Александр Федута Дэкрэтныя пакуты недаробленай улады

паліткансультант

Што адрознівае дарослага чалавека ад дзіцяці? Самастойнасць. Ён цалкам адказвае за свае ўчынкі. Адказвае свядома: прызнае памылкі, разумее неабходнасць іх выпраўлення. Дзіця – чым меншае, тым больш – настойвае на тым, што яно мае рацыю, не прыслухоўваецца да ніякіх аргументаў. Адзіны аргумент – слёзы, гістарычны крык, спробы ўдарыць дарослага (маму, тату, бабулю – бабулю часцей, бо даруе).

Цягам цэлага тыдня беларуская ўлада паводзіць сябе нібыта дзіця, калі не ясельнага, то малодшага школьнага ўзросту. Яна не спрабуе стукнуць, але ўсімі магчымымі спосабамі намагаецца паказаць, што мае рацыю, нават калі ўчыніла відавочнае глупства.

Кіраўнік кажа: Дэкрэт №3 адмяняць не будуць, але да канца месяца мы яго адкарэктуем, але да канца года падатак «на дармаедаў» спаганяць не будуць, але чыноўнікі павінны ведаць, што ён працягвае дзеяць з папраўкамі.

Ці хто-небудзь зразумеў, што ён сказаў? І галоўнае: тыя, каго ў сацыяльных сетках ужо назвалі ідыётамі, і хто заплаціў гэты праславуты падатак, – яны вернуць свае грошы паводле «скарэктаванага» дэкрэту ці не?

Галоўны рэдактар прэзідэнцкай газеты, натоўп дэпутатаў і фрыкаў, што свята абслугоўваюць пазіцыю ўлады, чыноўнікі рознага ўзроўню кажуць: у Курапатах трэба было ўсталяваць нацыянальны мемарыял смутку.

Найшырэйшая грамадскасць «за». Забудоўшчык кажа: «Я таксама «за»!» – і выводзіць са спрэчнай (чамусьці спрэчнай!) зоны тэхніку і прызнае такім чынам маральную рацыю тых, хто адстойваў гэты «пятачок» зямлі. У той жа час тых, хто прымусіў вярнуцца да абмеркавання лёсу Курапатаў – прымусіў праз публічную дэманстрацыю сваёй нязгоды, цалкамі мірна, нават не заклікаючы да звяржэння ўлады – хапаюць, штрафуюць, саджаюць на «содні».

Хлопцы, ці вы з глузду з’ехалі? Калі яны адстойваюць права нацыі памятаць пра свае ахвяры, то яны маюць рацыю – і якія ўжо тут штрафы ды «содні»? Калі яны не маюць рацыі, то чаму шматлікія дзерманты ды чаргінцы, а таксама больш сурёзныя людзі раптам пачынаюць паўтараць іхныя словы пра нацыянальную трагедыю 1930-х?

Не трэба ківаць на закон! Цану вашага закону вызначылі вы самі, спадарства ўлада, сваймі сістэматычнымі яго парушэннямі. Вы кажаце пра неабходнасць падумаць наконт магчымасці весці дыялог. Мікола Статкевіч пасярод плошчы атрымлівае ад тых, хто сабраўся, паўнамоцтвы распачаць з вамі гэты самы дыялог. У адказ тэлебачанне, што належыць вам, дэманструе ананімны (ці гэтым разам назвалі аўтараў гэтай бяздарнай падробкі? я не бачыў) фільм «Званок сябру», у якім вядзецца пра тое, што першы апанент, які пагадзіўся з вамі размаўляць, – дрэнны! Дык кожны апанент – дрэнны. Бо ён не згодны з вамі. Дык як тады жыць?

Ну, добра. Гэта – унутры краіны. Але ж ёсць і міжнародная, так бы мовіць, арэна. Вы падпісалі дамову пра стварэнне так званай Саюзнай Дзяржавы. Паводле ўстаўных дакументаў вы павінны сустракацца на вышэйшым узроўні раз на год, каб зацвердзіць бюджэт. Рэшту пытанняў можаце таксама разглядаць, але гэтае – проста кроў з носу! І ў той момант, калі час ужо падпірае, старшыня Вышэйшага дзяржаўнага органа кажа публічна: нам трэба тры-чатыры пытанні падрыхтаваць, каб іх ужо прыняць напэўна!

Што за тры-чатыры пытанні? Там чорным па беламу напісана: бюджэт зацвярджаюць! Рэшту пытанняў можна праз тэлефон узгадніць, але гэтае трэба асабіста. Ці ўжо і бюджэту няма? Тады распускайце шарашку.

Наагул, паслядоўнасць сямігадовага малога, які хіба яшчэ і Карлсана не прыдумаў, каб спісаць на яго ўласныя памылкі.

Што ж рабіць?

Дарослы чалавек сказаў бы: «Дэкрэт адмяняем як невыканальны, бессэнсоўны, што б’е па рэпутацыі ўраду краіны ў вачах выбаршчыкаў». Дарослы чалавек сказаў бы: «Дзякуй, хлопцы, за тое, што засаромілі нашых чыноўнікаў, якія справакавалі супрацьстаянне вакол месца смутку».

Дарослы чалавек сказаў бы: «Хрэновы ты мужык, Статкевіч, і да таго ж маргінал, але – усё ж грамадзянін сваёй краіны, таму вось табе фармат будучага «круглага стала». Хочаш? Прыходзь і садзіся. Не хочаш? Знойдзем, з кім паразмаўляць без цябе». Дарослы чалавек сказаў бы: «Задзяўблі мяне гульні на палітычным полі інтэграцыі, пераходзім у рэжым звычайнага ўзаемнага гандлю без прэферэнцыяў, на аснове дакладных разлікаў».

Але – не. Улада паводзіць сябе як недалетак дваранскі. Прыгонных збіваць можна, а вось за свае справы адказваць – дудкі! Дваццаць тры гады. Можна было ўдасканаліць механізм прыняцця рашэнняў, каб адсяваць напэўна дурныя, бессэнсоўныя, бескарысныя. Не ўдасканалілі. Не дарабілі. Недаробленая ўлада ў нас. І адказваць за свае рашэнні яна не хоча.

Аляксандр Фядута,  belsat.eu

іншыя запісы
Каментары