Зміцер Ягораў «Мы іх душылі-душылі…»

рэдактар belsat.eu

Беларуская дзяржава не ўмее кантраляваць інтэрнэт. Каб гэта рабіць, як Кітай, рэсурсаў няма. Ды што там – і мазгоў трэба пабольш. Затое беларуская дзяржава ўмее кантраляваць чалавечую адзінку. Там усё проста: міліцыянт з дручком-пратакол-суд-штраф. Ці крымінальная справа-суд-адсідка. Шмат розуму не трэба.

Уласна праз гэта і распачалася гісторыя з папярэджаннямі на адрас сайтаў. «Тузін Гітоў», музычны партал – распаўсюджвае «непраўдзівую інфармацыю, якая можа нашкодзіць дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам»! Якая песня нясе такую пагрозу, што ажно цэлы міністр Ананіч падпісала пастанову?

А гэта няважна! Дзяржаве трэба ведаць імя ўладальніка. Навошта? Адказ просты: праткол-суд-штраф. У лепшым выпадку.

Такія самыя «лісты шчасця» атрымалі рэдакцыі сайтаў ucpb.org (прыхільнікі АГП), freeregion.info (актывісты з Полацку) і нашыя калегі з Радыё Рацыя (якія ўвогуле фармальна з’яўляюцца СМІ, зарэгістраваным у Польшчы).

Калі міністр Ананіч знайшла крамолу на музычным партале, то што ўжо казаць пра актывістаў, партыйцаў і «нячэсных» журналістаў?

«У класічным уяўленні асобы, што цярпяць на параною, маюць нездаровыя падазрэнні, схільныя бачыць у выпадковых падзеях проіскі ворагаў, выстройваць складаныя тэорыі змоваў супраць сябе, з захаваннем лагічнасці мыслення», – так апісваюць класічную параною ў Вікіпедыі. У медычных даведніках – падобна, толькі больш тэрмінаў.

Так што мы назіраем класічны выпадак дзяржаўнай параноі за подпісам міністра Ананіч. Бо ў лістах ад міністэрства фармальна захаваная логіка мыслення. Але калі агулам паглядзець на сітуацыю – трызненне трызненнем.

Міністэрства знайшло шкодную інфармацыю. Але якую, дзе, у якім абзацы ці на якой хвіліне песні – нікому не распавядае. Бо трэба ж спачатку даведацца, хто фармальна ўладальнік сайта. Каб далей можа было па накатанай: пратакол-суд-штраф/турма.

З падобным сустракаўся і «Белсат». У нашай рэдакцыі на сцяне вісіць позва ў Вярхоўны суд, адрасаваная «гражданину Телевизья польска спулка акцийна» (трызненне і правапіс захаваныя). «Ліст шчасця» ад Ананіч нас бы не здзівіў, але пакуль што працаўнікі міністэрства разбіраюцца з іншымі «ворагамі».

Для міністра Ананіч і яе апарату мы маем кепскую навіну. Параноя, на жаль – пажыццёвы хранічны стан. Лячыць можна, вылечыць – не.

А нашым гледачам прапаноўваем прафілактычна спампаваць «Таблетку ад цэнзуры». Яна ўратуе вас ад наступстваў чарговага абвастрэння дзяржаўнай параноі.

іншыя запісы
Каментары