Зміцер Ягораў Чыж, свінні, людзі і жывая скварка

рэдактар belsat.eu

Аляксандр Лукашэнка пяць гадоў таму абяцаў беларусам рэвалюцыю ў свінагадоўлі. Жыхары Маладзечна і навакольных вёсак яе неўзабаве атрымаюць. Два гіганцкія аўтаматызаваныя свінакомплексы на 100 тыс. галоў кожны каля Маладзечна – гэта бомба запаволенага дзеяння.

На Астравеччыне будзе АЭС па расейскіх тэхналогіях з эксперыментальным рэактарам (жахне-не жахне?), а маладзечанцы атрымаюць свае два «рэактары», якія будуць жахаць штодня без выходных, 24 гадзіны на содні. Паводле спраўджанай дацкай тэхналогіі.

Вы не задумваліся, чаму Беларусь бярэ з Захаду найгоршае? Цяпер у Еўропе бум на экалагічны лад жыцця, экалагічную ежу. У краме можна купіць яйкі ад «шчаслівай курыцы» – гэта той, што не сядзіць на птушкафабрыцы ўсё сваё жыццё ў адной позе ў клетцы пад святлом лямпачкі, а той, што рэгулярна бегае сабе на выгане на свежым паветры. А тыя дацкія і галандскія тэхналогіі ў свінагадоўлі, што прыйшлі ў Беларусь, выглядаюць вось так:

Гэта сапраўдныя фабрыкі мяса, з максімальнай аптымізацыяй. Усё – дзеля прывагаў і найбольшага прыбытку. Вам падаецца: што тут такога? Есці даражэйшае мяса ад «шчаслівай» свінні ці нашмат таннейшае – вось ад такой нешчаслівай? Калі хочаце, адкінем спрэчкі аб маральнасці, а ўявім, што свіння – гэта адразу скварка, якую трэба вырасціць.

Скварка ўсё жыццё праводзіць у свінарніку са сталаю тэмператураю паветра, у сталым штучным асвятленні. Скварка не можа ўцяміць, калі дзень, а калі ноч, калі лета, а калі зіма. У арганізме скваркі пачынаюцца збоі, у асноўным барахліць імунная сістэма. Таму скварку нашынкоўваюць антыбіётыкамі. Прэвентыўна, нават калі яна не захварэе, бо заразную хваробу аднаго асобніка на такой фабрыцы скварак дапусціць нельга – імгненна пачнецца масавая эпідэмія.

Каб скварка расла хутчэй, ёй даюць цудоўную збалансаваную ежу з усімі патрэбнымі вітамінамі і мінераламі. І нават больш! Памятайце, што гэта бізнес, таму корм не можа быць варанаю бульбаю з гарбузом, як гэта бывае ў вёсцы. Корм для скваркі не мусіць псавацца, таму туды дадаюць трошачку кансервантаў. Да што трошачку – каб напэўна не сапсаваўся! Ну і гармонаў росту варта дадаць, каб скварка расла хутчэй нам усім на радасць.

Перавараны корм рэгулярна выходзіць з задняга праходу скваркі. Скварак – 100 тыс штук, таму лайна будзе не проста шмат, а ВЕЛЬМІ ШМАТ. Недзе 8 чыгуначных цыстэрнаў на дзень (разлікі).  Лайно вывозяць у гіганцкія яміны, засланыя поліэтыленам. Яміны маюць прыгожую назву – лагуны. Толькі птушачкі такія лагуны, насычаныя астаткамі гармонаў, антыбіётыкаў і кансервантаў, не любяць. Праз корку засохлага лайна прабіваюцца пары аміяку, серавадароду ды іншых газаў. Шмат, вельмі шмат газаў.

«Не дыхайце, праязджаем Маладзечна!» – вось што вы неўзабаве пачуеце ў гэтых краях.

Вы яшчэ марыце пра танную скварку паводле дацкіх тэхналогій? Забудзьце! 90 % гэтых скварачак паедзе да братэрскай Расеі, якая ўжо да гэтага інтэнсіўна рыхтуецца і самаабклалася эмбарга. Там скварку можна прадаць даражэй, бізнес! А вам, абарыгены, застануцца лагуны, поўныя лайна. І пару дзясяткаў працоўных месцаў на фабрыцы скварак (аўтаматызацыя ж!).

Бізнесовец Юрый Чыж нездарма любіць пакасіць траву з Аляксандрам Лукашэнкам. Так можна дамовіцца ды ўляпіць проста ў сэрцы сталіцы бетонную гаргару. І ўзначаліць свінскую рэвалюцыю – не проста так, дзеля прыгажосці, а бо справа верная: за год пагалоўе свінняў у Беларусі зменшылася з 4 да 3 млн. Нават калі Расея не купіць – свае з’ядуць.

іншыя запісы
Каментары