Зміцер Ягораў Дзяржава забівае людзей

рэдактар belsat.eu

За мінулы тыдзень нашая дзяржава забіла двух асобаў. Прынамсі, пра столькі забойстваў мы ведаем. Гэта не суд так вырашыў, так склаліся абставіны. Адзін пагражаў пісталетам дзяўчыне, другі – спрабаваў зарэзаць міліцыянта. Абодва атрымалі кулю.

Праверка мае высветліць, ці слушна міліцыянты выкарысталі зброю. Але не трэба быць экспертам ці відавочцам, каб ужо сёння здагадацца, якімі будуць вынікі праверкі. Нават калі профі з «Алмазу» мелі іншыя варыянты, акрамя кулі ў лоб. Мелі права. Маглі. Зрабілі. Забілі.

Гэта выпадкі, якія маюць розгалас, якія абмяркоўваюць у транспарце і сярод калегаў. Але дзяржава працягвае забіваць без перапынку – руцінна, з мінімумам сведкаў ды з прыхоўваннем целаў.

«Асуджанаму завязваюць павязкаю вочы, каб ён не арыентаваўся ў прасторы і ўводзяць у суседняе абсталяванае памяшканне, дзе яго ўжо чакае выканаўца з пісталетам нагатове. Паводле сігналу выканаўцы двое працаўнікоў перад адмысловым шчытом-куляўлаўнікам апускаюць асуджанага на калені, пасля чаго выканаўца страляе яму ў патыліцу»*. Так забівае дзяржава. У 1998 годзе суды вынеслі ажно 47 смяротных выракаў. За апошнія 20 гадоў дзяржава забіла не менш за 200 асобаў. 

Прыхільнікам дзяржаўных забойстваў пэўна не падабаецца такая фармулёўка. Бо нібы правільна трэба казаць «смяротнае пакаранне». Пакаранне – «захада ўздзеяння за зробленае злачынства» паводле слоўніка. Чарговае слова – «уздзеянне».

Любое ўздзеянне мае прынесці нейкі эфект ды паўплываць, напрыклад, на чалавека. Толькі ўздзеянне кулі на патыліцу мае такі ўплыў, што аб’екту ўздзеяння больш няма, і эфект – нулявы. Гэта – помста. Дзяржава мае права на помсту. І можа гэта зрабіць – забіць. І забівае. І пры гэтым закрывае рот сведкам і выканаўцам, хавае месца і час забойства, хавае цела.

…Забітых кладуць у поліэтыленавыя мяшкі і закапваюць. Удумайцеся – 200 мяшкоў з забітымі за 20 гадоў. Можа – на могілках. Можа – у лесе пад Менскам, дзе вы ўчора збіралі грыбы. Можа і там, і там, засыпаныя зямлёю, ляжаць забітыя забойцы. Невыключана, што невінаватыя таксама. Але кожны з іх мае свайго забойцу. І адмову ў памілаванні.

P.S.: Беларускія праваабаронцы абвесцілі старт Тыдню супраць смяротнага пакарання. На старонцы праваабарончага цэнтру «Вясна» можна даведацца пра запланаваныя мерапрыемствы ды далучыцца да больш як 15 тысячаў інтэрнаўтаў, што падпісалі петыцыю супраць забойстваў паводле выраку суда.

* – вытрымка з кнігі Алега Алкаева «Растрэльная каманда».

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары