адказам НАТО». Праз відэа баяніст Пятро Матронічаў заклікаў «заходніх партнёраў», каб тыя вучылі гісторыю і геаграфію, без якіх інтарэсаў Расеі нельга зразумець.

Спяваюць выканаўцы і пра тое, што іхная радзіма не абмяжоўваецца тэрыторыяй сучаснай Расеі, а цягнецца ад Аляскі да Адэсы. Славянск і Луганск – гэта таксама радзіма спевакоў, хоць гэтыя гарады, прынамсі ў тэорыі, належаць суседняй краіне. На шчасце для беларусаў, расейскія музыканты не сцвярджаюць, што іх радзіма – гэта Магілёў ці горад-герой Берасце. Аднак, невядома, ці аднойчы не прыйдзе ім у галаву зноў пашыраць сваю «Айчыну».

«Сам кліп мы б назвалі «класікай жанру». Мы пастараліся зрабіць яго ў лепшых традыцыях тэатральнай школы Станіслаўскага», – напісала ў сваім блогу Віка Цыганова. Паводле яе, у кліпе ёсць «4 розныя тыпажы – ад шматдзетнай маці да палітыка, усяго 3 пакаленні. Але ўсе яны носьбіты адной культуры, адной і той жа ідэі». Да гэтай культуры належыць расейскі обер-зомбі – былы шэф данецкіх сепаратыстаў Павел Губараў, які ў кліпе скаліць зубы ў зласлівай ухмылцы.

Адзіная культура, адна ідэя аб’яднання пакаленняў? І гэтыя кадры, якія пераносяць гледача ад адной асобы да групы, якая крычыць адну песню ў такт музыцы, якая павялічвае тэмп. Зараз, гэта нічога вам не нагадвае? Мне здаецца, што я гэта калісьці недзе чуў.

Цяжка пазбегнуць уражання, што гэтыя два кліпы зрабіў адзін і той жа рэжысёр. «Tomorrow belongs to me» – «Заўтра належыць мне» – гэта песня з фільму «Кабарэ», які распавядае пра прыход да ўлады Гітлера. Падзеі ў стужцы вельмі нагадваюць тое, што цяпер адбываецца ў Расеі. Патрыятычная істэрыя, нарошчванне вайсковай моцы, захоп чарговых земляў пад кіраўніцтвам маскоўскага фюрэра, абмежаванне свабоды сходаў і прэсы ды накручванне спружыны нянавісці ў дачыненні да суседняга народу прымушае сурёзна задумацца, ці не ідзе Расея шляхам Нямеччыны 30-х гадоў.

На такія думкі, да таго ж, наводзяць словы галоўнага героя фільму, якога зайграў Майкл Ёрк. Ён, услухаўшыся ў істэрычную песню пра дзяцей, якія чакаюць знаку ад сваёй айчыны, запытаў у графа фон Хойне: «Вы лічыце, што будзеце ў стане іх кантраляваць?».

Таму, цытуючы «патрыёта-баяніста», хочацца параіць: «Вучыце гісторыю, расейцы».

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары